Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ’ЯДНАНЫ ШТАБ ГАНЧАРЫКА Ў ГОМЕЛІ ПАЧАЎ ПАКВАТЭРНАЕ АПЫТАНЬНЕ ВЫБАРШЧЫКАЎ


Кізімер Яноўскі, Гомель

Рэгіянальныя ініцыятыўныя групы Міхаіла Чыгіра і Паўла Казлоўскага першымі далучыліся да абласнога штабу Ўладзімера Ганчарыка. Учора сваю згоду ўвайсьці ў агульную каманду далі прадстаўнікі лідэра камуністаў Сяргея Калякіна. Як засьведчыў кіраўнік рэгіянальнага штабу Ганчарыка Юрась Захаранка, агулам каманда павялічылася больш чым на тысячу добраахвотнікаў. Вядуцца перамовы пра сумесны ўдзел у выбарчай кампаніі з рэгіянальнымі актывістамі Сямёна Домаша, якія маюць свой досьвед гэтай працы.

Ёсьць і яшчэ адна асаблівасьць сумесных высілкаў. Пра яе расказвае кіраўнік гомельскага штабу Ганчарыка Юрась Захаранка:

(Захаранка: ) “Зараз мы разам распачалі пакватэрнае апытаньне выбаршчыкаў на прадмет вядомасьці адзінага кандыдата ад шырокай грамадзкай кааліцыі. Мы імкнемся высьвятліць пажаданьні і праблемы, якія давядзецца вырашаць новаму прэзыдэнту. Мы наважыліся правесьці такое апытаньне прыкладна ў 60 тысячах кватэраў жыхароў рэгіёну”.

Учора і сёньня з апытальнымі лістамі толькі ў абласным цэнтры зьвярнуліся да выбаршчыкаў каля сотні добраахвотнікаў аб’яднанага штабу Ганчарыка. Яны высьвятляюць найперш, ці ведаюць гараджане пра вылучэньне адзінага кандыдата, як ставяцца выбаршчыкі да яго асобы. Валанцёры цікавяцца таксама, якія праблемы ў першую чаргу павінен вырашаць новы прэзыдэнт, якія мясцовыя справы турбуюць людзей.

Паводле зьвестак штабу Ганчарыка, першыя два дні пакватэрнага апытаньня паказалі, што прыкладна 60 адсоткаў гамельчукоў жадаюць галасаваць за новага кандыдата ў прэзыдэнты, людзі стаміліся ад падзелу грамадзтва на “чэсных” і “нячэсных”, ад бесьперапыннага пошуку ворагаў. Ім патрэбны кіраўнік, які здольны аб’яднаць усіх, хто жадае краіне пераменаў да лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG