Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГЭТА НЕ ЗЛАЧЫНСТВА – ГЭТА ВАЙНА”


Юры Дракахруст Прага

“Паколькі гэта не звычайная ваенная атака, на яе няма простага ваеннага адказу,” – піша Майкл Джордан у New York Times. Ён заўважае, што страляніна па ўсіх падазроных грамадзянскіх самалётах – гэта не адказ. Сапраўдны адказ, лічыць Джордан, патрабуе ўзмацненьня разьведвальнай дзейнасьці, асабліва агэнтурнай разьведкі, у шэрагах тэрарыстычных арганізацыяў, дадатковых захадаў бясьпекі і, магчыма, больш рашучых ваенных дзеяньняў у адказ. “Але, зважаючы на досьвед Ізраілю, нават тады Амэрыка ня стане абсалютна недасягальнаю для атакаў самазабойцаў, – заўважае New York Times. –Можна абараніць ваенную базу ці ўрадавы бункер, але нельга абараніць кожны дзяржаўны ці прыватны будынак у ЗША.

На думку выданьня разьведвальныя службы ЗША, у тым ліку і ЦРУ, маюць велізарныя тэхнічныя магчымасьці, але гэта не замяняе клясічныя мэтады выведкі – інфільтрацыю сваіх агэнтаў у тэрарыстычныя арганізацыі. Менавіта з-за гэтага недахопу атака 11 верасьня сталася нечаканасьцю.

Другім неабходным момантам адказу газэта лічыць гатоўнасьць да больш рашучых і рызыкоўных дзеяньняў. Калі ў 1998 годзе у адказ на тэракты супраць амбасадаў у Танзаніі і Кеніі ЗША нанесьлі ракетныя ўдары па магчымых пазыцыях групоўкі Бін Ладэна ў Афганістане, то, паводле New York Times, Пэнтагон больш думаў пра тое, каб пазьбегнуць амэрыканскіх стратаў, чым каб гарантаваць зьнішчэньне тэрарыстаў. Для сур’ёзнай барацьбы з тэрорам Пэнтагон мусіць пераадолець сваю агіду да наземных апэрацыяў і пазбавіцца ілюзіі, што высокатэхналягічная зброя вырашыць усе праблемы,” – піша New York Times.

І ворагі Амэрыкі, і яе саюзьнікі чакаюць, якім будзе адказ ЗША. “Адзін налёт, нават пасьпяховы, ня стане палачкай-выратавальніцай,” – падкрэсьлівае выданьне.

Куды больш жорсткі погляд на праблему выказвае Чарльз Краутгамэр у Washington Post. “Гэта не злачынства, гэта вайна,” – з такіх словаў пачынаецца ягоны артыкул. Паводле ягонага меркаваньня, прычына дзёрзкай атакі тэрарыстаў менавіта ў тым, што калі Амэрыцы аб'явілі вайну, яна рассылае позвы ў суд.

Ён лічыць памылковаю і заяву дзяржсакратара Паўэла, які сказаў, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Аўтар Washington Post прыгадвае, што калі ў 1940 годзе японцы разбамбілі Пёрл Харбар, прэзыдэнт Рузвельт абяцаў не прыцягнуць да адказнасьці кіраўніка японскай авіяцыі, ён абяцаў паставіць Японію на калені.

“Да адказнасьці прыцягваюць крымінальнікаў, ворагаў зьнішчаюць,” – піша Чарльз Краутгамэр. Ён лічыць, што зараз гэтым ворагам зьяўляецца радыкальны іслам: не іслам як веравызнаньне, а палітычная дактрына, якая навязвае фанатызм ва ўласных грамадзтвах і імкнецца зьнішчыць свайго непрыяцеля, у першую чаргу ЗША. Аўтар Washington Post пералічвае тых, каго ён называе ўдарнымі атрадамі гэтага ворага: Хэзбала, Хамас, Ісламскі Джыхад, Усама Бін Ладэн, Іран, Ірак, Сірыя, Лівія. “Вайну не вядуць толькі супраць асобаў, якія пасылаюць гэтых людзей, – мяркуе Краутгамэр. – Калі Усама Бін Ладэн вінаваты ў гэтым, а Афганістан дае яму прытулак – значыць, Афганістан наш вораг, і мы мусім весьці вайну супраць яго”.

Аўтар Washington Post лічыцць, што кангрэсу варта разгледзець пытаньне пра абвяшчэньне вайны. “Доўгі мір” скончыўся. Мы хацелі гэтай вайны ня больш, чым вайны з нацысцкай Нямеччынай і Японіяй і “халоднай вайны” з СССР. Але калі вайна кідае выклік, трэба яго прымаць. Пытаньне стаіць так: ці будзем мы існаваць,” – такімі словамі сканчаецца артыкул “На вайну, а не на суд” у газэце Washington Post.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG