Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ АФГАНСКІХ УЦЕКАЧОЎ НЕ РАСЬЦЕ, ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА ПАГРОЗА ГУМАНІТАРНАГА КРЫЗІСУ


Сяргей Шупа, Прага

Супрацоўнікі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў паведамляюць пра надзвычай шырокі водгук на заклік аб гуманітарнай дапамозе для насельніцтва Афганістану – на гэты момант паабяцана ўжо больш за 700 мільёнаў даляраў дапамогі.

Аднак з прычыны ўсё больш цяжкага доступу да раёнаў, што кантралююцца талібамі, расьце занепакоенасьць наконт таго, як даставіць гуманітарную дапамогу мільёнам афганцаў унутры краіны.

Прадстаўнікі шэрагу арганізацыяў, што працуюць пад эгідай ААН учора паведамілі, што ад пачатку авіяналётаў на Афганістан у мінулую нядзелю колькасьць уцекачоў з краіны істотна не павялічылася.

Розныя агенцтвы ААН працягваюць назапашваць аварыйныя запасы – намёты, коўдры, харчаваньне – у памежных рэгіёнах, каб забясьпечыць імі дзясяткі тысячаў патэнцыйных уцекачоў. Дзьве краіны, у якіх ужо знайшлі прытулак мільёны афганскіх уцекачоў ­ Іран і Пакістан ­ закрылі свае межы. Таму супрацоўнікі ААН вядуць перамовы аб стварэньні лягероў для ўцекачоў непасрэдна каля межаў – дзе тыя маглі б атрымваць харчаваньне, прытулак і мэдычную дапамогу.

Намесьніца каардынатара ААН у справах дапамогі ў надзвычайных сытуацыях Каралін Макаскі паведаміла ўчора журналістам, што Пакістан вызначыў 32 мясцовасьці ў Паўночна-Заходняй правінцыі і яшчэ пяць у Бэлюджыстане, куды могуць накіравацца ўцекачы. Больш за дзесяць цэнтраў дапамогі ўцекачам плянуе стварыць Іран, зь іх пяць – на тэрыторыі Афганістану.

Аднак Макаскі занепакоеная лёсам тых людзей, што застаюцца ў самым Афганістане і настолькі галодныя і зьнясіленыя, што ўжо нікуды ўцякаць ня могуць:

«Нават у самым горшым выпадку пры найбольшай колькасьці ўцекачоў мы разьлічваем толькі на нейкія пяць-шэсьць мільёнаў чалавек, якім патрабуецца дапамога ў самой краіне падчас гэтай зімы», - паведаміла Каралін Макаскі, намесьніца каардынатара ААН у справах дапамогі ў надзвычайных сытуацыях.

Афганская зіма наступае рана – у некаторых раёнах ужо праз чатыры тыдні – і сёлета яна будзе асабліва суворая з прычыны працяглай засухі на бальшыні тэрыторыі краіны. У самой краіне харчаваньне раздаюць каля 700 афганскіх супрацоўнікаў міжнародных гуманітарных арганізацыяў. Цяперашніх запасаў, як кажа Каралін Макаскі, хопіць на тры-чатыры тыдні.

Арганізацыя Аб’еднаных Нацыяў, якой за апошнія гады ўдавалася адольваць мноства перашкодаў, каб разьмеркаваць у Афганістане гуманітарную дапамогу, выказвае занепакоенасьць наконт магчымасьцяў бесьперапыннага пастачаньня дапамогі цяпер, калі пазыцыі талібаў сталіся галоўнымі аб’ектамі амэрыканскіх антытэрарыстычных удараў.

Апрача таго, падзеі апошняга тыдня павысілі занепакоенасьць наконт бясьпекі супрацоўнікаў ААН у рэгіёне. У выніку амэрыканскага авіяналёту ў панядзелак загінула чацьвёра супрацоўнікаў афганскай няўрадавай арганізацыі ­ Афганскія Тэхнічныя Кансультанты – якія праводзілі разьмінаваньне тэрыторыі ў рамках праграмы ААН.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан пасьля брыфінгу рады Бясьпекі наконт гуманітарнага становішча ў Афганістане ў выніку амэрыканскіх удараў заявіў, што ваенная апэрацыя ўскладніла працу гуманітарных арганізацыяў:

«Мы працягваем спробы арганізаваць аўтамабільныя перавозкі, аднак цяпер гэта зрабіць значна цяжэй, бо, як вы разумееце, у гэтай сытуацыі мала хто з кіроўцаў пагаджаецца туды ехаць», - сказаў Кофі Анан.

Нагадаем, што гаворка ідзе пра краіну, дзе і да згаданых ваенных апэрацыяў з прычыных засухаў і працяглай грамадзянскай вайны панаваў найбольшы ў сьвеце гуманітарны крызыс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG