23 справаздача Freedom House упершыню закранае пытаньне свабоды Інтэрнэту і ацэньвае ягную свабоду паводле колькасьці звышактыўных карыстальнікаў, наяўнасьці рэгуляваньня і цэнаў.
Са 131 ацэненай дзяржавы 58 трапілі ў лік краінаў з найменшымі абмежаваньнямі. Сярод іх: Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія, Нямеччына і нашыя суседзі Польшча ды Латвія. 19 краінаў занялі ў сьпісе графу найбольш абмежаваных у свабодзе Інтэрнэту. Тут, побач з Анголай, Суданам і Алжырам – нашая суседка Расея. Урэшце ў 53 каінах свабода інтэрнэту памяркоўная. Такая яна ў Тайляндзе, Эгіпце, Нэпале, ва Ўкраіне і ў нас. Цалкам інтэрнэт-свабоднай не была прызнаная ніводная краіна сьвету. У той самы час, краіны з абмежаванай свабодай прэсы маюць большую інтэрнэт-свабоду.
Якая ж інтэрнэт-несвабода існуе ў дэмакратычных дзяржавах? Паводле Freedom House у Брытаніі дзяржава сочыць за электроннай поштай, у Злучаных Штатах Амэрыкі у бібліятэках і школах блякуецца доступ да старонак, зьмест якіх лічыцца шкодным для навучэнцаў, у францускі Інтэрнэт не дапускаюцца словы, што могуць выклікаць пачуцьцё нянавісьці.
Абмежаваньні зьместу інтэрнэт-старонак робяцца досыць распаўсюджанай зьявай і яна прыцягвае да сябе ўвагу, адзначае Freedom House. Напрыклад, францускія сябры асацыяцыі “Рэпарцёры бязь межаў”, якія самастойна дасьледуюць свабоду ў Інтэрнэце, выступілі з пратэстам супраць кітайскіх уладаў, якія арыштавалі двух чалавек, за парушэньне закону пра зьмест Інтэрнэту, калі адправілі праз электронную пошту матэрыялы з крытыкай ураду.
“Гэта – першыя вынікі закону пра Інтэрнэт, – сказаў дасьледчык Азіі з Парыжскай асацыяцыі Вінцэнт Брасэл – цяпер яны могуць змагацца з дэсыдэнтамі ў сеціве гэткім самым чынам як і з традыцыйнымі дэсыдэнтамі”.
І ўсё ж, некаторыя дасьледчыкі адзначаюць, што спосаб ацэнкі свабоды Інтэрнэту, пакідае, пакуль што, шмат месца для суб’ектыўнасьці.
Як жа ацэньваюць свабоду інтэрнэту беларускія карыстальнікі сеціва? Адказ на гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт у Менску Ягор Маёрчык:
(Маёрчык: ) “Я запытаўся ў выканаўчага дырэктара Беларускай Асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў Алеся Казака, ці існуе ў Беларусі сыстэма кантролю над зьместам той інфармацыі якая выстаўляецца ў Інтэрнэце, а таксама над ліставаньнем у электроннай пошце?”
(Казак: ) “Ёсьць такія меркаваньні, што такі нагляд існуе, але ў маёй практыцы даволі актыўнага пяцігадовага карыстаньня электроннай поштай і інтэрнэтам, я з гэтым не сустракаўся. Былі такія выпадкі, што затрымлівалася электронная пошта, але, на мой погляд, гэта пытаньні забесьпячэньня і нашых лініяў і нашых сэрвэраў, зь якімі мы працуем.
Я нават думаю, што такой сістэмы не існуе на сёньняшні момант у Беларусі. Гэта вельмі дорага адсочваць карэспандэнцыю і… мала эфэктыўна.
Шмат хто ўжо пачаў карыстацца такой праграмай як PDP – самай эфэктыўнай на сёньня сыстэмай кадыроўкі інфармацыі. Такую рэч увогуле складана зламаць”.
(Маёрчык: ) “Ці спрабаваў нехта абмяжоўваць вашыя правы?”
(Казак: ) “Ніколі ніхто мне не перашкаджаў”.
(Маёрчык: ) “А ці абмяжоўваецца ў Беларусі Інтэрнэт, і калі абмяжоўваецца то кім і якім чынам?”
(Казак: ) “Безумоўна абмяжоўваецца, але ў надзвычай інтэлегентны спосаб – праз вялікія кошты на Інтэрнэт. Гэта такая палітыка, каб як найменш людзей карысталася гэтым, праз тое, што ён каштуе вельмі дорага. Гэта вельмі эфэктыўны інструмэнт затрыманьня разьвіцьця Інтэрнэту ў Беларусі.
Паводле дасьледваньняў пасольства ЗША, у Беларусі доступ да Інтэрнэту, хаця б раз у жыцьці, мелі 100 тысячаў чалавек. 1% – гэта вельмі мала у параўнаньні зь іншымі краінамі, нават ад суседзяў мы адсталі, як мінімум на пяць гадоў. Паводле іншых крыніцаў, колькасьць карыстальнікаў яшчэ меншая – каля 30 тысячаў асобаў”.
(Маёрчык: ) “А цяпер я размаўляю з заснавальнікам інфармацыйнага сайту “Грамадзкія ініцыятывы – Хартыя 97” Алегам Бібеніным. Спадар Бібенін, ці існуе ў Беларусі кантроль за зьместам той інфармацыі, якая зьмяшчаецца ў Інтэрнэце?”
(Бябенін: ) “Простага ціску на ўладальнікаў сайтаў безумоўна няма. Але ж гэта людзі, якія жывуць у гэтай краіне, якія тут працуюць і да іх могуць ужывацца неафіцыйныя сродкі ціску. Мы неаднаразова сутыкаліся з тым, што нашу інфармацыю, ці нашыя рэклямныя банэры ўладальнікі сайтаў папросту ня ставяць у сябе”.
(Маёрчык: ) “Ці вядомыя вам нейкія факты, якія сьведчаць пра тое, што пэўныя структуры ў Беларусі займаюцца кантролем ліставаньня ў электроннай пошце?”
(Бябенін: ) “Такіх канкрэтных выпадкаў я ня ведаю. Але ж і гэтую сытуацыю можна пракамэнтаваць наступным чынам: фізычна кампутары, паштовыя сэрвэры, якія знаходзяцца ў Беларусі даступныя для ўсіх нашых спэцслужбаў. Калі карыстальнік жадае, каб ягоная электронная пошта заталася прыватнай поштай, то я раю не трымаць сваю электронную перапіску на беларускіх паштовых сэрверах. Для гэтага ёсьць дармовыя замежныя скрыні”.
(Маёрчык: ) “Як вы расцэньваеце магчымасьці доступу да ўсясьветнага сеціва для шараговага карыстальніка зь Беларусі ў параўнаньні зь іншымі краінамі?”
(Бябенін: ) “Зараз, калі чалавек жадае хадзіць у Інтэрнэт, ён вымушаны плаціць вялікія грошы – амаль да 1.5 даляру на гадзіну карыстаньня Інтэрнэтам. У той самай Амэрыцы ўжо ў палове штатаў Інтэрнэт бясплатны. Дзьве траціны эўрапэйскіх краінаў бясплатна падлучаюць сваіх карыстальнікаў да сеткі. Безумоўна, дзяржава ў нас у гэтым пытаньні – манапаліст, яна мае з гэтага велізарныя грошы”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Апытаньне якое правёў Ягор Маёрчык – добрая ілюстрацыя да высноваў Freedom House. Напраўду тут яшчэ застаецца шмат пытаньняў, асноўнае зь якіх адсутнасьць свабоды доступу да інфармацыі, якая магла б цалкам аб’ектыўна расказаць пра свабоду інтэрнэту.
Можна меркаваць, што на варце таямніцаў дзяржаўнага кантролю над Інтэрнэтам стаяць беларускія спэцслужбы. З гэткімі думкамі я і затэлефанаваў у прэсавую службу КГБ Беларусі. На маё пытаньне з кім бы я мог паразмаўляць пра кантроль дзяржавы за Інтэрнэтам, кіраўнік прэсавай службы Фёдар Котаў адказаў: “Толькі са мной.” На наступнае пытаньне пра тое, якім чынам і хто ажыцьцяўляе такі кантроль, спадар Котаў адказаў, што гэта не кампэтэнцыя КГБ і парадзіў зьвярнуцца ў Дзяржкамдрук.
У Дзяржкамдруку я атрымаў аналягічныя адказы: ня нашая кампэтэнцыя, не кантралюем, ніякага дачыненьня ня маем.
Выглядае, што на сёньня Інтэрнэт і сапраўды не становіць сабой значнай пагрозы а ні ўладзе, а ні ейным сакрэтам. І ўсё ж... сумненьні нарадзіліся тады, калі я адшукаў у Інтэрнэце старонку Спэцслужбы Рэспублікі Беларусі (адрас: http://www.agentura.ru/opponent/sng/belarus/). Там, пасьля інфармацыі пра гісторыю, структуры і кіраўніцтва беларускіх спэцслужбаў, у разьдзеле хроніка, я знайшоў паведамленьне двухгадовай даўніны:
“На інтэрнэт-старонцы http://internettrash.com/users/biomass невядомыя асобы зьмясьцілі два сьпісы з імёнамі і адрасамі курсантаў вышэйшай школы КГБ Беларусі. Жарт гэта ці зласьлівы намер, пакуль невядома. У цэнтры інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КГБ Беларусі не падцьвердзілі, але і не абверглі праўдзівасьці надрукаванага ў Інтэрнэце марэрыялу. Нагадаем, што аналягічная інфармацыя Тамілінсана была зьнішчаная цягам некалькіх гадзінаў. Сьпісы ж беларускіх курсантаў вісяць ужо некалькі дзён і пакуль ніхто не рабіў на іх замаху”.
Лішне казаць, што я адразу ж набраў пададзены адрас. Вынік няцяжка прадказаць: Error: Not Found – інфармацыя зьнішчаная.