Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ДЭКРЭТ ЛУКАШЭНКІ. НА ГЭТЫ РАЗ – АБ ДАХОДАХ КАНДЫДАТАЎ У ПРЭЗЫДЭНТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Камэнтар да дэкрэту тлумачыць, што мэтай дэкрэту ёсьць падвышэньне ўзроўню дэмакратыі, законнасьці й галоснасьці пры падрыхтоўцы й правядзеньні выбараў прэзыдэнта.

Блізкімі сваякамі кандыдата ў прэзыдэнты лічацца бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя, родныя браты і сёстры, дзед, бабуля і ўнукі. Усе яны разам з жонкай кандыдата і ейнымі бацькамі павінны прадаставіць дэклярацыю пра даходы ў Цэнтарвыбаркам. А Цэнтральная камісія цягам дзесяці дзён пасьля рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты павінна даць зьвесткі аб даходах у сродкі масавай інфармацыі для публікацыі.

Гэта азначае наступнае: калі дзеці, прыкладам, вучацца за мяжой, альбо бацькі хворыя і ня могуць своечасова выканаць гэтых патрабаваньняў, то кандыдата могуць не зарэгістраваць.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Міхаіл Чыгір лічыць, што зьяўленьне гэтага дэкрэту сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не гатовы да сумленнай барацьбы. Гаворыць Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Зьяўленьне гэтага дэкрэту сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не гатовы да адкрытай, сумленнай барацьбы. Таму ён шукае такія рычагі, празь якія можна зьняць найбольш небясьпечных канкурэнтаў. Гэта парушэньне заканадаўства.

Гэты дэкрэт супярэчыць выбарчаму заканадаўству. Выбары ўжо аб’яўленыя, а гэта пагаршэньне ўмоваў. Наогул, я лічу, што ён павінен спачатку разабрацца ў сваёй фінансавай сытуацыі. Ён адкрыта заявіў, што атрымлівае вельмі дарагія падарункі ад суайчыньнікаў і ад замежнікаў. А ў нашым законе аб уплаце падаткаў зь фізычных асобаў патрабуе, каб падарункі таксама абкладаліся падаткам.

Я ведаў пра гэты дэкрэт значна раней. Мне прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта перадалі, што ёсьць загад падрыхтаваць дэкрэт аб здачы дэклярацыі кандыдатамі і іхным бліжэйшым атачэньнем на такіх умовах, каб даць справаздачу было вельмі цяжка, амаль немагчыма. Вось яны такі загад і выканалі".

Юрыдычную ацэнку новаму дэкрэту даў былы намесьнік Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў. Ён паведаміў Радыё Свабода:

(Фадзееў: ) "Па-першае, хачу заўважыць, што прэзыдэнт Лукашэнка будзе вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты. І ён жа прымае такое рашэньне, якое ставіць кандыдатаў у няроўнае становішча. Справа ў тым, што іншыя кандыдаты яму тым жа адказаць ня змогуць.

Па-другое, гэта адбылося ў той час, калі ўжо пачалася перадвыбарчая кампанія. Як тады быць з тым, што ў часе выбарчай кампаніі нельга мяняць правілаў? Трэцяе: як, сапраўды, цяпер патрабаваць дэклярацыі ад сваякоў і нават няродных людзей? Ну, і яшчэ ёсьць праблема адказнасьці. Я павінен адказваць за свае даходы.

І апошняе: на мой погляд, не зусім карэктна трактуюцца нормы канстытуцыі. Так, парлямэнт можа дэлегаваць прэзыдэнту права выдаваць дэкрэты, але ёсьць забароны ў нейкай частцы, у частцы правоў і, калі, не памыляюся, дык гэта і ў адносінах да выбараў".

Яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты Міхаіл Марыніч лічыць, што новы дэкрэт ёсьць дыскрымінацыяй іншых кандыдатаў.

(Марыніч: ) "Гэты дэкрэт — бяспраўе. Пра якую дэмакратыю можна казаць у нашай краіне? Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што ў Беларусі не магчымыя дэмакратычныя выбары. Грамадзкасьць павінна пратэставаць супраць такіх дыскрымінацыйных мер і парушэньня правоў у краіне".

У выбарчых штабах кандыдатаў у прэзыдэнты і ў дэмакратычных партыях сёньня з нагоды выхаду дэкрэту рыхтуюцца адпаведныя заявы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG