Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕСЬ ШАТЭРНІК: “ПАКУЛЬ Я ВЫСЯКАЎ ПАГОНЮ – ХАТА ЗГАРЭЛА”


Міхась Скобла, Менск

Чалавек жыве ў крохкім, зьменлівым сьвеце. Праходзіць жыцьцё, плытчэе рака, парахнее хата. Час не запавольвае хаду, як ні ўмольвай: прыпыніся, імгненьне! Чалавеку ж карціць трапіць у адведкі да вечнасьці, адышоўшы ў нябыт, высьлізнуўшы з часовай абалонкі цела, хочацца паўстаць у больш трывалым матэрыяле — паспрабаваць увечніцца, як пісаў клясык, у "камні, жалезе і золаце". Сёньня з намі ў "Вольнай студыі" скульптар Алесь Шатэрнік, якому падуладныя і камень, і жалеза.

(Міхась Скобла: ) "Спадар Алесь, у прафэсіі скульптара шмат таямнічага, таму я прапаную пачаць з "азоў". Наш сусед у вёсцы неўзабаве пасьля вайны, маючы надзвычайную сілу ў руках, зрабіў сабе каменны сьвіран. Адмысловым молатам абчасаў і склаў камяні так, што сьцяна выглядала як суцэльная. А якая сучасная тэхналёгія апрацоўкі каменю?"

(Шатэрнік: ) "Скульптар перад тым, як пачынаць працаваць, вельмі ўважліва аглядае камяні, адбірае патрэбны -— каб на ім не было трэшчынаў і г.д. А тэхналёгія ды інструмэнты тыя самыя — долата, малаток, і, як той дзяцел, цюк-цюк — дзяўбеш камень. Што праўда, апошнім часам зьявіліся спэцыяльныя электрычныя машынкі, што дазваляе паскорыць працу. Даўней, калі вялізная глыба, як яе перавезьці? Настаўляліся кліны ў радок у прадзёўбаныя сантымэтраў на пяць дзіркі, і скульптар біў па іх, нібы граў на ксыляфоне. Калі ён добра абіраў напрамак — глыба расколвалася, атрымліваліся пліты.

Часьцей за ўсё скульптарамі выкарыстоўваўся мармур. Ён шмат дзе ў сьвеце ёсьць ---— знакамітыя карарскія, італьянскія мармуры. За савецкім часам да нас мармур трапляў з Уралу. Але ў самой Беларусі камянёў якасных хапае. Тыя ж валуны ледніковага пэрыяду -— цудоўны матэрыял для скульптара. У Мікашэвічах здабываюць добры камень. Але тамтэйшы кар'ер папсавалі падчас савецкіх новабудоўляў, зь мікашэвіцкага каменю рабілі гравій. А можна было б рабіць выдатныя манумэнты!"

(Скобла: ) "Днямі ў Полацку была ўсталяваная ваша скульптурная кампазыцыя "Крывічы", прысьвечаная заснавальнікам гораду. Я віншую вас з гэтай прыемнай і для вас, і, думаю, для ўсіх палачанаў, падзеяй. На цырымоніі адкрыцьця мэр Полацку паабяцаў неўзабаве выстарацца для гораду яшчэ адзін помнік — на гэты раз воінам-інтэрнацыяналістам (што, вядома ж, больш адпавядае ідэалягічным устаноўкам сёньняшняй беларускай улады). Як вам удалося паставіць у Полацку "Крывічоў"?"

(Шатэрнік: ) "Тут я мушу вам запярэчыць. У Полацку акурат быў зроблены націск на тое, што Полаччына — старажытная зямля. Полацкі мэр Уладзімер Тачыла робіць добрую справу, ён якраз выступае за тое, каб аднавіць векавечную спадчыну. Памятаеце, колькі спрэчак было наконт помніка Эўфрасіньні Полацкай? Але ж помнік ужо стаіць! Мэр хоча ўсталяваць у горадзе помнік Сімяону Полацкаму, ня толькі воінам-інтэрнацыяналістам, на які, дарэчы, палачане сабралі грошы.

Над "Крывічамі" сваімі я працаваў доўга. Не заўсёды скульптару шанцуе на ажыцьцяўленьне сваіх мараў. Жывапісцу прасьцей — узяў пэндзаль, фарбы, тканіну й пішаш. Я гісторыю Беларусі пачаў вывучаць яшчэ ў канцы 70-х гадоў, тады мінуўшчына многіх мастакоў вабіла.

Я зрабіў тры кампазыцыі, прысьвечаныя тром прабеларускім плямёнам: крывічам, дрыгавічам і радзімічам. У іх я ўбачыў паэтычную мэтафару. Кампазыцыі называліся: "Крывічы. Стыхія вады", "Дрыгавічы. Стыхія зямлі", "Радзімічы. Стыхія агню". З гэтых стыхій і ўтварылася Беларусь. Кампазыцыі я зрабіў з шамоту. Яны ў 1987 годзе выстаўляліся ў Полацку, там, у музэі, і засталіся. Тады ж я ў Полацку пазнаёміўся зь Мікалаем Мікалаевічам Ільніцкім, і ўжо тады мы зь ім марылі пра ўсталяваньне "Крывічоў" на гарадзкой плошчы. І вось у 2001 годзе наша мара зьдзейсьнілася".

(Скобла: ) "Вы ўжо каля чатырох дзясяткаў гадоў працуеце ў станковай і манумэнтальнай скульптуры. Вамі створаная цэлая галерэя выбітных дзеячоў нацыянальнага руху: "Рагнеда", "Вітаўт", "Мікола Гусоўскі", "Максім Багдановіч", "Якуб Колас" і вось цяпер -— "Крывічы". І гэта натуральна, калі гісторыя краіны ўвечненая ў скульптурных выявах.

Але што рабіць з помнікамі дзеячам, якія да гісторыі Беларусі маюць апасродкаванае, а то й зусім ня маюць ніякага дачыненьня, проста зьяўляюцца спадчынай мінулых эпохаў? Прыкладаў можна прывесьці безьліч — Жукаў у Слуцку, Леў Талстой у Полацку, Чапаеў у Горадні, Ленін у кожным райцэнтры... У незалежнай беларускай Беларусі яны маюць права на існаваньне?"

(Шатэрнік: ) "Гэта абсурд, калі Леніну замест адпалай гіпсавай рукі прымацоўваюць драўляную, як гэта было нядаўна на Берасьцейшчыне. І ўсё ж спэцыяльна я б помнікі не ламаў. Час усё расставіць па сваіх месцах. Я з павагай стаўлюся да скульптараў-калегаў, што ў свой час ляпілі савецкіх стодзіваў. Часам і сярод Ленінаў трапляюцца цікавыя работы. Дарэчы, многія зь іх зробленыя з гіпсу й бэтону, так што самі неўзабаве разбурацца. Вазьміце манумэнты часоў фашысцкай імпэрыі — там жа ёсьць сапраўдныя творы мастацтва. А эгіпэцкія фараоны — яны хто былі, барбары, тыраны? Прайшло некалькі тысячаў гадоў, і яны для нас найперш цікавыя як творы мастацтва.

Я разумею прагу да вольнага жыцьця, асабліва пасьля існаваньня ў савецкай імпэрыі. Я таксама прымаў удзел у мітынгах. Але рамантычныя настроі мінуліся, цяпер трэба больш талерантна ставіцца да гэтых рэчаў. Калі робіцца рэканструкцыя плошчы ці якога другога месца, то тады й трэба вырашаць лёс помнікаў. Вось помнік Леніну Манізэра на плошчы Незалежнасьці — яго мо й трэба было прыбраць, але яшчэ не прысьпеў час. Ён пасуе да гэтага архітэктурнага ансамблю. А калі будзе рэканструявацца плошча, то яго неабходна замяніць на помнік Незалежнасьці".

(Скобла: ) "Нядаўна былі Дзяды, многія людзі адведвалі магілы родных. Сотні людзей пры сьвятле сьвечак памянулі ў Курапатах тых, хто знайшоў там вечны супачын. Вы нярэдка атрымліваеце замовы на надмагільныя помнікі. Скажам, вы зрабілі надмагільлі Міхасю Ткачову, Генадзю Каханоўскаму, Анатолю Майсеню. Якім, на вашу думку, павінен быць мэмарыял у Курапатах?"

(Шатэрнік: ) "Яшчэ ў 1989 годзе, калі мы ставілі Крыж і шыльду "Пакутнікам Беларусі", мы думалі над тым, якім павінен быць мэмарыял. Але абставіны зьмяніліся, і сёньня тыя варыянты не падыходзяць. Сёньня неабходна выкарыстаць тое, што каля Курапатаў праходзіць кружная дарога, што многа людзей будуць праяжджаць міма.

Можна пусьціць дарогу па двух баках, як у Воўкавічах, гэта два кілямэтры ад Менску па берасьцейскай шашы. Там дарогай "абхоплены" матэль, ён апынуўся як на высьпе. Можна было б зрабіць, каб курапацкі лясны масыў таксама быў "абхоплены" двума рукавамі кружной дарогі. Зрабіць падземныя пераходы, каб людзі маглі прайсьці. І абавязкова трэба ў Курапатах узьвесьці Храм памяці бязьвінна загінулых.

Памятаю, у 1994 годзе, падчас афіцыйнага візыту ў Беларусь прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, была зь ім сустрэча ў Курапатах. Там была ўсталяваная мармуровая лавачка з надпісам "Народу Беларусі — ад амэрыканскага народу". Я вырашыў аддзячыць спадару Клінтану за павагу да нашых сьвятыняў і перадаў яму праз амбасаду невялічкую скульптурную выяву заступніцы Беларусі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Праз пэўны час мне з Вашынгтону прыйшоў падзячны ліст ад прэзыдэнта ЗША.

Калі я даведаўся, што ў Курапатах нейкія вандалы паламалі тую мэмарыяльную лавачку, мне зрабілася непамысна. Хлопцы з БНФ прывезьлі яе ў маю майстэрню, і я вырашыў яе адрэстаўраваць. Лавачка расколатая папалам, і мне будзе ня вельмі складана змацаваць яе. Цяпер я акурат займаюся яе аднаўленьнем. Пайшлі чуткі, што лавачку з Курапатаў скралі. Не, я заяўляю, што яна ў мяне. Думаю, што мы яе неўзабаве зноў усталюем на ранейшым месцы".

(Скобла: ) "Вы — прафэсійны скульптар, але займаецеся й жывапісам. Я памятаю, як у Мастацкім салёне праходзіла вашая выстава, дзе наведнікі з рук у рукі, нібы "лятучыя лісткі", перадавалі вашыя вершы. Паэзія — жывапіс — скульптура: гэтая мастацкая трыяда дазваляе вам цалкам выявіць сябе, ці, як натуры дзейснай, вам і гэтых трох відаў мастацтва недастаткова?"

(Шатэрнік: ) "Жывапіс — гэта двухмерная прастора, скульптура — трохмерная, паэтычнае слова выходзіць па-за межы гэтых прастораў і набліжаецца да чацьвертага вымярэньня — Боскага слова. Слова як бы пашырае творчы дыяпазон мастака. Муза скульптара — маўклівая.

Падчас апрацоўкі каменю даводзіцца разважаць з самім сабой пра тое, што ёсьць Час, што ёсьць Прастора, што ёсьць Бясконцасьць? Бясконцасьць — гэта прастора, якая пашыраецца й пераходзіць у час. Пашыраецца прастора — падаўжаецца час. Няма прасторы — няма часу. Прастора й час — гэта сьвятло. Скульптура дапамагае зразумець сутнасьць сьвятла. Сьвятло й цень ствараюць форму. Чалавек існуе на мяжы сьвятла й ценю. Чалавек малюе ценем, Бог малюе сьвятлом".

(Скобла: ) "Падчас адной з вандровак па Віцебшчыне, у ваколіцах Шаркаўшчыны, мы з дарогі ўбачылі незвычайны камень з насечанай на ім Пагоняй. Мясцовы дасьведчаны чалавек нам патлумачыў, што гэта незакончаная работа Алеся Шатэрніка. Ці завершылі вы тую каменную Пагоню?"

(Шатэрнік: ) "Я правёў каля таго каменя два мастацкія пленэры, прысьвечаныя Язэпу Драздовічу. Жывапісцы пісалі карціны, я дзёўб камень. Электрычнасьці там не было, так што ўсё прыходзілася рабіць уручную.

Памятаю, я толькі пачаў працу, як прыяжджаюць хлопцы й кажуць: у цябе хата гарыць! А там, за 150 кілямэтраў, у мяне лецішча. Я ўсё ж зрабіў апошні штрых і толькі тады паехаў. Хату тушылі вяскоўцы безь мяне, але не ўратавалі — згарэла. Дзякуй Богу — усе жывыя засталіся. Найбольш шкада было журавінаў — жонка назьбірала 10 вёдзер.

Наступным годам я зноў паехаў і працягваў сваю работу. Але яна да гэтай пары, на жаль, не завершаная. І ўсё ж я Пагоню на камені абавязкова дараблю!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG