Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗДОЛЬНЫ РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ ПЕРАМАГЧЫ ГАНДАЛЬ НАРКОТЫКАМІ?


Мікола Іваноў, Прага

Беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка, піша Пол Гобл, імкнецца апраўдаць існаваньне свайго таталітарнага рэжыму неабходнасьцю выкарыстаньня жорсткіх сродкаў барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і наркагандлем. Аднак высокія міліцэйскія чыноўнікі ў Менску прызнаюцца, што вялізны міліцэйскі апарат няздольны стрымаць нелегальную дастаўку наркотыкаў у Беларусь і транзыт іх празь яе тэрыторыю.

Палкоўнік Анатоль Гурый заявіў у інтэрвію нямецкаму агенцтву ДПА ў гэты аўторак, што Беларусь ператварылася ў вялікі транзытны шлях паміж Цэнтральнай Азіяй і Заходняй Эўропай, нягледзячы на высілкі ягонай установы спыніць гэты гандаль. Ён адзначыў, што ўзрасла колькасьць наркотыкаў, якія пастаўляюцца ў Беларусь, і лічба беларусаў, якія спажываюць іх.

Гурый падкрэсьліў, што міліцыя ня бязьдзейнічала: у 2000 годзе яна канфіскавала у 63 разы болей наркотыкаў і арыштавала ў 29 разоў болей пастаўшчыкоў і спажыўцоў, чым у 1999 годзе. Але нягледзячы на гэтыя высілкі цана наркотыкаў на вуліцах беларускіх гарадоў працягвала падаць, што сьведчыць пра павелічэньне паставак наркотыкаў на рынак. Калі, напрыклад, у 1996 годзе грам гераіну прадавалі за 100 даляраў, дык цяпер цана яго ўпала да 12 даляраў, заявіў Гурый.

На думку палкоўніка Гурыя, колькасьць наркаманаў у Беларусі каля 40 тыс. чалавек, а ня 8 тыс., як сьведчыць афіцыйная ўрадавая статыстыка.

Шмат хто лічыць, піша Пол Гобл, што чым большыя міліцэйскія сілы змагаюцца з наркаманіяй, тым большыя посьпехі можна дасягнуць у гэтай барацьбе. Аднак сытуацыя ў Беларусі – гэта выразнае сьведчаньне таго, што сам аўтарытарны рэжым не зьяўляецца панацэяй для вырашэньня праблемы. Наадварот, гэта можа пагоршыць сытуацыю.

Многія міжнародныя камэнтатары зьвяртаюць увагу на тое, што сёньня беларускі КГБ больш магутны, чым ён быў ў савецкі час. І Лукашэнка выкарыстоўвае міліцыю і службу бясьпекі супраць сваіх палітычных праціўнікаў так энэргічна, што шмат хто разглядае ягоны рэжым як вяртаньне да найгоршых прыкладаў зь мінулага і нават параўноўваюць яго зь іншымі аўтарытарнымі рэжымамі сьвету.

Інфармацыя пра рост наркабізнэсу ў Беларусі сьведчыць аб тым, што аўтарытарны падыход Лукашэнкі неэфэктыўны супраць такой сацыяльнай бяды. Больш таго, высьвятляецца, што міліцыя куды менш здольная змагацца са злачыннасьцю, чымся перасьледаваць дысыдэнтаў і палітычных праціўнікаў Лукашэнкі.

Шмат посткамуністычных краінаў пакутуюць ад падобных праблемаў. Для некаторых гэтыя пакуты доўгатэрміновыя. Пад канец ХІХ стагодзьдзя Расейская імпэрыя мела рэпутацыю паліцэйскай дзяржавы, а яе палітычная паліцыя (“охранка”) была вельмі жорсткай. Аднак Расея ў той час выдаткоўвала менш чым адну пяцідзесятую нацыянальнага прыбытку на паліцыю ад таго, што выдаткоўвала на паліцыю ў тым самым годзе Італія. У выніку расейская паліцыя ў розных галінах была пераважна неэфэктыўнай.

У савецкі час звычайная міліцыя была мацнейшая, але яна ніколі не атрымлівала такой дзяржаўнай падтрымкі, як службы бясьпекі, і ў выніку яна часта прайгравала змаганьне з крымінальным сьветам. У дасавецкі і савецкі час звычайная паліцыя і міліцыя ніколі не валодала такімі рэсурсамі, як іх заходнія калегі дзеля змаганьня супраць злачыннасьці.

У 90-я гады, як сьведчыць сытуацыя ў Беларусі, гэтая тэндэнцыя працягвалася, і нават у некаторых краінах зрабілася яшчэ горшай. Звычайная міліцыя ва ўсіх гэтых краінах па-ранейшаму мае дрэнныя заробкі, вызначаецца жорсткасьцю, але неэфэктыўная ў вырашэньні важных заданьняў.

Лукашэнка апраўдвае свой таталітарны рэжым тым, што ягоны ўрад змагаецца з арганізаванай злачыннасьцю. Дзякуючы гэткім абяцаньням ён атрымаў адпаведную падтрымку ў грамадзтве. Аднак даклад палкоўніка Гурыя зь беларускай міліцыі сведчыць аб тым, што аўтарытарызм можа быць жорсткі, але адначасна неэфэктыўны.

Гэтая неэфэктыўнасьць урадавых высілкаў супраць сапраўднай сацыяльнай бяды (гандлю наркотыкамі) можа змусіць хаця б частку беларусаў прызадумацца на тэму тых аргумэнтаў, якія высоўвае Лукашэнка для апраўданьня свайго аўтарытарнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG