Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІНАЯ Ў ЛАТВІІ БЕЛАРУСКАЯ ШКОЛА НА МЯЖЫ ЗАКРЫЦЬЦЯ


Ігар Карней, Рыга

Гэтая школа была адкрыта ў Рызе ў 1994 годзе. Ейны стваральнік Вячка Целеш вымушаны быў наведаць ледзь ня кожную этнічную беларускую сям’ю, каб пераканаць бацькоў аддаць сваіх дзяцей не ў шматлікія расейскія школы, а менавіта ў беларускую.

Але празь сем гадоў школа апынулася перад сумнай пэрспэктывай закрыцьця: беларускія ўлады ня лічаць за патрэбнае адгукнуцца на запыт дырэкцыі пра фінансавую дапамогу. З прычыны абмежаванасьці сродкаў школа вымушаная часта мяняць будынкі. Гаворыць Вячка Целеш:

(Целеш: ) "Быў адасланы ліст ў Савет Міністраў Беларусі, каб нам выдаткавалі 20 тысяч даляраў ЗША. Далі толькі палову. Я толькі здолеў зрабіць рэканструцыю клясаў. Вучні й бацькі вельмі радаваліся, але далей ніякай дапамогі не было. Гэта зьдзіўляе.

Прыкладам, на маёй радзіме ў Ваўкавыску палякі на ўласныя сродкі збудавалі такую гімназію, якой тут ня маюць і латышы. Але паколькі ў існаваньні нацыянальных школаў не зацікаўленыя найперш у Беларусі, то каму патрэбныя беларускія школы ў замежжы?

Таму спачатку трэба ўладкаваць сваю дзяржаву, так бы мовіць, сваю хату, а ўжо потым думаць пра нейкія аб’яднаньні з Расеяй. Калі пра нацыянальныя карані ўспомняць у Беларусі, нам таксама будзе лягчэй".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, на жаль, існуе небясьпека, што беларуская школа можа загінуць?"

(Целеш: ) "Калі беларуская дзяржава зараз нас не падтрымае, школа спыніць сваё існаваньне. Дзеці вымушаныя будуць пайсьці хто ў расейскія, а хто ў латыскія школы".

Сёлета рыскі гарадзкі аддзел адукацыі скасаваў кантракт са спадаром Целешам на пасаду дырэктара беларускай нацыянальнай школы на той падставе, што Беларусь зусім не зацікаўленая ў існаваньні такой установы на тэрыторыі Латвіі й не турбуецца пра ейны лёс. А ўлады Латвіі ня маюць магчымасьці займацца фінансаваньнем беларускай школы.

Спадар Целеш прыгадвае, што іншыя нацыянальныя меншасьці маюць у Латвіі найлепшыя спрыяльныя ўмовы. Прыкладам, украінская школа ў Рызе атрымала ад свайго ўраду 1мільён даляраў на разьвіцьцё нацыянальнай школы. Гэтак украінская дыяспара атрымала выдатнае памяшканьне й магчымасьць запрасіць на працу высокапрафэсійных выкладчыкаў.

Таксама свае нацыянальныя школы актыўна будуюць этнічныя палякі, літоўцы, эстонцы, якія маюць свае навучальныя ўстановы ў шэрагу гарадоў Латвіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG