Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 КАСТРЫЧНІКА 1937 ГОДУ ЗАГІНУЛА КАЛЯ 160 ПРАДСТАЎНІКОЎ БЕЛАРУСКАЙ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ


Валянціна Аксак, Менск

Ахвярамі тае жудаснае ночы сталі: Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Якаў Бранштэйн, Віктар Вайноў, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Майсей Кульбак, Язэп Каранеўскі, Саламон Левін, Юрка Лявонны, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізі Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Павел Шастакоў, Арон Юдэльсон, Валеры Маракоў...

Мажліва, што гэты сьпіс забітых 29 кастрычніка 1937 году пісьменьнікаў няпоўны. Доступ у архівы карных органаў закрыты нават для навукоўцаў. Але за час кароткае беларускае свабоды пачатку 1990-х гадоў некаторым дасьледнікам удалося туды патрапіць. У ліку іх быў і Леанід Маракоў, пляменьнік расстралянага паэта Валерыя Маракова.

Спачатку спадар Маракоў, які ня быў прафэсійным гісторыкам, хацеў даведацца, як атрымалася, што ягонага дзядзьку, як і іншых паэтаў, расстралялі толькі за вершы.

Але чым больш ён гэтым цікавіўся, тым больш жахлівая расчынялася панарама мэтанакіраванага зьнішчэньня беларускае інтэлігенцыі. Ад прыватнага зацікаўленьня справа перайшла да сталае штодзённае працы. За тры гады Леанід Маракоў склаў сьпіс рэпрэсаваных у СССР беларускіх літаратараў, які налічвае больш як 500 прозьвішчаў.

Вось што яго найбольш уразіла падчас гэтае працы:

(Маракоў: ) "У тую ноч, 29 кастрычніка 1937 году, расстралялі ня толькі літаратараў, было расстраляна каля 160 чалавек... Мне здаецца, дасьледнікі яшчэ будуць цікавіцца гэтым пытаньнем, чаму вынішчалі інтэлігенцыю, людзей менавіта з вышэйшай адукацыяй. І чаму найбольш у Беларусі...За трыццатыя, саракавыя і нават пяцідзясятыя гады ў Беларусі было рэпрэсавана 90% літаратараў. Ва Ўкраіне гэтая лічба складае 30-40%. У Расеі — 10-15%. Чаму яны менавіта Беларусь выразалі..."

На гэтае пытаньне Леанід Маракоў мае свой адказ:

(Маракоў: ) "Каб не было тых, хто мог аналізаваць усю гэтую сытуацыю..."

Аднак у мажлівасьць паўтарэньня тых чорных старонак гісторыі Беларусі спадар Маракоў ня верыць. Ён лічыць, што адноўленыя генэрацыі беларускае інтэлектуальнае эліты не спасьцігне лёс папярэднікаў, і яны вернуць краіну ў цывілізаваны сьвет.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG