Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛОШАВІЧ ВЫДАДЗЕНЫ Ў ГААГУ


Кастусь Бандарук, Прага

Сэнсацыйную навіну спачатку пацьвердзіў прадстаўнік сэрбскага ўраду Нэмонья Колэшар, а затым прэс-сакратар Трыбуналу Джым Ландал прызнаў, што Мілошавіч знаходзіцца па дарозе ў Гаагу.

Падзеі вакол экстрадыцыі Мілошавіча разыграліся імгненна. Яшчэ ўчора ў поўдзень Канстытуцыйны суд, у свой час прызначаны самім Мілошавічам, прыпыніў працэдуру экстрадыцыі. Ён прыступіў да разгляду дэкрэту сэрбскага ўраду, які стаў падставай для выдачы былога прэзыдэнта. Прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч адрэагаваў на спробу зацягнуць экстрадыцыю маланкава: урад скасаваў пастанову Канстытуцыйнага суду і вырашыў неадкладна адаслаць Мілошавіча ў Гаагу. Учора па палудні Мілошавіч, які з 1 красавіка знаходзіўся ў бялградзкай турме, быў сьпешна перавезены на амэрыканскую базу ў Тузлі на тэрыторыі Босьніі і адтуль брытанскім самалётам дастаўлены ў Гаагу. У сьледчым ізалятары Шэнінген на яго ўжо чакала адмысловая камэра.

Неспадзяванае рашэньне аб выдачы Слабадана Мілошавіча Міжнароднаму трыбуналу, прынятае сэрбскімі міністрамі ад Дэмакратычнай апазыцыі Сэрбіі, выклікала абурэньне яе партнэраў ва ўрадзе Югаславіі і прэзыдэнта Ваіслава Каштуніцы. Неўзабаве пасьля таго, як заходнія лідэры віталі экстрадыцыю Мілошавіча, Каштуніца выступіў па нацыянальным тэлебачаньні Сэрбіі і заявіў:

(Каштуніца: ) “Мы зараз апынуліся перад праблемамі, які створаныя неразумна і без неабходнасьці. Сёньняшняя экстрадыцыя былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча ня можа лічыцца ні законнай ні канстытуцыйнай”.

“Законнасьць краіны ня можа будавацца на беззаконьні,” – сказаў Каштуніца і дадаў, што “з арсэналу палітыкі Мілошавіча былі ўзятыя і скарыстаныя самыя недэмакратычныя элемэнты: бяззаконьне, сьпешныя прыніжальныя дзеяньні, якіх ніхто зь міжнароднай супольнасьці катэгарычна не патрабаваў. Выглядае, што нехта у краіне, а не за мяжою, вельмі сьпяшаўся выканаць не вядома калі ўзяты на сябе абавязак,” – заявіў югаслаўскі прэзыдэнт. Ён адзначыў, што зараз трэба рашуча і цьвяроза разгледзець вынікі гэтага кроку і супрацьстаяць найгоршаму – пагрозе краіне, грамадзянам і парушэньню міру ў рэгіёне.

Дарэчы, учора вечарам у цэнтры Бялграду адбыўся шматтысячны мітынг пратэсту супраць выдачы Мілошавіча. Лідэры Сацыялістычнай і Радыкальнай партыяў назвалі выдачу Мілошавіча здрадай інтарэсам сэрбскага народу і заклікалі да непаслушэнства ўладам. Лідэр Сацыялістычнай партыі Чарнагорыі, якая ўвайшла ў кааліцыю з сэрбскімі дэмакратамі, Прэдраг Булатавіч заявіў, што гэта, праўдападобна, прывядзе да распаду кааліцыі і ,магчыма, распаду Югаславіі на дзьве асобныя краіны.

Са свайго боку, прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч, які, верагодна, арганізаваў выдачу Мілошавіча, заявіў, што экстрадыцыя былога прэзыдэнта была неабходная “для будучыні Сэрбіі”. “Калі б справа зацягнулася, Сэрбіі пагражала б страта замежнай дапамогі і міжнародная ізаляцыя,” – тлумачыў свой крок Зоран Джынджыч. “Акрамя таго, – дадаў ён, – у складзе Канстытуцыйнага суду скампрамэтаваныя судзьдзі, якія наагул ня маюць права прымаць рашэньняў. Паводле Джынджыча, Каштуніца пра ўсё мусіў ведаць, паколькі ягоныя прадстаўнікі ўдзельнічалі ў паседжаньні кабінэту, калі абмяркоўвалася пытаньне экстрадыцыі”. Кожны, хто хацеў пра гэта даведацца, мог даведацца,” – сказаў прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч.

Затое зь непрыхаваным задавальненьнем прынялі вестку пра выдачу Мілошавіча заходнія лідэры. Паводле прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, гэта сыгнал для ўсіх, хто спрычыніў шмат гора на Балканах, сыгнал таго, што яны “адкажуць за свае злачынствы”. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл адзначыў:

(Паўэл: ) “Я задаволены, што Мілошавіч будзе прыцягнуты да адказнасьці і стане перад Міжнародным судом. Я рады, што значную ролю ў гэтым адыграў амэрыканскі ціск”.

На думку генэральнага сакратара ААН Кофі Анана, экстрадыцыя Мілошавіч – гэта перамога справядлівасьці над бяспакаранасьцю і над гэтым павінны задумацца іншыя дыктатары.

(Анан: ) “Я думаю, тое, што здарылася і ў што мала хто верыў, калі адзін з самых магутных людзей на Балканах сёньня апынуўся ў руках Гааскага трубуналу, павінна паказаць ўсім сучасным лідэрам, якія злоўжываюць сваёй ўладай, што іхныя народы і міжнародная супольнасьць прыцягнуць іх да адказнасьці і што ніхто ня можа адчуваць сябе беспакараным”.

Галоўны пракурор Міжнароднага трыбуналу Карла дэль Понтэ назвала экстрадыцыю Мілошавіча “эпахальным крокам міжнароднага правасудзьдзя, хаця для суду гэта толькі пачатак працяглага працэсу”.

Таксама лідэры Эўразьвязу і шэрагу заходнеэўрапейскіх краінаў віталі экстрадыцыю Мілошавіча. Паводле словаў прадстаўніка Эўразьвязу Гунара Віганда, “старшыня Эўракамісіі Рамана Продзі павіншаваў югаслаўскія ўлады з выдачай Мілошавіча і выказаў перакананьне, што гэтая падзея паспрыяе ўмацаваньню сэрбскай дэмакратыі”.

Выразна менш энтузіязму выявілі расейскія лідэры, у прыватнасьці, спікэр Дзярждумы Селязьнёў, які сказаў, што Мілошавіч быў прададзены Захаду за абяцаны мільярд даляраў. Затое міністар замежных справаў Расеі Іваноў падкрэсьліў, што гэта ўнутраная справа Югаславіі.

Вырашэньне пытаньня Слабадана Мілошавіча патрабавала хуткіх дзеяньняў, паколькі сёньня ў Брусэлі зьбіраецца канфэрэнцыя ў справе міжнароднай дапамогі Югаславіі. Бялград спадзяецца атрымаць 1250 мільёнаў даляраў на адбудову эканомікі, якая пацярпела ў выніку налётаў НАТО і міжнародных санкцыяў. Рызыкоўны крок сэрбскага ўраду, які нармальным шляхам юрыдычных працэдураў нічога ня мог дасягнуць, праўдападобна, прынясе плён у выглядзе канкрэтнай дапамогі. Аднак цаной, якую, мабыць, давядзецца заплыціць, будзе распад фэдэральнага ўраду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG