Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАЧАЛІ ВЫПЛОЧВАЦЬ КАМПЭНСАЦЫІ ВЯЗЬНЯМ ФАШЫСТОЎСКІХ КАНЦЛЯГЕРОЎ І ТЫМ, ХТО ПРЫМУСОВА ПРАЦАВАЎ У НЯМЕЧЧЫНЕ


Ягор Маёрчык, Менск

Ужо сёньня 10 000 людзей могуць атрымаць ад фундацыі "Ўзаемаразуменьне і прымірэньне" частку грошай за свае пакуты. Агульная сума выплат, якія будуць ісьці 3 гады, складае 694 мільёны нямецкіх марак.

На афіцыйнай цырымоніі з нагоды пачатку выплатаў кампэнсацыяў 76-гадовы Зьміцер Случака, былы вязень лягеру Заксэнхаўзэн, пачуваўся ня вельмі ўтульна. І ня толькі таму, што ён, просты чалавек, стаяў побач з высокімі чыноўнікамі з адміністрацыі прэзыдэнта, Савету Міністраў і "палаты прадстаўнікоў". Проста стаўленьне спадара Случакі да сёньняшніх выплатаў застаецца супярэчлівым:

(Случака: ) "Вы ведаеце, я адчуваю і боль, і крыху радасьці. Дзякуй, што немцы не забылі нас, былых вязьняў. Праўда, нашмат больш я згубіў здароўя, чым гэтыя грошы. Палон адбіўся на ўсім маім жыцьці. Мяне шмат разоў дакаралі: мы ня ведаем, што ты там рабіў два гады. Я ўвесь час быў пад падазрэньнем. Канцлягер — гэта боль на ўсё жыцьцё. Мне падаецца, што гэтыя грошы ня змогуць аплаціць мае пакуты".

Зьміцер Случака як вязень канцлягеру атрымае каля 15 тысяч нямецкіх марак кампэнсацыі. Тыя, каго забралі ў Нямеччыну на прымусовыя працы, — каля 5 тысяч. Грошы будуць выдаваць дзьвюма часткамі — 65% і 35%.

Такіх, як Зьміцер Случака, у адну зь філіяў "Беларусбанку" прыйшло сёньня 15 чалавек. Усяго за тры гады, пакуль будзе ісьці выплата кампэнсацыяў, грошы змогуць атрымаць блізу 150 тысячаў грамадзянаў Беларусі. Агульная сума складзе 694 мільёны нямецкіх марак.

Старшыня праўленьня нямецкай фундацыі "Памяць. Адказнасьць. Будучыня", партнэр беларускай фундацыі "Ўзаемаразуменьне і прымірэньне", Міхаэль Енсан згодны, што вымерыць грашыма пакуты людзей у часе Другой усясьветнай вайны немагчыма.

(Енсан: ) "Гадоў, якія адабралі ў вязьняў, вярнуць мы ня можам. Але гэтыя грошы павінны стаць знакам прызнаньня іхных пакутаў і нашае адказнасьці. Мы, немцы, прымаем на сябе палітычную і маральную адказнасьць за цяжкія злачынствы, які ў тыя гады рабіліся ад імя немцаў. Да колішніх вязьняў я зьвяртаюся з просьбай прыняць гэтыя грошы як знак добрай волі. Але для нас не існуе канчатковай кропкі, калі гаворка ідзе пра маральную і палітычную адказнасьць".

Пацярпелыя ад фашыстаў па-рознаму ставяцца да таго, што Нямеччына грашыма кампэнсуе злачынствы 50-гадовай даўніны. Аднак усе яны згодныя з тым, што гэтыя выплаты будуць добрым дадаткам на маленькіх пэнсіяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG