Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – ДЗЯДЫ


Радыё Свабода.

(Абламейка: ) “Калі гаварыць пра чыста царкоўны бок Дзядоў, дык трэба сказаць, што ў каталіцкіх краінах Эўропы ў гэтую пару адзначаюць два царкоўныя сьвяты. 1 лістапада адзначаюць так званы Дзень усіх сьвятых. Гэтае сьвята было ўсталяванае Ватыканам у VIII стагодзьдзі. 2 лістапада адзначаюць так званы Дзень Задушны, калі памінаюць сваіх памёрлых сваякоў, ходзяць на могілкі і бяруць удзел у жалобных набажэнствах. Гэтае сьвята было ўсталяванае Каталіцкай царквой у пачатку XI стагодзьдзя. Але Дзяды – насамрэч ня толькі каталіцкі звычай”.

(Ціхановіч: ) “Сапраўды, Сяргей, у Беларусі сёньня існуе перакананьне, што Дзяды – гэта выключна каталіцкае сьвята. Ці так гэта?”

(Абламейка: ) “Гэтак, Алена, хацелася б тым, хто не зацікаўлены ў разьвіцьці беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Дзяды – гэта беларускі нацыянальны звычай. За год беларусы раней сьвяткавалі некалькі Дзядоў. Нашая нацыянальная традыцыя – памінаць памерлых па суботах. Гэтак Дзяды адзначаюцца ў суботу за тыдзень да пачатку Вялікага посту, у суботу перад Сёмухай. Некаторых з гэтых сьвятаў нават няма ў царкоўным календары, як, напрыклад, Радаўніцы. Як няма ў царкоўным календары і ўласна восеньскіх Дзядоў. Затое яны ёсьць у народнай сьвядомасьці. Некалі ў Беларусі вернікі ўсходняга абраду – уніяты, а пасьля праваслаўныя сьвяткавалі так званыя Зьмітроўскія Дзяды, якія заўсёды прыпадалі на апошнюю суботу кастрычніка ці першую суботу лістапада – галоўнае, каб гэта было паміж Зьмітровым днём 26 кастрычніка і пачаткам так званай Піліпаўкі, Каляднага посту, які пачынаецца 15 лістапада. Нават Расейская Праваслаўная царква ў Беларусі мусіла ўсталяваць дзень памінаньня продкаў – яна прызначыла яго таксама ў суботу, але перад Зьмітровым днём 26 кастрычніка. Як бачым, у гэтыя восеньскія дні зьліліся памінальныя традыцыі беларусаў і католікаў, і праваслаўных”.

(Ціхановіч: ) “Выглядае, што скасаванае некалькі гадоў назад як дзяржаўнае гэтае сьвята пачынае зараз зноў забывацца”.

(Абламейка: ) “На жаль, сапраўды дзяржаўным сьвятам Дзяды былі нядоўга – некалькі год у палове 90-х гадоў. У мяне прадчуваньні супярэчлівыя. З аднаго боку, так, сапраўды, нават учора дзяўчынка з руху Зубар, даючы інтэрвію нашаму Радыё, назвала Дзяды каталіцкім сьвятам. Зразумела, яна не чытала артыкулу ў энцыкляпедыі Этнаграфія Беларусі ці шматлікіх публіцыстычных артыкулаў беларускіх навукоўцаў у пачатку 90-х, калі яны пісалі, што Дзяды па ўсёй Беларусі адзначаліся і праваслаўнымі. Пра гэта ведаюць нават нашыя суседзі. Гадоў 5 таму мне давялося быць у Польшчы 2 лістапада. Дыктарка навінаў дзяржаўнага тэлебачаньня адкрываючы выпуск сказала, што сёньня ў Беларусі абыходзяць беларускі нацыянальны звычай памінаньня продкаў - Дзяды…

Калі ж гаварыць пра сымбалічнае значэньне Дзядоў у нашай найноўшай гісторыі, дык трэба сказаць, што скасаваньне дзяржаўнага статусу Дзядоў было невыпадковым. Скасавальнікам бачылася ў гэтым сьвяце ня толькі падазроная каталіцкасьць, але і памяць па сапраўднай незалежнасьці, па беларушчыне. Менавіта на Дзяды 1987 году ў Менску адбыўся першы за савецкім часам антысавецкі мітынг, у якім мне давялося браць удзел. Тады на мітынгу ўпершыню ўспаміналі рэпрэсаваных у 30-я гады беларускіх дзеячоў. Менавіта на Дзяды 1988 году быў разагнаны мітынг у Курапатах – і якраз з таго моманту фактычна бярэ адлік беларускі дэмакратычны рух і новае беларускае адраджэньне. Той разагнаны мітынг на Дзяды стаў пачаткам канца камунізму ў Беларусі. Дзяды і Курапаты сёньня памятаюць усе, каму дарагія ідэалы вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Дзяды ў беларускім сэнсе – гэта аптымістычнае сьвята. Калі мы памятаем тых, што былі перад намі, значыць у нас ёсьць будучыня”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG