Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СПРАБУЮЦЬ СПЫНІЦЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ "НЕЗАЛЕЖНАГА НАЗІРАНЬНЯ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры арганізацыяў, што ўваходзяць у грамадзянскую ініцыятыву "Незалежнае назіраньне", не сумняюцца, што скасаваньне рэгістрацыі каля 2000 назіральнікаў ад "Вясны" ёсьць правакацыяй уладаў. Гэтак улады хочуць пазбавіць грамадзкасьць магчымасьці даведацца пра сапраўдныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

Гаворыць старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "У грамадзянскай ініцыятыве "Незалежнае назіраньне" ўдзельнічае больш за 12 000 назіральнікаў на сёньняшні дзень. Так што вось такое скасаваньне рэгістрацыі — гэта, безумоўна, удар па незалежным назіраньні. Таму гэтая лічба скасаваных назіральнікаў можа яшчэ больш павялічыцца, але гэта гаворыць толькі пра тое, што ўлады баяцца незалежнага грамадзкага назіраньня.

Улады шукаюць любых фармальных прычынаў, каб пазбавіцца ад гэтага грамадзкага кантролю. Гэта сьведчыць пра тое, што яны хочуць правесьці закрытыя выбары, што яны рыхтуюць фальсыфікацыі, гэтае назіраньне ім проста не патрэбнае".

А вось меркаваньне старшыні Цэнтральнай каардынацыйнай рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) "Улады гэта зрабілі, таму што ня хочуць дапусьціць назіральнікаў да назіраньня за выбарамі. Можа, нехта быў зарэгістраваны, нехта не, але агулам пазбавілі акрэдытацыі ўсіх прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру "Вясна". Яны баяцца назіральнікаў больш чым каго".

Нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў, спадары Грыб і Бяляцкі кажуць, што незалежнае назіраньне за выбарамі пройдзе на належным узроўні. Праўда, існуе пагроза, што будуць ліквідаваныя пасьведчаньні і назіральнікаў ад Свабоднага прафсаюзу й фонду імя Лява Сапегі. Лідэры гэтых арганізацыяў Генадзь Быкаў і Міраслаў Кобаса дадуць ЦВК сьпісы сваіх назіральнікаў, як таго запатрабавала сёньня камісія, але не выключаюць, што й іхных прадстаўнікоў могуць пазбавіць рэгістрацыі. Спадары Быкаў і Кобаса называюць дзеяньні ўладаў правакацыяй.

Сёньня Міраслаў Кобаса, які ёсьць каардынатарам сыстэмы паралельнага падліку галасоў, паведаміў, што ўдзел у датэрміновым галасаваньні ўжо ўзялі 13% выбарцаў. Цэнтарвыбаркам сёньня не паведамляў афіцыйнай інфармацыі пра колькасьць прагаласаваўшых, матывуючы гэта тым, што сябрам тэрытарыяльных камісіяў, якія вядуць падлік, трэба адпачнуць перад заўтрашнім днём.

Тым часам улады працягваюць парушаць заканадаўства ў ходзе датэрміновага галасаваньня. Так, дэканы многіх факультэтаў Белдзяржунівэрсытэту й іхныя намесьнікі з самай раніцы прыходзяць да студэнтаў і пагражаюць высяліць тых з інтэрнатаў, калі студэнты ня пойдуць галасаваць датэрмінова.

Назіральнік у Жодзіна Алесь Лапіцкі заўважыў, як учора ўвечары на адзін з участкаў зайшоў начальнік мясцовай міліцыі з падначаленымі, вынес адтуль нейкія пакункі і пагрузіў іх у службовую машыну. А жыхарка Ліды Надзея Ішчанка бачыла, як з участку ў вёсцы Кадзівонішкі Лідзкага раёну невядомыя вывозілі выбарчую скрыню.

А зь менскага ўчастку па вуліцы Ўсходняя, 60 быў выдалілі назіральніка Алеся Дзям'яненку. Дзеля таго, каб высьветліць, на якой падставе ён быў выдалены, на ўчастак прыехаў каардынатар "Незалежнага назіраньня" Аляксей Галіч. Старшыня гэтай камісіі выклікаў міліцэйскі патруль, які затрымаў спадара Галіча. Міліцыянты пагражаюць, што выпусьцяць яго з пастарунку толькі пасьля выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG