Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЕМІТУСЬЛІВЫ ДАСЬЛЕДНІК БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДУШЫ”


Васіль Быкаў

Старэйшыя людзі сыходзяць з жыцьця кожны ў свой час, але заўжды гэты час здаецца заўчасным, а сьмерць нечаканай, занадта брутальнай.
Вячаслаў Адамчык пайшоў неспадзявана і заўчасна. Для мяне, прынамсі.

Калісь, шмат год таму, мы разам уваходзілі ў беларускую літаратуру, былі на адным літаратурным сэмінары ў слынных і мілых тагачасных Каралішчавічах. Памятаю, туды ён прывез з сабою “Зоню” – знакамітае апавяданьне, якое ўпэўнена атэставала яго як пісьменьніка народнага жыцьця, пільнага псыхоляга, знаўцу сельскага побыту. Такім ён і застаўся ў сваіх выдатных раманах – нетаропкім, немітусьлівым дасьледнікам беларускай нацыянальнай душы.

Тады ж, на самым пачатку, Вячаславу давялося адчуць на сабе ўсю жорсткасьць бальшавіцкай сыстэмы, якая не спынялася ні перад чым, каб зламаць мастака, прымусіць яго служыць, інакш яна выкідвала яго ў аўтсайдэры на жыцьцёвую ўзбочыну. Адамчык зь яго чыстай і чулай душой дужа перажываў тое і, мабыць, ня хутка ад таго збавіўся.

Апошнім часам я ня часта спатыкаўся зь ім, але памятаю колішнія нашыя сустрэчы на верхнім паверсе ягонага дома па вуліцы Карла Маркса па суседзтве зь вялікім Уладзімерам Караткевічам, зь якім сябраваў Вячаслаў. Памятаю ягоны пісьмовы стол і чарнільніцу з вучнёўскай ручкай, якой былі напісаныя ўсе яго раманы, – выдатныя раманы. Шкада, што іх працягу ён ужо не напіша, але тое, што напісаў, застанецца ў залатой скарбонцы беларускай прозы.

Пухам табе зямля, мілы наш Чэсь…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG