Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ. БЕЛАРУСКІ КАЛЕГІЮМ ЗАПРАШАЕ НА “СНЫ ІМПЭРАТАРА” ЎЛАДЗІМЕРА АРЛОВА


Юрась Барысевіч, Менск

У Музэі гісторыі беларускага кіно пачаўся Першы міжнародны фэстываль мэдыяарту "Транзыт_01. by". Наладзілі фэстываль пры падтрымцы замежных фундатараў Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва й Беларускі Саюз дызайнэраў. Апроч айчынных, у праграме фільмы нямецкіх, швэдзкіх, польскіх, чэскіх і расейскіх аўтараў, у тым ліку створаныя ў экзатычных для беларускай культуры жанрах відэаінсталяцыі, кампутарнага й сеткавага мастацтва.

Пачаўся новы навучальны год у Беларускім калегіюме, які спадзяецца калі-небудзь ператварыцца ў Нацыянальны ўнівэрсытэт. Аўтарытэт, як і колькасьць першакурсьнікаў, гэтай навучальнай установы, дзе выкладаюць найлепшыя беларускія журналісты, гісторыкі й філёзафы, штогод расьце. Сёлета ў калегіюме пачала дзеяць Лябараторыя сучаснага мастацтва, дзе будуць выкладаць айчынныя й замежныя тэарэтыкі авангарду. 9 кастрычніка калегіюм запрашае на прэзэнтацыю кнігі Ўладзімера Арлова "Сны імпэратара".

У Музэі сучаснага мастацтва адкрылася выстава жывапісу Рамана Кароткіна й фатаграфікі Аляксея Паўлюця пад агульным назовам "Баляваньне". Такі самы назоў мае трактат старадаўнегрэцкага філёзафа Плятона, заснавальніка папулярнай і ў Беларусі традыцыі філязофскіх гутарак за келіхам віна. Зварот аўтараў выставы да антычнае эстэтыкі зь ейнымі выкшталцонымі прапорцыямі й жыцьцялюбствам можна разглядаць ня толькі як уцёкі ад хаосу сучаснасьці, але і як пошук беларускага варыянту эстэтыкі клясыцызму.

Нацыянальны музэй гісторыі й культуры наладзіў найбуйнейшую выставу беларускага фотапартрэту. Побач з творамі, якім ужо паўтара стагодзьдзя, дэманструюцца выявы нашых сучасьнікаў. На старых здымках беларусы нагадваюць скульптуры, на сучасных — пэрсанажаў відэакліпу. На выставе ёсьць рэдкія здымкі Якуба Коласа, Янкі Купалы, нядаўна памерлага філёзафа-дысыдэнта Кіма Хадзеева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG