Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ ПРЫЗНАЛА, ШТО ЗА АПОШНІЯ ГАДЫ ТАЛІБЫ НЕКАЛЬКІ РАЗОЎ СПРАБАВАЛІ СКРАСЬЦІ ЯЕ ЯДЗЕРНЫЯ САКРЭТЫ


Віталь Цыганкоў, Прага

Расейцы прызналі, што была як мінімум адна страта расшчапляльных матэрыялаў, што эмісары Талібану намагаліся наняць расейскіх навукоўцаў, што было як мінімум дзьве спробы тэрырастаў весьці назіраньне за сакрэтнымі расейскімі ядзернымі сховішчамі.

Негледзячы на сур’ёзныя паляпшэньні у расейскай ядзернай бясьпецы за апошнія гады, некаторыя зь якіх, дарэчы, ажыцьцёўленыя на амэрыканскія грошы і парады, дасюль да паловы расейскіх ваенных і цывільных арсэналаў з матэрыяламі для ядзернай зброі добра не абароненыя. У Актаў у Казахстане тона плутонія ды дзьве тоны высокаўзбагачанага ўрану знаходзіцца каля зачыненага рэактара. Украіна, якая мае 17 ядзерных рэактараў і адзін дасьледчы, выклікае на Захадзе самую сур’ёзную заклапочанасьць з-за высокага ўзроўню злачыннасьці і карупцыі. На мінулым тыдні Турцыя аб’явіла, што сарвала спробу кантрабандыстаў прадаць 1 кіляграм высокаўзбагачанага ўрану за 750 тысячаў даляраў пераапранутаму афіцэру спэцслужбаў. Злачынцы заявілі, што гэтыя матэрыялы яны купілі некалькі месяцаў таму ў расейскага грамадзяніна азэрбайджанскага паходжаньня.

Прадстаўнікі Міжнароднага Агенцтва Атамнай Энэргіі (МАГАТЭ) выказваюць вялікі скептыцызм наконт заявы Ўсамы бін Лядэна, нібы ён валодае ядзернай зброяй. Зь іншага боку, улічваючы стан сыстэмы аховы ядзерных матэрыялаў у краінах былога Савецкага Саюзу, рост прафэсіяналізму кантрабандыстаў і адносную лёгкасьць вытворчасьці прымітыўнай ядзернай зброі, яны нічога не выключаюць.

Адмыслоўцы МАГАТЭ выказваюць усё большую заклапочанасьць тым, што патэнцыйныя тэрарысты-самагубцы могуць стварыць гэтак званую “брудную бомбу”, загарнуўшы туды радыеактыўныя матэрыялы з мэдыцыны і прамысловасьці, якія больш лёгка скрасьці. І далей раскідаць іх у паветры з дапамогай звычайнай бомбы альбо, напрыклад, дынаміту. Такі выбух зробіць вялікія раёны гарадоў немагчымымі для пражываньня на многія гады.

Расейскія чыноўнікі заяўляюць, што іхнія расшчапляльныя матэрыялы знаходзяцца пад строгім кантролем. Аднак усяго 10 дзён таму, у дыскусіі з прадстаўнікамі ААН, якія наглядаюць за ядзернымі праграмамі, Юры Валодзін, кіраўнік дэпартамэнту бясьпекі расейскага агенцтва атамнай энэргіі, упершыню паведаміў, што за апошні год былі дзясяткі парушэньняў правілаў бясьпечнага захоўваньня і ўліку ядзерных матэрыялаў – парушэньняў, які маглі прывесьці да самых сур’ёзных наступстваў.

У мінулым месяцы генэрал-палкоўнік Ігар Валынкін, кіраўнік аддзелу ядзернай бясьпекі расейскіх узброеных сілаў, паведаміў, што сёлета двойчы расейскія войскі заўважалі сачэньне з боку тэрарыстаў за сакрэтнымі сховішчамі ядзернай зброі, аднак не паведаміў, дзе. Таксама ў мінулым месяцы прадстаўніца Рады Бясьпекі Расеі Раіса Вдовічэнка сказала, што эмісары талібаў запрашалі аднаго з супрацоўнікаў інстытуту, які мае дачыненьне да ядзерных тэхналёгіяў, паехаць у іх краіну і працаваць там у гэтай сфэры. Трое зь ягоных калегаў ужо выехалі за мяжу, але невядома куды, – паведаміла Вдавічэнка.

Ёсць і прыклады спробаў пераправіць ядзерныя матэрыялы. Напрыклад, у студзені паліцыя Грэцыі знайшла звыш 200 крыніцаў радыеактыўнага заражэньня, захаваных у лесе злачынцамі, якія спрабавалі знайсьці пакупніка. У канцы 1998 расейцы паведамілі, што яны прадухілілі спробы арганізаванай злачыннасьці скрасьці 18 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану з ваеннага заводу ў Чалябінскай вобласьці.

Вышэйшыя прадстаўнікі МАГАТЭ ўсё яшчэ ня лічаць, што Ўсама бін Лядэн альбо нават нейкая дзяржава – Сырыя, Ірак ці Лівія – здольныя здабыць прыблізна 25 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану, які патрэбны для стварэньня самай простай бомбы. Але разам з тым, яны прызнаюць, што ня могуць сьцьвярджаць гэта напэўна.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG