Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНА ЎВЯЛА БОЛЬШ ЖОРСТКІ РЭЖЫМ ПРОПУСКУ НА МЯЖЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Гомельскім памежнікам, што ахоўваюць беларуска-ўкраінскую мяжу, вядомыя зьмены ў суседзяў. Паводле інфармацыі начальніка аддзелу памежнага кантролю падпалкоўніка Івана Бандарэнкі, новыя правілы дасланыя ў атрад зь Міністэрства замежных справаў.

Зараз украінцы нават грамадзянам Беларусі ў пунктах памежнага пропуску ў пашпарце ставяць штамп "Уезд –– Выезд". Інфармацыя пра чалавека і ягоныя пашпартныя зьвесткі заносіцца ў адпаведны рэестар.

Гамельчукі сьцьвярджаюць, што пасьля такой рэгістрацыі мяжу беларусам можна перасякаць штодня. Аднак праз тры месяцы ўкраінскія памежнікі зробяць паўторную рэгістрацыю.

На думку падпалкоўніка Бандарэнкі, беларускаму боку няма сэнсу ўводзіць падобны парадак да грамадзянаў Украіны. У нас адкрытая мяжа з Расеяй, і ўкраінцы могуць трапіць у Беларусь і праз суседнюю дзяржаву.

Адзінае, што патрабуюць беларускія памежнікі ад украінцаў, — каб былі пашпарты. Калі дакумэнтаў няма, на мяжы высаджваюць нават дробных гандляроў, якія едуць у Беларусь прадаваць харчы і шмат чаго з прамысловых вырабаў.

Парадак на мяжы, на меркаваньне гомельскіх памежнікаў, можна палепшыць ня столькі праз штампы ў пашпартах, колькі праз адкрыцьцё спрошчаных пунктаў пропуску.

З украінцамі падпісалі дамову стварыць 14 такіх пунктаў у Гомельскім рэгіёне. Але рэальна на мяжы дзейнічаюць пакуль толькі два — у Аляксандраўцы Нараўлянскага раёну і ў Новай Іолчы Брагінскага раёну. Зь беларускага боку падрыхтаваныя яшчэ тры такія пункты — у Добрускім, Гомельскім і Лельчыцкім раёнах, аднак украінцы са свайго боку пераходаў яшчэ не абсталявалі.

Шмат прэтэнзіяў да памежнікаў у жыхароў Лоева. Да Ўкраіны, дзе жывуць родзічы многіх лоеўчан, літаральна 300 мэтраў — праз Днепр. Але каб трапіць ва Ўкраіну, трэба ехаць ажно за сотню кілямэтраў, да Гомеля. Такія абставіны й вымушаюць нават прыстойных грамадзянаў шукаць на мяжы таемных сьцежак.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG