Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСАМА БІН ЛАДЭН: АДЗІН ТОЛЬКІ БОГ ВЕДАЕ, ЯК ПРЫЕМНА БЫЛО НАМ ЗАБІВАЦЬ АМЭРЫКАНСКІХ ЖАЎНЕРАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Праз тры гады гэты саудаўскі мільярдэр названы Злучанымі Штатамі галоўным падазраваным у арганізацыі беспрэцэдэнтных тэрарыстычных нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня сёлета.

Што рухае гэтым чалавекам у ягоных антычалавечых дзеяньнях? Найлепш зразумець гэта можна, выслухаўшы, што думае і кажа сам злачынца. Таму сёньня мы вяртаемся да інтэрвію, якое даў Усама бін Ладэн тры гады таму рэпартэру газэты News of Pakistan, а таксама брытанскага часопісу Times і тэлекампаніі ABC Рахімулу Юсуфзаі.

Праехаўшы джыпам шмат кілямэтраў па афганскай пустэльні, Юсуфзаі нарэшце патрапіў да лягеру, які складаўся з трох намётаў. Зьнешне ветлівы, бін Ладэн ледзь не праз сказ зьвяртаўся да Бога. З “калашнікавым” на каленях, папіваючы з кубка ваду (ён тады лекаваў горла), тэрарыст распавядаў, што любіць язду на конях і футбол, але мае праблемы з пазваночнікам, а таму мусіць хадзіць зь ляскай. Час бавіць са сваімі трыма жонкамі і дзецьмі. Кантакты са сьветам – толькі праз газэты і радыё, адкуль ён бярэ інфармацыю. Мабільным тэлефонам не карыстаецца, баючыся, што яго праз сыгнал апарату высачаць Злучаныя Штаты.

На пытаньне журналіста – ці нясе ён адказнасьць за дзьве бомбавыя атакі на амэрыканскія амбасады ў Афрыцы? – бін Ладэн адказаў:

“Міжнародны іслямскі фронт “Джыгад” з Божай ласкі супраць Злучаных Штатаў і Ізраілю выдаў фатфу (дэкрэт), якая заклікае іслямскі народ да сьвятой вайны ў мэтах вызваленьня сьвятых месцаў. Народ Магамэта адказаў на той кліч. Калі ўтварэньне ачагоў сьвятой вайны супраць гэбраяў і амэрыканцаў з мэтай вызваленьня мячэці Аль-Акса і Сьвятой Ка-Абы (іслямскіх сьвятыняў у Ерусаліме і Саудаўскай Арабіі) лічыць злачынствам, дык дазволім гісторыі вынесьці вырак, ці злачынца я. Нашым заданьнем ёсьць несьці жар вайны і, хай яны Богу будуць удзячныя, – мы зрабілі гэта, і пэўныя людзі адказалі на той заклік.” (канец цытаты)

У гэтым інтэрвію бін Ладэн вінаваціць Амэрыку і Вялікабрытанію за бамбаваньні Іраку і падтрымку Ізраілю і гэбраяў, каб тыя, зь ягонага гледзішча, (цытую) “маглі зноў падзяліць мусульманскі сьвет, зьняволіць яго і адабраць рэштку яго багацьцяў. І цяпер сталася так, што няверныя прагульваюцца вольна па зямлі, якая ім не належыць, на якой нарадзіўся Магамэт і дзе яму аб’явіўся Каран.” (канец цытаты)

“Што могуць чакаць ад вас Злучаныя Штаты?” – запытаўся журналіст “Тайму”. Адказ бін Ладэна:

“Кожнаму злодзею ці злачынцу, які ўварвецца ў чыжы край з агіднымі мэтамі, заўсёды наканавана быць забітым. Чаканьне ад мяне чагосьці ўзброенымі сіламі Злучаных Штатаў адлюстроўвае іх цесную пэрспэктыву. Мільёны мусульманаў адчуваюць гнеў. Амэрыканцы маюць быць падрыхтаванымі да таго, што рэакцыя мусульманскага сьвету будзе прапарцыянальнай несправядлівасьці, якую яны ўчынілі.” (канец цытаты)

На заўвагу журналіста, што “ЗША сьцьвярджаюць, што ён намагаецца здабыць ядравую і хімічную зброю”, бін Ладэн адказаў (і зноў я падаю ягоны адказ дакладна):

“Здабываньне зброі дзеля абароны мусульманаў ёсць рэлігійным абавязкам. Калі б я сапраўды гэтую зброю здабыў, падзякаваў бы Богу за тое, што мне Бог гэта дазволіў. І калі я шукаю яе, то толькі выконваю пэўны абавязак. Было б грахом у дачыненьні да мусульманаў, калі б я не стараўся зрабіцца гаспадаром зброі, якая паўстрымала б няверных перад учыненьнем крыўды масульманам”.

Усама бін Ладэн сказаў журналісту “Тайму”, што ЗША ведаюць, што ён атакуе іх з Божай ласкі ўжо больш за дзесяць гадоў. Таму Амэрыка стараецца супраць яго і іншых арабскіх муджахэдаў, якія змагаліся поруч у Афганістане, сьціснуць эканамічную блякаду і арыштаваць яго. Але, тэрарыст кажа, што гэтая блякада не прыносіць ім вялікай шкоды. А ўзнагароды яны чакаюць ад Бога. І далей дадае: “Надыдзе час, хутчэй раней, чым пазьней, і той самы лёс напаткае злачынных дэспатаў, якія здрадзілі Богу і ягонаму Прароку, згубілі давер свайго народу”.

На пярэчаньне журналіста, што ня ўсе мусульмане пагаджаюцца з тым, што ён ужывае гвалт, бін Ладэн адказаў, што (цытую) “змаганьне ёсьць часткай нашай рэлігіі і шырыяту (іслямскага права). Тыя, хто любіць Бога і ягонага прарока ня могуць гэта аспрэчыць. Паводле ісляму, кожны, хто падрывае нават самую дробную догму, зьдзяйсьняе найцяжэйшы грэх”.

Апошняе пытаньне, якое тры гады таму задаў журналіст часопісу Time Рахімула Юсуфзаі гучэла так: “Амэрыка, звышдзяржава, назвала вас ворагам грамадзтва нумар адзін. Ці будзіць ў вас гэта страх за жыцьцё?”

Саудаўска-арабійскі мільярдэр-тэрарыст адказаў так:

“Быць ворагам Амэрыкі ёсьць рэлігійным абавязкам, і мы спадзяемся, што Бог нас за гэта ўзнагародзіць. Мы не пераймаемся тым, што нас называюць ворагам нумар адзін альбо два. Усама бін Ладэн верыць, што мусульманскі народ выканае свой абавязак. Веру, што мусульмане будуць у стане пакласьці канец легендзе пра Амэрыку як пакліканую звышдзяржаву”.

Так сказаў у інтэрвію брытанскаму часопісу Time тры гады таму Ўсама бін Ладэн, якога сёньня ЗША называюць галоўным падазраваным у арганізацыі жахлівых нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон з тысячамі чалавечых ахвяраў і дзеля пакараньня якога аб’ядноўваюцца дзесяткі краінаў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG