Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЫРОКАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ КААЛІЦЫЯ МАЕ ПЕРАЎТВАРЫЦЦА АЛЬБО САМАРАСПУСЬЦІЦЦА


Уладзімер Глод, Менск

Ёсьць два погляды на далейшы лёс шырокай грамадзянскай кааліцыі, што працавала пры штабе адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка: яе трэба альбо распусьціць, альбо трансфармаваць. Галоўныя аргумэнты тут наступныя: выбары прайшлі, і кааліцыя, створаная менавіта дзеля гэтай найважнейшай падзеі, губляе галоўную матывацыю.

Тады ўсіх аб'ядноўвала адна мэта — кардынальныя зьмены ў краіне праз выбары дэмакратычнага прэзыдэнта. Цяпер такая задача адкладаецца на пяць гадоў, а паколькі кааліцыю стварылі розныя палітычныя сілы, цяжка верыцца, што агульных правілаў будуць трымацца і лібэралы, і камуністы.

Сэнс другога падыходу ў тым, што кааліцыю можна трансфармаваць. І найлепшы варыянт гэтага — калі яна будзе працаваць ужо не на базе штабу адзінага кандыдата, а на падмурку Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Менавіта такую прапанову ад імя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) агучвае сёньня намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Зараз наша партыя прапануе гэтай мэтай зрабіць дэмакратызацыю ўсіх галін жыцьця беларускага грамадзтва. Перш за ўсё, змагацца за дасягненьне гэтай мэты павінны палітычныя партыі. У прававым сэнсе толькі яны маюць права займацца палітычнай дзейнасьцю без абмежаваньняў.

Грамадзкія рухі, аб'яднаньні, ініцыятывы па сваіх статутах, па Законе аб грамадзкіх аб'яднаньнях ня маюць права займацца палітычнай дзейнасьцю. Яны маюць права абараняць правы толькі сваіх сяброў. Мне бачыцца, што Кансультацыйная рада павінна стаць галоўнай базай для шырокай грамадзянскай кааліцыі".
А адзін зь лідэраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхась Пліска лічыць, што шырокая грамадзянская кааліцыя хутчэй за ўсё падзеліцца на дзьве: левацэнтрысцкую і правацэнтрысцкую. Немагчымасьць палітыкам розных палітычных партыяў быць разам і наадалей спадар Пліска тлумачыць наступным чынам:

(Пліска: ) "На Захадзе і збольшага ў нас шырокая грамадзянская кааліцыя ўспрымаецца як нейкі перадвыбарчы блёк. Зараз такой матывацыі моцнай, каб утварыць такі перадвыбарчы блёк, калі мы пад гэтым разумеем шырокую грамадзянскую кааліцыю, няма".

Ня бачыць прадстаўнік АГП і рэальнай магчымасьці трансфармацыі шырокай грамадзянскай кааліцыі на падмурку Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў.

(Пліска: ) "У шырокую грамадзянскую кааліцыю павінны ўваходзіць ня толькі палітычныя партыі, а і прафсаюзы — свабодныя і несвабодныя, грамадзкія арганізацыі і гэтак далей. А Кансультацыйная рада аб'ядноўвае усё ж толькі палітычныя партыі. І таму, мне здаецца, на глебе Кансультацыйнай рады нельга ўтварыць шырокую грамадзянскую кааліцыю.

Мне здаецца, што Кансультацыйная рада больш павінна выконваць функцыю інфармацыйную і рэагаваць на дзеяньні ўладаў, якія закранаюць інтарэсы ўсіх партыяў і гэтак далей".

Ці захаваецца згода паміж апазыцыйнымі палітыкамі й грамадзкімі дзеячамі, якой дасягнулі напярэдадні выбараў, у новых умовах? — на гэтае пытаньне сёньня мае быць адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG