Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: У МАІМ ЖЫЦЬЦІ ГЭТА БЫЎ НАЙВЯЛІКШЫ ДЗЕНЬ


Радыё Свабода.

(Пазьняк: ) “У маім жыцьці гэта быў найвялікшы дзень. Бадай, пасьля незалежнасьці, гэта было найцяжэйшае заданьне – зацьвердзіць бела-чырвона-белы сьцяг. Мы разумелі тады ў парлямэнце, што калі мы гэты сьцяг зацьвердзім, калі ў нас будзе дзяржаўны сымбаль, гэта значыць, што нашая незалежнасьць будзе стаяць на добрым грунце, што яна – будзе. І мы вельмі рыхтаваліся да гэтага. Фронтаўскія мастакі зрабілі выставу ў фае Вярхоўнага Савету, таму што большасьць дэпутатаў дрэнна арыентавалася ў гісторыі. Мы падрыхтавалі ад апазыцыі Фронту шмат дакладаў. Выступаць павінны былі амаль усе. Гаварылі з паважанымі дэпутатамі і былі ўпэўненыя, што ўсё будзе ў парадку. І вось здарылася, што ў самым пачатку выступіў адзін вельмі паважаны дэпутат, і выступаючы, накінуўся з крытыкай на камуністаў, на тых, якія казалі, што “ім только флажкі”. А іх жа – большасьць была ў залі. Я бычыў, што ўся гэтая публіка проста разьятрылася. Злобныя, крычаць, пачалі яго зганяць з трыбуны. Стала зразумела, што ўсё гэта катастрофа. Гэта было жахліва. У мяне, памятаю, спацелі далоні.

Першае, што я зрабіў, я напісаў запіску Станіславу Шушкевічу ў Прэзыдыюм, што здымаю сваё выступленьне, бо я зразумеў, што ў гэтай сытуацыі я буду для іх як чырвоная ануча для быка. Потым я абыйшоў, тут жа ў залі, бо не было часу, усіх сяброў па Фронце і сказаў, каб тэрмінова мянялі выступы, тэматыку, бо трэба было згладзіць гэтую ўсю сытуацыю. І першым я папрасіў выступіць Алега Трусава. Ён добра выступіў.

І дзесьці да паловы абмеркаваньня йшла вось гэтая апазыцыйная барацьба, вось гэтыя выступленьні з чыста псыхалягічнымі задачамі. Мне вельмі дапамог тады Георгі Таразевіч. Ён выступіў добра, і гэта супакоіла залю, але я бачыў, адчуваў, што галасоў мы не набярэм, бо трэба было набраць дзьве траціны. Тады я ізноў напісаў запіску Шушкевічу, які вельмі добра праводзіў гэтае паседжаньне, і папрасіў, каб ён прадоўжыў дыскусію. Сам я пабег у фае і патэлефанаваў прэзыдэнту Акадэміі Навук Платонаву, каб ён тэрмінова прыехаў выступіць на сэсіі. Патрэбнае было аўтарытэтнае выступленьне. Ён прыехаў, выступіў таксама вельмі добра, пачалі галасаваць. Не набіралі адзін-два галасы. Некалькі разоў рабілі перапынкі, падыходзілі з розных бакоў, прыдумвалі розныя варыянты, і нарэшце вычарпалі ўсё!

І вось апошняе галасаваньне. Гэта незвычайна. Я ніколі ў жыцьці не адчуваў сябе ў такім стане. І тады проста мы выдзялілі найбольш аўтарытэтных людзей з апазыцыі Фронту, і сказалі, што трэба йсьці і проста прасіць тых, якія заведама будуць галасаваць супраць. І мы проста прасілі. Я памятаю, што я падыйшоў да вэтэрана-камуніста Міхаіла Дзімітрыевіча Жукоўскага і проста яго папрасіў. Кажу: “Міхаіл Дзімітрыявіч, дзяржава вышэй ўсялякай ідэалёгіі. Калі мы ня будзем яе мець, ня будзем мець яе сымбаляў, то мы ня будзем мець нічога. Я вас вельмі прашу, адзін раз у жыцьці”. І ведаце, што? Ён паабяцаў і прагаласаваў “за”.

Вось такая йшла барацьба на чалавечым узроўні. І вось калі табло паказала вынік, я ўпершыню ў жыцьці на сэкунду страціў прытомнасьць. Бо трэба было набраць 231 голас і табло паказала 231. Потым цяжка было таму, што тут жа пацягнулі выступаць на плошчу, а я ня мог прыйсьці ў сябе, і проста ня мог гаварыць таму, што цяклі сьлёзы. Так што гэты сьцяг стаў часткай майго жыцьця, маёй натуры. І ня толькі маёй, але ўсіх нас, дэпутатаў Народнага Фронту, якія тады былі ў парлямэнце. Гэты дзень, я думаю, запятаецца на ўсё жыцьцё. Ужо вечарам лунаў над Домам Ураду бела-чырвона-белы сьцяг”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG