Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО ДЗЯРЖАВА НАДАЕ ШМАТ УВАГІ ПРАЦАЎНІКАМ АДУКАЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшняе паседжаньне Другога зьезду настаўнікаў Беларусі было перанесенае з канцэртнай залі "Менск" у Палац Рэспублікі, бо галоўнай часткай праграмы быў выступ перад дэлегатамі Аляксандра Лукашэнкі.

Раніцай перад настаўнікамі выступіў міністар адукацыі Пётар Брыгадзін. Ягоны даклад меў назву "Сучасны стан і стратэгія разьвіцьця адукацыі на 2001–2010 гады". Пакуль спадар Брыгадзін казаў пра рэформу сыстэмы адукацыі ў Беларусі, якая павінна скончыцца да 2010 году, пра ўмацаваньне сацыяльнага статусу настаўніка ды іншае, дэлегаты чакалі асноўнага выступу.

Аляксандар Лукашэнка зьявіўся ў залі са спазьненьнем, а ягоная прамова замест адведзеных 40 хвілінаў расьцягнулася амаль на дзьве гадзіны.

Напачатку Лукашэнка заявіў, што нацыянальная адукацыя ёсьць вельмі важнай галіной дзяржаўнай палітыкі. Таму ён не дапусьціць, каб школьныя клясы і ўнівэрсытэцкія аўдыторыі сталі "месцам духоўнага разбэшчваньня моладзі". Дакладнага сэнсу гэтых словаў Аляксандар Лукашэнка не патлумачыў, але дадаў, што гэтая заява ня мае нічога супольнага з уціскам свабоды думак, бо наступ на свабоду супярэчыць чалавечай прыродзе.

Пасьля Аляксандар Лукашэнка пачаў абвяргаць інфармацыю пра тое, што большасьць студэнтаў, асабліва зь Белдзяржунівэрсытэту, прагаласавала на прэзыдэнцкіх выбарах супраць ягонай кандыдатуры. Пры гэтым ён запатрабаваў ад дзяржаўных СМІ, што займаюцца моладзевымі праблемамі, больш актыўна ўдзельнічаць у працэсе выхаваньня маладых людзей. У прыватнасьці, Лукашэнка запатрабаваў вярнуць у эфір Беларускага тэлебачаньня праграмы патрыятычна-адукацыйнага характару для школьнікаў і студэнтаў.

Пасьля Аляксандар Лукашэнка перайшоў да праблемы мовы й падручнікаў. На ягоную думку, ніякай праблемы з ужываньнем у краіне беларускай мовы, а таксама зь беларускамоўнай адукацыяй няма. Паводле Лукашэнкі, народ сам вызначае, на якой мове яму гаварыць, і распачаць цяпер у грамадзтве моўную дыскусію — гэта "даць магчымасьць пагрэць рукі на міжнацыянальнай і рэлігійнай праблеме" некаторым асобам.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, каб да новага году былі падрыхтаваныя новыя, г.зв. некан’юнктурныя падручнікі па гуманітарных дысцыплінах. Лукашэнка лічыць, што ў падручніку па гісторыі мусіць быць адведзена няшмат месца ягонай асобе і асобам іншых палітыкаў, а ў падручніках па літаратуры павінны быць творы і такога апазыцыянэра як Васіль Быкаў.

Аляксандар Лукашэнка доўга казаў, як шмат увагі надае дзяржава праблеме аплаты працы настаўнікаў. Паводле Лукашэнкі, расходы на адукацыю цяпер утрая большыя, чым на абарону і на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату, а сярэдняя зарплата настаўнікаў цяпер складае 87 даляраў, да канца ж гэтага году яна мусіць дасягнуць 100 даляраў.

Удзельнікі зьезду па-рознаму рэагавалі на прамову Лукашэнкі:

(Дэлегатка зьезду: ) "Ну што нас магло зацікавіць? Гэтыя праблемы вядомыя як настаўнікам, так і прэзыдэнту. Але ўсе мы спадзяемся, што нейкія перамены адбудуцца ў жыцьці і ў сацыяльным стане настаўніка".

(Іншая дэлегатка: ) "Ну зьезд, вы ведаеце які. Вельмі дзелавая была праца. А выступ Лукашэнкі меў цікавы характар, і рашэньне ўсіх нашых праблемаў можа быць толькі супольным".

(Яшчэ адна ўдзельніца зьезду: ) "Я так скажу — тое, што ён казаў, я ўжо ведаю. Для сябе нічога новага я не пачула".

У рэзалюцыі зьезду, разам з падтрымкай рэформы школы, настаўнікі запатрабавалі ад уладаў годнай аплаты сваёй працы й забесьпячэньня сацыяльнай абароны пэдагогаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG