Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАТРЭБНЫЯ АДБІТКІ ПАЛЬЦАЎ ДЗЕЛЯ АТРЫМАНЬНЯ НЯМЕЦКАЙ ВІЗЫ?


Алена Панкратава, Менск

Зьвесткі пра новы рэжым выдачы нямецкіх візаў учора раніцай можна было прачытаць у такім масавым выданьні як "Bild". Потым падобную інфармацыю распаўсюдзілі іншыя крыніцы.

Аўтар, спасылаючыся на пэўных асобаў у адмысловай камісіі Бундэстагу, піша, што ў мэтах рэалізацыі новай візавай працэдуры амбасады Нямеччыны цяпер будуць абсталяваныя адмысловымі электроннымі сканэрамі, якія могуць "чытаць" адбіткі пальцаў тых, хто падае заяву на візу. Зробленая таксама спасылка і на міністра ўнутраных справаў Нямеччыны Ота Шылі, які спадзяецца , што падобныя захады дапамогуць павялічыць эфэктыўнасьць барацьбы зь міжнароднымі тэрарыстамі.

Зьвярнуць увагу на падобную інфармацыю нас прымусілі наступныя факты: пытаньні барацьбы з тэрарызмам зараз насамрэч абмяркоўваюцца і ў Бундэстагу, і ў розных фэдэральных структурах. Па-другое, візавая служба нямецкай амбасады ў Менску, што месьціцца па вуліцы Будзёнага, напраўду была на мінулым тыдні зачыненая на рэканструкцыю. Ці выклікана гэта барацьбой з тэрарыстамі і ўстаноўкай новых сучасных сканэраў, — пацікавіліся мы ў адказнага супрацоўніка амбасады спадара Крэмэра.

(Крэмэр: ) "Рэжым прыняцьця хадайніцтваў пра візы ў Нямеччыну не мяняецца. Сапраўды, цяпер у Нямеччыне абмяркоўваюцца пытаньні, зьвязаныя з тэрактамі ў Злучаных Штатах, аднак няма нават і размовы пра тыя захады, пра якія вы гаварылі".

Спадар Крэмэр пацьвердзіў таксама, што на на мінулым тыдні консульская служба нямецкай амбасады была зачыненая. Гэта было зьвязана з рашэньнем адчыніць яшчэ адно акенца для прыёму заяваў. Такое акенца адчынілі ў панядзелак, у чым многія з наведнікаў і змаглі пераканацца.

Не сакрэт, што колькасьць беларусаў, якія жадаюць наведаць Нямеччыну, расьце. Супрацоўнікі консульскай службы спадзяюцца, што падобная рэканструкцыя дапаможа хутчэй апрацоўваць хадайніцтвы беларускіх грамадзянаў.

Цяпер сярэдні тэрмін дзеля атрыманьня нямецкай візы складае 10 дзён. Па-ранейшаму для адкрыцьця нямецкай візы патрэбнае арыгінальнае запрашэньне зь Нямеччыны, пашпарт, дзьве анкеты і дзьве фотакарткі. Пра адбіткі пальцаў не ідзе ніякай размовы, — настойліва падкрэсьлілі супрацоўнікі нямецкай амбасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG