Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ. БУКВАР ЭПОХІ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ: ДРУГАЯ СПРОБА


Вядучы Міхась Скобла

Падчас летняга адпачынку ў вёсцы я залез на гарышча роднай хаты, каб адрамантаваць тэлеантэну. На засыпанай апілкамі столі валяліся старыя падручнікі, і сярод іх — Буквар. За прамінулыя 28 гадоў вокладка ня выцьвіла, не паблякла — на ёй чырвонашчокая дзяўчынка ў нацыянальным строі чытае найдаражэйшыя для яе словы — МАМА, МІР, ЛЕНІН, ЗОРКА.

Я прысеў на бэльку, разгарнуў сваю першую кнігу й нібы апынуўся ў машыне часу, якая лёгка вярнула мяне ў маленства, на пачатак 1970-х. Кожны малюнак памятаўся да драбніцаў, кожны радок імгненна ажываў у памяці — і пра Тамаша-баязьліўца, і пра тое, чаму месяц бяз вопраткі ходзіць, і пра дожджык залаты з вадзянымі ножкамі.

Потым я параўнаў свой Буквар з тым, па якім вучыцца чытаць мая пяцігадовая дачка. На маё зьдзіўленьне, многія тэксты супадалі, праўда, мастацкае афармленьне выглядала неахайным. Малюнкі былі невыразныя, быццам на Менскай фабрыцы каляровага друку пашкадавалі фарбы.

Аўтарам абодвух буквароў быў Анатоль Клышка, які вось ужо больш за 30 гадоў — галоўны наш букваразнаўца, пераможца шматлікіх конкурсаў. Вось і ў 1993 годзе яго Буквар заняў 1-е месца ў "Рэспубліканскім конкурсе па стварэньні нацыянальнага буквара" й з тае пары паступае ў беларускія школы.

Здавалася б, пазыцыі Клышкавага Буквара непахісныя. Але, прынамсі, два чалавекі ў Беларусі думалі іначай. Сёньня гасьцямі "Вольнай студыі" — расейскі выдавец Уладзімер Адамчык (ён жа беларускі пісьменьнік Адам Глёбус) і паэт, дзіцячы пісьменьнік, аўтар новага Буквара Алесь Бадак.

Першае маё пытаньне да Ўладзімера. Ты, як выдавец, ініцыяваў стварэньне новага буквара. Чым цябе не задавальняў стары, ці ты падыходзіў да гэтай справы з чыста камэрцыйнага боку?"

(Уладзімер Адамчык: ) "Падыход з камэрцыйнага боку ня самы горшы ў любой справе, у тым ліку ў кнігавыдавецкай. Сапраўды, я хацеў зарабіць грошы, выдаць кнігу, якая прынесла б прыбытак і адпавядала таму часу, які сёньня ў нас на двары. Патрэбен новы буквар. Чым мяне не задавальняў стары? Ды той, даўні, зь Леніным на першай старонцы, мяне задавальняў больш, чым выдадзены ў 2000 годзе.

Той, стары, пачынаўся, як і належыць, зь літары "А", а гэты чамусьці пачынаецца зь літары "С". Потым ідзе літара "П", потым — зычныя, за імі — галосныя. І самае дзікае, што зь беларускага альфабэту ў найноўшым Буквары зьніклі тры літары — "ДЖ", "ДЗ" і апостраф!

Мяне катэгарычна не задавальняюць малюнкі. Я сам з адукацыі мастак, ведаю, як цяжка стварыць кнігу для дзяцей, але тое, што ў Клышкавым Буквары намалявана — гэта проста жах! За такое проста рукі трэба паадбіваць тым мастакам!

Там безьліч малюнкаў, якіх я, дарослы чалавек, мастак — проста не разумею. Вось: намаляваны самалёт, а на ім напісана — "Агародніна". Я схільны да авангарду, мадэрнізму, але што гэта такое — я ня ведаю!

А тэксты якія?! "Два крукі ўкруцілі ў друк, зьверху крук і зьнізу крук". І гэта трэба завучваць дзіцяці напамяць?! Гэта ж бяссэнсіца, абракадабра й маразм у самым яскравым выглядзе!"

(Скобла: ) "Пытаньне да Алеся Бадака. Вось ты працаваў, мабыць жа, працяглы час, сумленна выконваў заказ. Вынік ёсьць — Буквар, па сутнасьці, гатовы, засталося выдаць. Скажы, вось з твайго, аўтара-складальніка, гледзішча, якія вартасьці ў твайго Буквара?"

(Алесь Бадак: ) "Ну, пра вартасьці лепш гаварыць чалавеку збоку, а я скажу пра асаблівасьці свайго Буквара. Буквар Клышкі — гэта Буквар для школы. Я ж рабіў Буквар для сямейнага чытаньня. Гэта кніга для бацькоў, бабуляў, дзядуляў, якія сваіх дзяцей і ўнукаў вучаць чытаць дома.

Традыцыйныя буквары напісаныя спэцыяльна для школы, і бацькам у нечым нават незразумелыя. Мой Буквар спрошчаны, даступны для ўсіх. У ім усё расьпісана, што да чаго — бацькам вельмі зручна было б карыстацца".

(Скобла: ) "Уявім, што ўдалося вырашыць усе тэхнічныя праблемы. Наклад Буквара аддрукаваны. Зразумела, што прэзыдэнцкім указам у школы яго не ўвядзеш. Ён можа існаваць як альтэрнатыўны варыянт. Дарэчы, у той жа Расеі — каля сотні розных буквароў. Скажы, Уладзімер, ты верыш, што ваш Буквар вытрымае канкурэнцыю з Клышкавым?"

(Адамчык: ) "На 100% я ня ўпэўнены. Таму што ёсьць такі панятак як інэртнасьць, ды й настаўнікі больш прызвычаіліся да Буквара Клышкі. У іх ужо ўсё дакладна расьпісана, як праводзіць заняткі. Наогул, наватарства, рэформы ў школе — гэта праблематычна. Школа ў сутнасьці сваёй традыцыйная".

(Скобла: ) "А цяпер я паспрабую выказаць свае ўражаньні ад знаёмства з рукапісам новага Буквара. Скажу шчыра, ён мяне, як бацьку будучай першаклясьніцы, не задаволіў. Ня буду запыняцца на выразах кшталту "зайка-зазнайка", "цацачны мішка", "дарослая машына", нязграбных сказах прыкладам "Мышка праз сон вядзе носам"...

Няўдалы, як мне падаецца, і падбор літаратурных твораў. Да Буквара ўвайшлі вершы Адама Гурыновіча, Зоські Верас, Алеся Гаруна, Купалы й Коласа... Пэўна ж, ня ўсіх іх можна аднесьці да бясспрэчных клясыкаў айчыннага прыгожага пісьменства.

Ды й творы выбраныя не бездакорныя. Скажам, поруч зь вядомым Купалавым "Хлопчыкам і лётчыкам" — верш Адама Гурыновіча "Каток", напісаны мовай ХІХ стагодзьдзя, якая нагадвае сёньняшнюю трасянку: "Ах, дарма, мой хлопчык, напрасна, дзіця, Пячоныя пташкі у рот не ляцяць". У двух радках — пяць моўных хібаў. Скажы, Алесь, паводле якіх крытэраў ты падбіраў творы?"

(Бадак: ) "Я спыніўся на нашых клясыках. Чаму ў Буквар трапілі вершы Гурыновіча? Бо была вялікая праблема... Калі падыходзіць вельмі строга й адбіраць толькі клясычныя творы, то засталіся б толькі Купала, Колас, Багдановіч, ну, мо, яшчэ некалькі імёнаў...

Мой Буквар складаецца зь дзьвюх частак. Па першай можна вучыцца чытаць, знаёміцца зь літарамі, а другая — гэта чыста літаратурны матэрыял, па якім можна мець уяўленьне пра беларускую дзіцячую літаратуру пачатку ХХ-га стагодзьдзя.

Увогуле, мне часам сьмешна бывае, калі чытаю падручнік — ці то па мове, ці нейкую чытанку. Там столькі лішніцы! Вось перада мной "Чытанка для дзіцячага сада", складзеная аўтарытэтнымі й паважанымі людзьмі — Пятром Садоўскім і Вінцуком Вячоркам. Гартаю й знаходжу "шэдэўры" кшталту гэтага: "Куды ні глянь — лясы шумяць, цьвіце за полем гай, а поле вокам не абняць, і гэта ўсё мой Край. Пшаніца, жыта на палях, усюды ураджай, стагі — як горы на лугах, і гэта ўсё мой Край..." Такія вершы дасылаюць у часопіс "Бярозка" школьнікі... А вучні ўсё запамінаюць і нясуць праз усё жыцьцё, а потым гавораць, чаму ў нас такая кепская беларуская літаратура..."

(Скобла: ) "Алесь, вернемся да прадмету нашай гутаркі. У складзеным табой Буквары шмат ананімных твораў. Чые яны?"

(Бадак: ) "Гэта мае творы. Бо знайсьці верш клясыка пад нейкую канкрэтную літару вельмі цяжка, практычна немагчыма. Таму мне давялося нешта дапісаць самому".

(Скобла: ) "У апошнім па часе выданьні Буквара Анатоля Клышкі я прачытаў, што Наваградак — першая сталіца беларускай дзяржавы. У новым Буквары пра гэта згадкі няма. Пачынаецца Клышкаў Буквар з малюнка, на якім дзеці нясуць кветкі да помніка Францішку Скарыну. Што намалюе мастак на першых старонках вашага Буквара, пакуль невядома.

Пытаньне да ініцыятара праекту Ўладзімера Адамчыка: ці дастаткова ў новым Буквары, умоўна кажучы, элемэнтаў патрыятычнага выхаваньня, і ўвогуле, якімі яны мусяць быць?"

(Адамчык: ) "У новым Буквары павінны быць карціна Бялыніцкага-Бірулі, добрыя фотаздымкі Менску, Мірскага замка, павінны быць намаляваныя Нёман і Дняпро, возера Нарач, партрэт Францішка Скарыны — гэта сакральныя для беларусаў рэчы.

Павінны быць радкі Якуба Коласа: "Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе ня маю сілы". Потым — верш Алеся Гаруна "Ты, мой брат, каго зваць беларусам..." (Ён, дарэчы ёсьць у Клышкавым Буквары.) Абавязкова павінен быць верш "Пагоня" Максіма Багдановіча — гэта твор для завучваньня напамяць.

Вельмі важны выбар асноўных словаў. Для беларусаў, я лічу, вельмі важныя словы "бульба", "тата", "дом", "хата", "жыта", "жыцьцё"... Яны, гэтыя словы, за 500 гадоў не зьмяніліся.

Сёньня неабходна правесьці хрысьціянізацыю буквара. У ім павінны быць словы "Бог", "анёл", "сабор", "царква", "касьцёл".

(Скобла: ) "І апошняе, агульнае для маіх суразмоўцаў, пытаньне, на якое хацелася б пачуць ляканічны адказ. Чаму ўсё ж такі "буквар", а не "лемантар", як было на Беларусі спрадвеку?"

(Адамчык: ) "Таму што слова "буквар" ужо стала традыцыйным, мы да яго прызвычаіліся, на жаль. І таму я не пайду на такую авангардную рэформу. А вось калі мы пяройдзем на лацінскі шрыфт, а да гэтага трэба рыхтавацца, вось тады й памяняем слова "буквар" на "лемантар".

(Бадак, сьмяецца: ) "Для сярэднестатыстычнага беларуса слова "лемантар" нязвыклае. У гэтым слове яму "лямант" можа пачуцца, а ляманту ў нашым жыцьці й так дастаткова".

(Скобла: ) "На заканчэньне гутаркі я дадам колькі словаў. У 1930-40-я гады мінулага стагодзьдзя школьныя хрэстаматыі, што абавязкова пачыналіся "Лістом беларускага народа вялікаму Сталіну", складаў Баўдзей — служыў такі дзяяч на ніве беларускай асьветы. Тады не пазначалі ні імя, ні ініцыялаў, так і пісалі на шмуцтытуле — склаў Баўдзей.

За сем мінулых гадоў былі перапісаныя школьныя падручнікі па гісторыі, адцэнзураваныя праграмы па літаратуры. Ня дай Бог, каб беларускія дзеці ізноў пачалі вучыцца па чытанцы "Роднае слова", якую складзе для іх сучасны баўдзей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG