Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНТРОЛЬ У БЕЛАРУСКІХ АЭРАПОРТАХ УЗМОЦНЕНЫ, А ФУТБОЛЬНЫ КЛЮБ "МІЛАН" НЕ ПРЫЛЯЦІЦЬ У МЕНСК


Ігар Карней, Менск

У службах інфармацыі аэрапортаў "Менск-1" і "Менск-2" мне паведамілі, што ніякіх абмежаваньняў на карыстаньне паветраным транспартам няма: усе палёты ажыцьцяўляюцца адпаведна з графікам. Але яшчэ ўчора Рада бясьпекі абавязала мытныя службы абодвух сталічных аэрапортаў і аэравакзалу ў Гомелі ўзмацніць кантроль у справе выяўленьня выбухованебясьпечных прадметаў, боепрыпасаў і гаручых вадкасьцяў.

Але дасьведчаныя лётчыкі кажуць, што дагляд у беларускіх аэрапортах і дагэтуль быў вельмі пільным. Камандзір экіпажу Аляксей Асташэвіч практычна штодня выконвае міжнародныя рэйсы й кажа, што пранесьці на борт нават прымітыўны нож вельмі праблематычна.

(Асташэвіч: ) "У нас гэта малаверагодна. Бо ў нас тыя ж нажы адбіраюць й перадаюць экіпажу альбо міліцыі. Калі гэта агнястрэльная зброя, адразу ж выклікаецца служба бясьпекі. Ёсьць адмысловая служба, якая займаецца забіраньнем зброі з борту і дастаўкай яе на самалёт. Паляўнічыя нажы й нажы з выкідным лязом таксама на час палёту здаюцца экіпажу. Да таго ж, у нас усе пасажыры праходзяць праз абавязковы дагляд і мэталашукальнік. У ЗША, наколькі я ведаю, на міжнародных лініях кантроль пільны, а вось на ўнутраных — спрошчаны".

Я пацікавіўся, ці адбіліся падзеі ў ЗША найперш на геаграфіі палётаў самалётаў беларускага фармаваньня.

(Асташэвіч: ) "Ды не, мы ж у Амэрыку ня лётаем. Самае дальняе — гэта Шанон і Тэль-Авіў. А рэжым у менскіх аэрапортах, напэўна, будзе ўзмоцнены, асабліва ў сэнсе дагляду".

У Дзяржаўным камітэце авіяцыі не выключаюць, што абмежаваньні на палёты могуць быць уведзеныя за мяжой. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца Ірляндыі й Францыі, якія ўжо ўвялі абмежаваньні на шэраг рэйсаў з замежжа.

Сёньня ж стала вядома, што адменены чартэрны рэйс з Італіі: футбольная каманда "Мілан", якая павінна была заўтра гуляць на менскім стадыёне "Дынама" матч Кубку УЕФА з барысаўскім БАТЭ, у зьвязку з учорашнімі падзеямі папрасіла тыднёвай адтэрміноўкі.

І вяртаючыся да ўчорашняй паветранай атакі ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку, я запытаў Аляксея Асташэвіча, чаму, на ягоную думку, тэрарысты выкарысталі менавіта такія магутныя машыны як "Боінг".

(Асташэвіч: ) "767-ы "Боінг" — гэта сапраўды вялізная машына. Карабель ня меней чым на 300 крэслаў. 757-ы таксама вялікі самалёт — каля 250 крэслаў. Пра 747-ы наогул не кажу — натуральна, гэта самы вялікі аэробус (менавіта такі рухнуў у Пэнсыльваніі). Да таго ж, усе былі поўныя паліва... Тэрарыстам патрэбная была гарантыя поўнага разбурэньня... Ня ўкладваецца ў галаве, як такое можна было ўчыніць.... І адначасова гэтая радасьць у Палестыне , Эгіпце. Сапраўды, сьвет падзяліўся на дзьве часткі — Поўнач і Поўдзень. Пайсьці на такое?.."

Сёньня таксама стала вядома, што войскі проціпаветранай абароны Расеі й Беларусі пачынаюць сумеснае патруляваньне ў паветранай прасторы заходняй часткі так званай саюзнай дзяржавы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG