Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК І КОЛЬКІ ТРЭБА ЗАГАРАЦЬ?


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міту Тыфоніюс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несьмяротнасьць, але забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё ператварылася для яго ў пакуты. Як можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць?

Летняе сонца спрыяе ня толькі лепшаму выгляду, але і лепшаму настрою чалавека. Сьвет у сонечных праменьнях нараджае пачуцьцё радасьці і задавальненьня. Але сонца можа зрабіць вашаму целу і немалыя шкоды. Што ж трэба зрабіць, каб знаходжаньне на сонцы прыносіла вам толькі прыемнасьць? Як не спаліцца?

Але спачатку свае парады па тэлефоне са Швайцарыі дае мэнэджэр дасьледчага праекту Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я ў справе ўплыву сонечнай энэргіі на здароў’е чалавека Колін Роі.

(Роі: ) “У нас даволі кансэрватыўны падыход да праблемы загару, таму што колькасьць захворваньняў на рак скуры пашыраецца ва ўсім сьвеце. Есьць шмат спосабаў абароны супраць празьмернага загару. Але людзі часам празьмерна давяраюць крэмам. Яны ведаюць, што яны маюць адпаведную ахову ад сонца, нават водаўстойлівую. І таму людзі часам накладаюць на скуру недастатковую колькасьць крэму. Яны памыляюцца, што іх цела пад добрай аховай. Ад ляжаньня і купаньня крэмы змываюцца. Калі вы сапраўды хочаце абараніць свае цела на адкрытым паветры, трэба мець белы капялюш на галаве, сонечныя акуляры для аховы вачэй і адпаведную вопратку, каб абараніць цела. На тыя ж часткі цела, якія не ахоўваюцца вопраткай, трэба накласьці крэм. Як вы ведаеце, на рынку сёньня вялікая колькасьць супрацьсонечных сродкаў. Мы ж рэкамэндуем карыстацца крэмамі з ахоўным фактарам як мінімум 15, а калі магчыма нават 30”.

Кожны з дапамогай наступных парадаў можа дакладна падлічыць колькі часу ён можа знаходзіцца на сонцы без ўжываньня ахоўнага крэму.

Усе людзі белай расы дзеляцца на чатыры галоўныя групы ў галіне чульлівасьці іх скуры на сонца.

Першая група – так званы кельцкі тып. Рудыя альбо ясна сьветлыя валасы, ясныя вочы і рабаціньне. Скура гэтых людзей пад уплывам сонца амаль ніколі ня робіцца шакаляднай, застаецца чырвонай ці ружовай. Лекары рэкамэндуюць асобам кельцкага тыпу ня больш за 5-10 хвілінаў быць на сонцы без абарончага крэму.

Другая група – паўночна-эўрапейскі тып. Цёмна-русыя валасы, вочы і скура яснага колеру. Пад уплывам сонца скура робіцца ружовай, рэдка шакаляднага колеру. На сонцы без абарончага крэму можна знаходзіцца ня больш за 10-20 хвілінаў.

Трэцяя група – цэнтральна-эўрапейскі тып. Валасы шатэнавыя, скура крыху смуглая. Пад узьдзеяньнем сонца скура спачатку робіцца ружовай, але вельмі хутка ружовы колер пераходзіць у карычневы. Людзі гэтай групы могуць быць на сонцы бяз крэму да 30 хвілінаў.

Чацьвёртая група – паўднёва-эўрапейскі тып. Валасы цёмныя ці чорныя, карыя вочы, скура выразна смуглая. Загар амаль адразу робіцца карычневага колеру. На сонцы без ахоўнага крэму можна знаходзіцца да 45 хвілінаў.

Ахоўныя крэмы – важная ўмова бясьпечнага загару. Кожны зь іх мае так званы фактар эфэктыўнасьці супрацьсонечнага фільтру. Моц фільтру характарызуецца ў лічбах, якія надрукаваныя на цюбіку.

Што ж сымбалізуюць гэтыя лічбы? І як імі карыстацца?

Калі, напрыклад, у вас кельцкі тып скуры, і вы можаце знаходзіцца на сонцы бяз крэму ўсяго 5 хвілінаў, а вы купілі крэм з фактарам 15, трэба 5 памножыць на 15. Атрымліваецца 45. Гэта значыць, што вы бясьпечна можаце знаходзіцца на сонцы 45 хвілінаў.

Другі прыклад. У вас цэнтральна-эўрапейскі тып скуры. На сонцы вы бяз крэму можаце быць да 30 хвілінаў. Калі вы будзеце карыстацца крэмам з фактарам 10, дык ваш час бясьпечнага знаходжаньня на сонцы падаўжаецца да 5 гадзінаў – 30 памножанае на 10 атрымліваецца 300 хвілінаў, а гэта 5 гадзінаў.

Памятайце, аднак, што ахоўны крэм можа быць сьцёрты пяском ці травой. Ня ўсе крэмы водаўстойлівыя. Так што рэкамэндуецца, нягледзячы на фактар, аднаўляць крэм кожныя дзьве-тры гадзіны.

Фільтры, якія выкарыстоўваюцца ў ахоўных крэмах, могуць быць хімічныя ці мінэральныя. Хімічныя звычайна больш эфэктыўныя. Яны дзейнічаюць такім чынам, што неўтралізуюць сонечныя промні, але і самі зьмяняюць свой хімічны склад. Таму часам гэтыя фільтры могуць выклікаць раздражненьне скуры. У склад мінэральных крэмаў уваходзіць пераважна вокіс цынку, які дзейнічае такім чынам, што па-просту адбівае сонечныя промні.

І на заканчэньне адна вельмі важная заўвага. Ахоўным крэмам трэба націраць скуру за 20 хвілінаў перад выхадам на сонца.

І яшчэ адно. Адказваючы на пытаньне радыёслухачкі Галіны Цярэшчанкі з Менску, прыгадаем, што інтэнсыўнасьць загару ў салярыі пад спэцыяльнымі ультрафіялетавымі лямпамі прыблізна ў тры разы большая, чымся пад звычайным сонцам. Так што і ў салярыі рэкамэндуецца карыстацца ахоўнымі крэмамі.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Садавіна – эфэктыўны сродак прафіляктыкі сардэчна-судзінных захворваньняў. І калі вы, паводле рэкамэндацыі “Realage”, ужо пачалі ўключаць яе у вашае штодзённае мэню, паспрабуйце зрабіць так, каб сярод пладоў на вашым стале пераважалі плады са скурай. Паводле вынікаў хімічнага аналізу, у скуры знаходзіцца найбольшая канцэнтрацыя каратэноідаў, якія найбольш спрыяюць умацаваньню здароў’я. Realage прыпамінае, што ўключэньне садавіны ў аптымальнай кольскасьці ў склад вашага мэню можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзей.

2. Вегэтарыянства, як сьцьвярджаюць экспэрты “Realage”, мае свае добрыя і адмоўныя бакі. Устрыманьне ад спажываньня мяса і мясных прадуктаў дапамагае зьнізіць узровень дрэннага халестэрыну ў крыві, але адначасна арганізму вэгэтарыянца можа не хапаць вітамінаў Д і Б-12. Гэтыя вітаміны можна атрымаць толькі ў выніку спажываньня мясных і малочных прадуктаў. Таму Realage рэкамэндуе вегэтарыянцам карыстацца полівітаміннымі дабаўкамі да штодзённага мэню. Рэгулярны прыём полівітамінаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзей.

3. Розныя карысьці ад піцьця зялёнага чаю, здаецца, ніколі ня скончацца. Вынікі новага дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што зялёны чай – эфэктыўны сродак прафіляктыкі раку страўніка. Асобы, якія рэгулярна пьюць зялёны чай, маюць прыблізна ў два разы меншую рызыку захварэць на рак страўніка, чымся тыя, хто яго ня п’е. Вучоныя лічаць, што прычына гэтага ў моцных антыаксыдантах, якія перашкаджаюць разьвіцю хваробы. Здаровая харчаваньне можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 12 гадоў маладзей.

4. Сярод моладзі сёньня вельмі папулярны так званы “пэрсінг” (праколваньне вушэй, носу і іншых частак цела). Экспэрты Realage, аднак, папярэджваюць, што гэта можа мець сталы адмоўны ўплыў на стан вашага здароў’я. У Францыі, напрыклад, у мінулым годзе каля 100 тысячаў чалавек трапілі ў шпіталі пасьля таго, як яны займаліся “пэрсынгам” у не зусім стэрыльных умовах. Пераважна яны заражаюцца гепатытам (жаўтухай), хваробай, якая здольная стала пакалечыць вашую пячонку. “Пэрсынг” таксама нясе з сабой магчымасьць заражэньня іншымі небясьпечнымі інфэкцыйнымі хваробамі.

5. Амэрыканскія лекары-сэксолягі правялі экспэрымэнт, вынікі якога могуць дапамагчы ўрэгуляваньню канфліктных сытуацыяў у сям’і, а таксама спрыяць нармалізацыя сэксуальнага жыцьця сталых партнэраў. У выніку апытаньня групы каля тысячы чалавек высьветлілася, што 98% апытаных мужчынаў і 80% жанчынаў прызналіся, што ў сваіх сэксуальных фантазіях яны бачылі сябе не са сваім сталым сэксуальным партнэрам, а зь іншай асобай. Пры гэтым наяўнасьць падобных фантазіяў зусім не абавязкова прыводзіць да сапраўднай здрады. У тых жа, хто ў сапраўднасьці здраджвае, інтэнсыўнасьць падобных фантазіяў была вышэйшая. Частата фантазіяў залежыць таксама ад сацыяльнага статуса, адносінаў са сталым партнэрам і псыхалягічнага тыпу чалавека. Realage прыгадвае, што рэгулярны здаровы сэкс можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 5 гадоў маладзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG