Гэтую акцыю арганізавалі актывісты Моладзі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Маладых сацыял-дэмакратаў, Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу й Аб'яднаньня маладых палітыкаў.
Адмыслова да акцыі распаўсюдзілі шмат улётак з інфармацыяй пра ўмовы ўдзелу. Арганізатары акцыі прапануюць жыхарам Беларусі прыйсьці ў штаб-кватэру АГП ці патэлефанаваць і абмяняць адзін чырвона-зялёны сьцяг на адзін бел-чырвона-белы. Для сяброў Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі, якія прынясуць на абмен сьцягі, будуць зьніжкі — за адзін афіцыйны яны атрымаюць два нацыянальныя сьцягі.
Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі, лідэр Моладзі АГП Алесь Карніенка:
(Карніенка: ) "У нас такіх акцыяў будзе шмат, дзе мы будзем новае аддваць наўзамен старога. Спадзяемся, што ўсё гэта завершыцца тым, што старога прэзыдэнта памяняем на новага. Мэта — каб людзі пазбавіліся хутчэй сымбаляў, якія атаясамліваюцца з гэтым рэжымам, з гэтым прэзыдэнтам, і памянялі іх на нармальныя гістарычныя".
(Карэспандэнт: ) "Скажыце, што вы будзеце прапаноўваць гэтым людзям, якія мяняюць чырвона-зялёныя сьцягі на бел-чырвона-белыя, — дзесьці вывешваць іх, ці што?"
(Карніенка: ) "Гэта ўжо ўласнасьць чалавека. Дзе яны павесяць, ці яны ў хаце павесяць яго, ці пакладуць як дарагую рэліквію ў куток да лепшых часоў, ці зь ім па вуліцы пройдуць — мы ўжо ня ведаем".
(Карэспандэнт: ) "А чаму вы робіце такія скідкі сябрам БПСМ?"
(Карніенка: ) "Калі чалавек бэпэсээмавец і ён зрабіў такі ўчынак, гэта ж сапраўдны ўчынак, таму трэба неяк аддзячыць чалавеку, што ён вось так адкрыў сваё сэрца і душу ветру пераменаў, і прынёс гэты сьцяг".
За паўгадзіны ад пачатку акцыі ў пункт абмену сьцягоў зьвярнуліся чацьвёра ахвотных. Акцыя будзе працягвацца некалькі дзён.
А ўчора ўвечары актывісты Моладзі АГП правялі "водную" акцыю. Гадзіну яны плавалі па Сьвіслачы на чатырох чаўнах, на якіх былі транспаранты "9 верасьня 2001 году — Час пераменаў".