Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САМІТ КІРАЎНІКОЎ СНД У МЕНСКУ: У ПАРАДКУ ДНЯ 10 ПЫТАНЬНЯЎ, ЗАДАЧА МІЛІЦЫЯНТАЎ ПРАВЕРЫЦЬ ГАТЭЛІ Й МЭТРО


Юры Сьвірко, Менск

Адрозна ад Ерэвану, дзе роўна тыдзень таму прайшла сустрэча 6 прэзыдэнтаў краін СНД і з гэтай нагоды былі на некалькі гадзінаў цалкам перакрытыя траса ў аэрапорт і цэнтральныя вуліцы гораду, у Менску саміт пройдзе больш спакойна.

Сталічная міліцыя паабяцала не рабіць беспрэцэдэнтных захадаў падчас саміту. Хіба што будуць правераныя гатэлі й мэтро — ці няма там выбуховых прыстасаваньняў.

Аднак прэзыдэнты будуць жыць у рэзыдэнцыях, і ні гатэлі, ні мэтро не плянуюць наведваць. Атрымліваецца, што міліцыя турбуецца пра простых людзей — але толькі падчас візыту першых асобаў.

Ужо з пачатку гэтага тыдня на праспэкце Францішка Скарыны вісяць транспаранты, якія вітаюць удзельнікаў паседжаньня Рады міністраў замежных справаў, Рады кіраўнікоў урадаў і Рады кіраўнікоў дзяржаваў Садружнасьці.

Туркмэнскі прэзыдэнт Сапармурат Ніязаў у Менск не прыедзе, спасылаючыся на хваробу, таму прыляцяць усяго 10 кіраўнікоў дзяржаваў і гэтулькі ж прэм'ер-міністраў: зноў жа, Туркмэністан будзе рэпрэзэнтаваць толькі віцэ-прэм'ер.

Менскі саміт будзе першым для новага прэм'ер-міністра Ўкраіны Анатоля Кінаха, якога напярэдадні зацьвердзіла на пасадзе ўкраінская Вярхоўная Рада.

Аляксандар Лукашэнка нарэшце сустрэнецца з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным, які не знайшоў для яго часу напрыканцы мінулага тыдня ў Ерэване. Сустрэча двух саюзьнікаў адбудзецца 31 траўня — пра гэта Пуцін і Лукашэнка дамовіліся сёньня ў часе тэлефоннае размовы.

Яшчэ ў Менску адбудзецца малы саміт "каўкаскае чацьверкі" — прэзыдэнты Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі ды Расеі абмяркуюць на асобнай сустрэчы праблемы Закаўказьзя. Гэта Чачэнія, Абхазія й Нагорны Карабах.

Папярэдні парадак дня агульнага саміту налічвае 10 пытаньняў. Першым Беларусь прапанавала разгледзець зварот прэзыдэнтаў да народаў-удзельнікаў Садружнасьці й міжнароднай супольнасьці з нагоды 60-годзьдзя пачатку Вялікае Айчыннае вайны, што будзе адзначацца праз тры тыдні пасьля менскага саміту. Расея ўнесла на паседжаньне прапанову абмеркаваць зварот вэтэранскіх арганізацыяў да кіраўнікоў дзяржаваў СНД.

Далей у праекце парадку дня саміту йдуць правілы працэдуры найвышэйшых органаў Садружнасьці, пратакол пра дзяржаўнае мыта, якое бярэцца пры разглядзе міждзяржаўных гаспадарчых спрэчак, пагадненьне пра супрацоўніцтва краін СНД у барацьбе са злачынствамі ў сфэры кампутарнай інфармацыі.

Кіраўнікі дзяржаваў Садружнасьці абмяркуюць таксама пытаньні пра мерапрыемствы з нагоды 15-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай станцыі, інфармацыю пра выкананьне ўхваленага імі ж у Менску летась 1 сьнежня рашэньня аб антытэрарыстычным цэнтры СНД.

Двума асобнымі пытаньнямі ёсьць узнагароджаньне кагосьці граматай Садружнасьці незалежных дзяржаваў і правядзеньне наступнага саміту.

Вялікі блёк парадку дня называецца "Пісьмовая інфармацыя", і гэта найбольш цікавыя пытаньні саміту: пра фармаваньне зоны вольнага гандлю, пра выканьне праграмы дзеяньняў у справе разьвіцьця СНД да 2005 году, пра даклад аб выкананьні летась праграмаў барацьбы са злачыннасьцю й міжнародным тэрарызмам і пра выкананьне рашэньняў папярэдняга менскага саміту 1 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG