Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЖО ЁСЬЦЬ 13 ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня раніцай Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Цэнтарвыбаркам, каб перадаць сьпісы сваёй ініцыятыўнай групы на чале зm Мікалаем Чаргінцом, сябрам Савету Рэспублікі, якога адмысловым указам прызначыў у гэтую палату сам Лукашэнка. Ягоная група налічвае 3 830 чалавек.

У часе перадачы сваіх сьпісаў Алякандар Лукашэнка папрасіў Цэнтарвыбаркам: "Не выкідайце нікога — няхай ужо ўсе сходзяць у прэзыдэнты".

А старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая сустрэла спадара Лукашэнку на ганку Дома ўраду, запэўніла яго, што камісія будзе дзейнічаць строга ў межах заканадаўства і Канстытуцыі.

Аднак у Цэнтарвыбаркам сёньня не пусьцілі незалежных журналістаў, якія ня трапілі ў сьпісы Лукашэнкавай прэсавай службы. Хаця Выбарчы кодэкс зьмяшчае норму пра вольны доступ усіх журналістаў у любую выбарчую камісію. і напярэдадні я пацікавіўся ў спадарыні Ярмошынай, ці датычыць гэта Цэнтральнай камісіі. "Так", — пацьвердзіла старшыня ЦВК.

Перад Аляксандрам Лукашэнкам ЦВК атрымала сьпісы яшчэ аднаго прэтэндэнта — Мікалая Мякекі, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднае асацыяцыі "Абарона правоў чалавека". Спадар Мякека мае пакуль найменшую ініцыятыўную групу — 135 чалавек (нагадаю, шо неабходны мінімум 100 чалавек).

Яшчэ адным нечаканым прэтэндэнтам стаў інжынэр Аляксей Ляшко, які таксама стварыў групу з 300 прыхільнікаў.

Але ўвагу журналістаў прыцягнулі два іншыя сёньняшнія вылучэнцы — былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын і цяперашні амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч. Яны абодва здалі ў Цэнтарвыбаркам сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў, якую ў Марыніча ўзначальвае Леанід Сечка, а ў Сініцына — пакуль яшчэ дзейны намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога выканкаму Ўладзімер Сьцяпанаў, які будзе звольнены са значнай "вэртыкальнай" пасады 21 чэрвеня.

Спадар Сініцын на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Доме журналіста на вуліцы Сурганава, заявіў, што галоўная цяпер праблема — праблема ўлады, а таксама яе легітымнасьці. Ён заклікаў жуналістаў і ўвесь народ паверыць у магчымасьць зьменаў і сфармуляваў сутнасьць выбару 9 верасьня гэтак: паміж выжываньнем і разьвіцьцём, паміж мінулым і будучыняй.

На прэсавай канфэрэнцыі былі тэлекамэры расейскага НТВ і Беларускага тэлебачаньня, таму спадар Сініцын прамаўляў збольшага па-расейску.

На маё пытаньне пра ягонае валоданьне беларускай мовай ды пра тое, ці будзе ён ствараць нейкія перадвыбарчыя альянсы, напрыклад, са спадаром Марынічам ці "пяцёркай", Леанід Сініцын адказаў:

(Сініцын: ) "Не, да першага туру я ніякіх альянсаў ствараць ня буду. Пра вылучэньне Марыніча я нічога не магу адказаць. Я проста ня ведаю падыходу такога — нечакана для мяне было, мне сёньня раніцай сказалі, што ён вылучаецца. Я думаю, гэта нейкія загатоўкі, хутчэй за ўсё. Насамрэч нават цяжка пракамэнтаваць нешта.

А пра "пяцёрку" — ну што, паважаныя людзі. Я неяк казаў у прэсе: гэта паважаныя ўсё людзі, усе талковыя. Але музыка, пад якую яны гуляюць, мне не падабаецца. І ў палітыцы так не бывае, у палітыцы мусіць быць адзін. У палітыцы прэзыдэнт ідзе адзін. Што гэта — разам усе? Разумееце, гэта нібы прыніжэньне годнасьці кожнага. Патрэбна — адзін. Ідзеш адзін — ідзі, даказвай, што ты можаш, што ты ўмееш. Разам, вядома, бацьку лягчэй біць, як у нас кажуць на Беларусі".

Леанід Сініцын таксама паабяцаў заўтра на паседжаньні Цэнтарвыбаркаму паставіць пытаньне пра сёньняшняе парушэньне Аляксандрам Лукашэнкам і ягонай прэсавай службай нормаў Выбарчага кодэксу.

На тыя ж пытаньні мне адказаў Міхаіл Марыніч:

(Марыніч: ) "Абавязкова буду змагацца да канца. Адна мэта — спыніць, калі сказаць па-руску, пуць у нікуда, у бездну, стварыць гражданства даверу, і дзякуй".

(Карэспандэнт: ) "Вы чулі пра вылучэньне Сініцына? Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?"

(Марыніч: ) "Ну, кожны мае права. І я лічу, што мужныя людзі, якія сёньня вылучаюць сябе ў кандыдаты ў прэзыдэнты або спрабуюць зрабіць гэты крок", — сказаў спадар Марыніч, амбасадар Беларусі ў Латвіі.

Як толькі што паведамілі з Цэнтарвыбаркаму, апошнімі сёньня падалі заявы пра рэгістрацыю сваёй групы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык зь "пяцёркі" і былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, работнік Сяргей Антончык. З гэтай "пяцёркі" застаўся толькі Міхаіл Чыгір, які пойдзе ў Цэнтарвыбаркам заўтра.

Такім чынам, сёньня падалі сьпісы ініцыятыўных групаў 7 чалавек, агульны ж лік прэтэндэнтаў складае пакуль 13, або тузін. Заўтра апошні дзень для стварэньня ініцыятыўных групаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG