Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – 40 ГОД ПАЧАТКУ БУДАЎНІЦТВА БЭРЛІНСКАЙ СЬЦЯНЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Канцлер, а таксама старшыня Бундэстагу Вольфганг Тырсэ і мэр сталіцы Кляўс Вовэрайт усклалі кветкі да помніку ахвяраў Бэрлінскай сьцяны.

Усходняя Нямеччына з дапамогай Савецкага Саюзу пачала будаваць Бэрлінскую сьцяну 13 жніўня 1961-га году, каб прадухіліць масавае перасяленьне немцаў ў заходнюю частку Бэрліну. Бэтонная замінаваная сьцяна з бункерамі, вартавымі вежамі, сабакам і пражэктарамі налічвала 155 кілямэтраў даўжыні і ачэплівала ўсю заходнюю частку Бэрліну. Яна была сымбалем “жалезнай заслоны”, якая дзяліла ўсходнюю і заходнюю Эўропу. Зараз зь яе засталіся толькі адмыслова пакінутыя фрагмэнты. Ахоўнікі без перабору стралялі ў тых, хто спрабаваў перайсьці ў Заходні Бэрлін. Агулам з 61-га па 89-ы год загінулі некалькі сотняў чалавек. У памяць ахвяраў сталічныя ўлады загадалі апусьціць сьцягі на ўрадавых будынках.

Пасьля ўскладаньня кветак да Мэмарыялу Бэрлінскай сьцяны, канцлер ФРГ Шродэр заявіў:

(Шродэр: ) “Я хацеў бы бачыць ясныя выказы спачуваньня тым, хто стаў ахвяраю сьцяны, таксама спачуваньня тым блізкім ахвяраў, якія ня могуць забыцца пра тое, што здарылася”.

Канцлер ФРГ падкрэсьліў, што Бэрлінская сьцяна не была, як цьвердзяць некаторыя, непазьбежным вынікам “халоднай вайны”, але “выявай пагарды для чалавечых правоў з боку антыдэмакратычнага рэжыму”.

Прэзыдэнт ФРГ Ёганэс Раў са свайго боку адзначыў, што пабудова Бэрлінскай сьцяны была злачынствам супраць свайго ўласнага народу. Ужываючы біблейскую тэрміналёгію ён назваў сьцяну “пячаткай Каіна” – сымбалем віны і дадаў, што ва Ўсходнім Бэрліне “сіла ды ідэалёгія ўзялі верх над чалавечымі правамі і годнасьцю”. “Мы не павінны забываць пакуты і несправядлівасьць, якія зазналі многія людзі, і павінны ўсьведаміць сабе каштоўнасьць дару нацыянальнага адзінства,” – сказаў прэзыдэнт ФРГ Ёганэс Раў.

Учора вядучыя палітыкі партыі Хрысьціянскіх дэмакратаў правялі ля былога кантрольна-прапускнога пункту Фрыдрыхштрасэ мітынг з удзелам некалькіх сотняў тысяч чалавек. Лідэр Хрысьціянскіх дэмакратаў Ангэля Мэркель сказала:

(Мэркель: ) “Па-першае, я радая, што Бэрлінскай сьцяны ўжо няма. Па-другое, я думаю, мы заўсёды павінны памятаць пра тое, што азначала гэтая сьцяна і той час для людзей, для сем’яў. Па-трэцяе, мы павінны вынесьці з гэтага ўрок для сябе і заўсёды адстойваць свабоду, не йдучы на кампрамісы. Гэта вельмі важна для мяне”.

Апазыцыйныя палітыкі востра асудзілі лідэраў бэрлінскіх сацыял-дэмакратаў за здраду “ідэалаў палітыкі і гісторыі гораду”, за іхны палітычны флірт з Партыяй Дэмакратычнага Сацыялізму – былымі камуністамі. Паводле слоў прэм’ера Баварыі, прысутнасьць былых камуністаў на цырымоніі, “гэта зьдзек над ахвярамі Бэрлінскай сьцяны ды іхнымі сем’ямі”. З прычыны удзелу ПДС ў цырымоніі, яе байкатавалі многія сем’і тых, хто загінуў, спрабуючы прарвацца ў заходні Бэрлін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG