Думку аб тым, што Бін Ладэн зьяўляецца адным з галоўных падазраваных выказаў на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі таксама дзяржаўны сакратар Колін Паўэл.
(Паўэл: ) “Мы зьбіраем доказы, якія сьведчаць, хто адказны за злачынства, такім чынам, што сьвет цалкам з намі пагодзіцца. І калі мы гэта зробім, мы абвесьцім. У гэты момант мы пачнем перасьлед гэтай групы, гэтай сеткі, а таксама тых, хто даваў ёй прытулак, падтрымку і дапамогу – дзеля таго, каб разбурыць гэтую сетку. А калі гэта будзе зроблена, мы пачнем глябальную атаку на тэрарызм ва ўсім сьвеце”.
Калі Паўэла спыталі, ці ён гаворыць пра Бін Ладэна, ён адказаў “так”. Але Паўэл падкрэсліў, што Бін Ладэн не адзіны падазраваны.
Але прыцягнуць Бін Ладэна, які разам зь вялікай групай сваіх прыхільнікаў знаходзіцца недзе на тэрыторыі Афганістану, да адказнасьці даволі складана. На тэрыторыі Афганістану знаходзіцца каля 20 лягераў, дзе адбываецца падрыхтоўка яго тэрарыстаў. Цяпер, паводле дадзеных паветранай выведкі ЗША, усе яны пустыя.
Больш таго, вярхоўны лідэр афганскіх талібаў мула Махамэд Амар нядаўна заявіў, што перадача Бін Ладэна ў рукі ЗША была б здрадай ісламу. Палітычныя камэнтатары адзначаюць, што з практычнага пункту гледжаньня перадача Бін Ладэна ЗША была б амаль самазабойчым актам для талібаў.
Посьпехі талібаў у грамадзянскай вайне ў Афганістане ў значнай ступені залежаць ад падтрымкі замежных, пераважна, арабскіх баевікоў, якія ўдзельнічаюць у баях на баку талібаў. Ёсьць інфармацыя, што такіх замежных баевікоў, у тым ліку людзей Осамы Бін Ладэна, у Афганістане каля 6 тысячаў.
Гэтыя людзі маюць вялікі ўплыў у Афганістане, – ананімна заявіў агенцтву Assotiated press адзін высокапастаўленых талібскіх чыноўнікаў.
“Фундамэнталісты добраахвотнікі” прыяжджаюць у Афганістан пераважна з Саудаўскай Аравіі, Эгіпту, Алжыру і Емену. Яны прывозяць з сабой значныя сумы грошаў, якія дазваляюць ім выразна ўплываць на ўнутранае жыцьцё краіны. Менавіта пад іх уплывам талібы вырашылі, нягледзячы на міжнародныя пратэсты, зьнішчыць самыя вялікія на сьвеце статуі Будды. Міжнародныя ісламісты будуюць у Афганістане новыя мячэці, шпіталі, ісламскія школы. У Кабуле, дзе значная частка насельніцтва галадае, на іх грошы былі пабудаваныя 50 хлебапякарняў, якія бясплатна раздаюць людзям хлеб.
Калі б талібы вырашылі перадаць Бін Ладэна ЗША, уся гэтая дапамога спынілася б, і талібам трэба было самім змагацца з паўночнай апазыцыяй. З другога боку, далейшае прадастаўленьне прытулку Осаме Бін Ладэну можа прывесьці да ваеннай інтэрвэнцыі з боку ЗША і, магчыма, іх саюзнікаў.
Для талібаў яшчэ адна небясьпека палягае ў тым, што частка мясцовай палітычнай эліты, а таксама пераважная частка народу незадаволеная ростам уплыву замежных баевікоў, такіх як Бін Ладэн.
“Людзі сытыя па горла гэтымі “гасьцямі”, - заявіў карэспандэнту Assotiated press Махамэд Гаруун, уладальнік крамы ў цэнтры Кабулу, - усё нашае жыцьцё спаленае вайной, а цяпер мы будзем мець яе яшчэ больш”.
Іншы чыноўнік талібскага рэжыму, які папрасіў не называць ягонага імя, распавёў: “Ісламскія баевікі магутныя, і калі мы нешта скажам ці зробім, нас могуць кінуць у вязьніцу. Гэтыя арабы не на баку нашага народу. Яны тут дзеля выкананьня сваіх уласных мэтаў. Я баюся за нашую будучыню”.
Між тым, амбасадар талібаў у Пакістане мула Абдул Заіф зноў пацьвердзіў гатоўнасьць талібаў выдаць Асаму Бін Ладэна, але толькі ў тым выпадку, калі ЗША змогуць пераканаць талібаў, што ён сапрўды вінаваты.
Раней вярхоўны лідэр талібаў мула Махамэд Амар заявіў, што ЗША беспадстаўна абвінавачваюць ва ўсім Бін Ладэна толькі таму, што “ён занадта вядомы”.