Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА І САМ НЯ ВЕДАЕ, КОЛЬКІ ЧАЛАВЕК ЗА ЯГО ПРАГАЛАСАВАЛА…”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Учора Лукашэнка заступаў на пасаду прэзыдэнта. Сем гадоў таму ён ужо прарабляў падобную працэдуру. Але тады гэта быў ўсяго толькі нядаўні старшыня саўгасу, рукі якога дрыжэлі ад хваляваньня і дух заміраў ад шчасьця, што на яго звалілася. Цяпер гэта – ўпэўнены галава дзяржавы, “які выкаваў перамогу” ў сапраўдным сэнсе слова сваімі рукамі. Вось толькі няма ўжо таго адчуваньня пераможнай эйфарыі. Таму што прэзыдэнт Беларусі сам ня ведае, колькі на самой справе чалавек за яго прагаласавала”. З такіх словаў пачынаецца артыкул “Спрынт зь люстэркам: ці Лукашэнка заплоціць за перамогу заводамі?” у газэце “Московский комсомолец”.

“Московский комсомолец” зьвяртае ўвагу, што Лукашэнка “прымаў на галоўнай плошчы прысягу на вернасьць ад войска і ўсіх сілавых структураў рэспублікі” і што тыя “кляліся не краіне, а асабіста прэзыдэнту”. Гэтая ж газэта зьвяртае ўвагу, што ў якасьці “самых высокіх гасьцей на цырымонію чакалі не прэзыдэнтаў іншых краінаў, а нафтавых босаў Расеі”. Вось і “Московский комсомолец” напісаў, што “ў палітычных колах усё больш упэўненасьці ў тым, што Лукашэнка змог купіць згоду Крамля захоўваць падкрэсьлены нэўтралітэт у стаўленьні да сябе і нават падтрымку коштам самых буйных беларускіх прадпрыемстваў-экспарцёраў”.

“Парламентская газета” паміж іншага распавядае пра незвычайнае службовае пасьведчаньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якое ўручыла Лукашэнку старшыня Цэнтарвыбаркаму Ярмошына: “Гэта эксклюзіўная замова, выкананая ў адзінкавым варыянце, у якім адсутнічае і парадкавы нумар. Паколькі на працы пасьведчаньне Аляксандру Рыгоравічу паказваць ня трэба, то яно – хутчэй сымбаль прэзыдэнцкай улады, чым дакумэнт для штодзённага карыстаньня. Таму пасьведчаньне і вялікае памерам – прыкладна, як студэнцкая залікоўка”.

Газэта “Время МН” піша, што ўсе чакалі ад Лукашэнкі не дзяжурных словаў, а зусім канкрэтных праграмаў на будучыню. Але ў дзяжурнай прамове пра тое, “што прыярытэтамі Беларусі па-ранейшаму застануцца будаўніцтва жытла і харчовая праграма, неяк пагрозьліва прагучэла фраза: “Ніякіх шокавых тэрапіяў ня будзе!”

Аўтары артыкулу “Лукашэнка абяззброіў Буша” ў газэце “Известия” заўважылі, што ў той жа прамове “нечакана для ўсіх Лукашэнка зрабіў уразьлівы жэст на адрас Джорджа Буша, заклікаўшы амэрыканцаў аб’яднацца вакол свайго прэзыдэнта… Заходнія амбасады хоць і далучыліся да крытыкі вынікаў выбараў, але адкрыта праігнараваць інаўгурацыю не адважыліся: калі ня самі амбасадары, дык іхныя даручэнцы на мерапрыемстве прысутнічалі. У пэўнай ступені, – лічаць “Известия”— гэта была рэакцыя на зробленыя Лукашэнкам “пазытыўныя жэсты” на адрас Захаду: прэзыдэнт памілаваў асуджаных за шпіянаж супраць Беларусі грамадзяніна ФРГ Крыстофа Леца і італьянца Антоніа П’ю.”

Інаўгурацыя прэзыдэнта ў Беларусі стала нагодаю для расейскіх газэтаў яшчэ раз вярнуцца да таго, наколькі справядлівыя і свабодныя былі выбары. “Московский комсомолец” распавядае пра “новыя факты, што сьведчаць пра выбарныя падтасоўкі”. Так, адна зь сяброў выбарчай камісіі Савецкага раёну Менску прызналася, што (цытую) “напярэдадні дня галасаваньня кіраўнікі абласных адміністрацыяў сабралі начальнікаў мясцовых выбаркамаў і загадалі: назіральнікі хай будуць у залі, але да сталоў, дзе падлічваліся бюлетэні, іх не падпушчаць – ім ня варта бачыць схему падліку. А яна была простая. Выбаркамаўцы раскладвалі бюлетэні ў тры кучкі – нягледзячы, за каго яны. Ім сказалі: фармуйце маленькую кучку за Гайдукевіча, сярэднюю – за Ганчарыка і большую – за Лукашэнку: “Глядзіце, каб заўсёды кучка Лукашэнкі была на траціну большай!” (канец цытаваньня)

Пра “дзівосы” галасаваньня распавёў у інтэрвію “Московскому комсомольцу” і адзін з расейскіх назіральнікаў, дэпутат Дзярждумы Вадзім Бондар. “Яму самому ўдалося стаць за сьпіной старшыні аднаго з выбаркамаў падчас падліку. Пасьля высьветлілася, што дадзеныя, якія лічыліся пры ім, істотна розьняцца ад “афіцыйнага малюнку”. На мінскім участку 13 “за” Лукашэнку (у момант, калі Бондар сачыў за падлікам) было 542 бюлетэні, “за” Ганчарыка – 841. Але пасьля таго, як назіральнік “пакінуў пост”, расклад радыкальна памяняўся…” Такіх “дзівосаў” расейскі назіральнік шмат пабачыў і ў Менску, і ў Гарадзенскай вобрасьці, што і дало падставу “Московскому комсомольцу” падсумаваць: “У кранальным фільме “Адзін дзень з прэзыдэнтам” Бацька гараваў, што ў дзяцінстве вельмі хацеў стаць спартоўцам, ды вось не давялося. Дарэмна наракаў Лукашэнка на лёс. Ён проста ня мог стаць спартоўцам. Таму што ня ўмее сумленна змагацца і перамагаць”. Так напісала расейская газэта “Московский комсомолец” на наступны дзень пасьля афіцыйнага ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG