Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МЫТНЯ ЎЦІСКАЕ ЎКРАІНСКІХ СЭЗОННЫХ РАБОТНІКАЎ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ


Алег Супрунюк, Берасьце

Cёлета пастановай беларускага ўраду прадпрыемствам i гаспадаркам Берасьцейскай вобласьцi дазволена выкарыстоўваць на так званых сэзонных работах 5000 iншаземных грамадзянаў. Фактычна гэты дазвол зроблены дзеля таго, каб жыхары памежных зь Берасьцейшчынай рэгiёнаў Украiны маглi легальна ўладкавацца на працу (пераважна ў сельскай мясцовасьцi).

Цяперашнiя беларускiя ўлады падаюць гэты факт як сьведчаньне правiльнасьцi абранага сацыяльна-эканамiчнага курсу, якi дазваляе зарабiць ня толькi беларусам, але i грамадзянам суседняй дзяржавы.

Мiж тым, мала хто ведае, што працуючы на гэтых сэзонных работах, украiнцы адмаўляюцца атрымлiваць свой заробак беларускiмі рублямі. Яны пагаджаюцца з кiраўнiкамi мясцовых гаспадарак працаваць толькi за натуральную плату — збожжам, бульбай цi цукрам. Разьлiк адбываецца ўжо пасьля ўборкi ўраджаю. Але нягледзячы на iснаваньне адпаведных дамоўленасьцяў грамадзянам Украiны не дазваляюць вывозiць заробленыя харчы празь мяжу.

Па словах берасьцейскага юрыста i праваабаронцы Iгара Кабалiка, за апошнiя тры гады ён склаў амаль паўсотнi скаргаў у суд ад iмя грамадзянаў Украiны, у якiх беларускiя мытнiкi забіралi ня толькi цукар цi зерне, але i аўтатранспарт, на якiм перавозiўся гэты груз. І не было выпадку, каб затрыманыя харчы вярнулі iхным уладальнiкам. Iгар Кабалiк упэўнены: чакаць, што сёлета сытуацыя зьменiцца, не выпадае.

(Кабалiк: ) "Зараз заканчваецца ўборка. А гэта азначае, што разьлiчвацца з украiнцамi зноў будуць збожжам i цукрам. I зноў пачынаецца ўзаконенае рабаваньне на мяжы".

У абласным камiтэце сельскай гаспадаркi й харчаваньня сёньня ня здолелi дакладна адказаць, колькi грамадзянаў Украiны занятыя на сельгасработах у Берасьцейскай вобласьцi. Таксама не адказалі, цi змогуць украiнцы сёлета бесьперашкодна вывозiць тое, што зарабiлi. Затое паведамілі, што падчас наведваньня некаторых раёнаў Берасьцейшчыны старшыня Дзяржкантролю Анатоль Тозiк забаранiў кiраўнiкам гаспадарак распараджацца збожжам, пакуль ня будзе выкананы так званы дзяржаўны заказ.

Цiкава, што апошнiм часам мытнiкi забіраюць на мяжы ўжо ня толькi харчы, але i посуд, ровары i нават каляскi для iнвалiдаў. А на кiраўнiка аднаго з калгасаў у Драгiчынскiм раёне, якi пажадаў сустрэцца са сваiм украiнскiм калегам па-за пунктам памежнага кантролю, нават завялі крымiнальную справу: за непадпарадкаваньне супрацоўнiкам мытных органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG