Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ФЭЕРЫЧНЫМ КАНЦЭРТАМ СКОНЧЫЎСЯ АСЬВЕТНІЦКІ КАРАВАН “ПІЛІГРЫМ”


Ганна Соусь, Менск

Вандроўкі супалі па часе зь перадвыбарчай кампаніяй, напэўна таму "Пілігрымы" сутыкнуліся з шэрагам перашкодаў з боку мясцовых уладаў.

Караван "Пілігрымы" распачаўся 8 ліпеня, і, падзяліўшыся на дзьве плыні, мусіў прайсьці з канцэртамі ў 25 беларускіх гарадах. У гэтым праекце ўзялі ўдзел больш за 70 чалавек. "Пілігрымамі" сталі музыканты, мастакі, акторы, журналісты. Вось як патлумачыла Радыё Свабода мэты гэтай акцыі каардынатарка праекту Сьвятлана Каралёва:

(Каралёва: ) "Мы доўга думалі, што можам зрабіць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? Мы не маглі ўвайсьці ў склад нейкай каманды, таму што ў нас дакладна вызначана — грамадзкая арганізацыя ня мае права займацца палітычнай дзейнасьцю. Адзінае, што магчыма паводле нашага статуту — рэалізацыя правоў моладзі, права свабоднага выбару, выбару свайго будучага. Але чаму арганізацыю, якая выходзіць зь лёзунгам "Свабоднае прыняцьце рашэньняў", называюць палітычнай акцыяй і забараняюць нашыя канцэрты?"

"Пілігрымы" сутыкнуліся з шэрагам перашкодаў з боку мясцовых уладаў. Прыкладам, у Салігорску ім забаранілі разьмесьціцца ў гатэлі, і ўдзельнікам акцыі давялося ехаць у другі горад. У Наваполацку "Пілігрымам" адмовілі ў канцэрце з прычыны 60-годзьдзя першага залпу "Катюшы", у Мазыры — з прычыны падрыхтоўкі да "Дажынак". 1 жніўня міліцыя спрабавала канфіскаваць іхны аўтобус. Пра гэтыя ды іншыя першкоды распавядае Іна Драздова:

(Драздова: ) "Вялікая праблема была з Магілёўскай вобласьцю. У Бабруйску, Крычаве й Горках нам адмовілі ў правядзеньні канцэртаў. Ва ўсіх гарвыканкамах нам казалі, што ў іх хапае сваіх апазыцыянэраў. У Крычаве нам забаранілі пакідаць гатэль. Чатыры разы за дзень да нас прыходзілі міліцыянты".

Але "Пілігрымы" ўсё ж далі канцэрты ў 18 гарадах. А больш чым у 40 вёсках адбыліся гэтак званыя акустычныя канцэрты й сустрэчы зь людзьмі. Дарэчы, паводле адной з арганізатарак "Пілігрымаў" Алены Юркоўскай, у вёсках паўсталі й дадатковыя праблемы.

(Юркоўска: ) "Выйшла пастанова (я ня ведаю якая, мы яе ня бачылі), згодна зь якой забароненыя любыя культурныя мерапрыемствы ў вёсках, калі яны ня ўзгодненыя з раённым цэнтрам. І нам пачалі адмаўляць у вёсках. У чатырох вёсках мы толькі размаўлялі зь людзьмі й ня ладзілі канцэртаў. Таму што вясковыя ўлады — старшыня калгасу альбо сельсавету — упіраліся й казалі "Не, накіроўвайцеся ў раённы цэнтар".

Паводле Алены Юркоўскай, у вёсках у іх часта пыталіся: "За каго трэба галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах?" А ў некаторых глухіх вёсках людзі дакладна не разумелі, хто да іх прыехаў. Распавядае Каця Каласкова:

(Каласкова: ) "Нашых "Пілігрымаў" прымалі за самых розных людзей — пачынаючы ад прадстаўнікоў рэлігійных сэктаў, таму што яны мелі аднолькавыя яркія фуфайкі, і заканчваючы зоркамі мясцовага рок-н-ролу".

Усяго ў акцыі "Пілігрымы" ўзялі ўдзел каля 12 тысяч чалавек. Сёньня культурна-асьветніцкі караван завершыўся ў Менску фэерычным канцэртам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG