Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. АПОШНІЯ ЎКАЗЫ І ПРАМОВЫ А. ЛУКАШЭНКІ - НЭРВОЗНАСЬЦЬ ЦІ ПРАДУМАНАЯ ПАЛІТЫКА ПЕРАД ВЫБАРАМІ?


Вядучы Віталь Цыганкоў

(Цыганкоў: ) "Перш чым ацэньваць прамову Лукашэнкі й ягоныя апошнія дзеяньні, нагадаю пра скандальныя акалічнасьці, якія спадарожнічалі выступу Лукашэнкі ў Палацы рэспублікі.

Як, пэўна, нашы слухачы ўжо ведаюць, прамова Лукашэнкі трансьлявалася па ўсіх расейскіх каналах, якія прымаюцца ў Беларусі. Міжволі я (як, відаць, многія) згадаў знакамітую показку з часу застою, калі савецкі чалавек пераключае каналы, а голас з экрану яму пагражае: "Я табе папераключаю". Менавіта ў такім стане апынуліся беларусы 8 і 9 траўня.

Думаю, што адключэньне расейскіх каналаў — вялізная палітычная памылка Лукашэнкі, як бы ён зараз ні адгаворваўся. Нагадаю, што ў гэты момант НТВ паказвала паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў, і я магу ўявіць, якімі словамі крылі Лукашэнку аматары спорту, якія спадзяваліся паглядзець футбольнае відовішча.

Але яшчэ больш электарату Лукашэнка страціў раніцай 9 траўня, калі расейскія каналы былі па-ранейшаму адключаныя, і вэтэраны ня здолелі паглядзець парад Перамогі ў Маскве.

Гледзячы па словах Замяталіна (ён сказаў, што адключэньне расейскіх каналаў — "форма рэалізацыі беларускага сувэрэнітэту"), я думаю, нешта там адбылося ў беларускай улады з Масквой, і адключэньне было гэткай помстай Маскве, але помстай вельмі нязграбнай і контарпрадуктыўнай.

Але цяпер пяройдзем да таго, што гаварыў Лукашэнка і як гэта можна ацаніць".

(Карбалевіч: ) "Мне здаецца, што выступ Лукашэнкі перад вэтэранамі быў канцэптуальным з гледзішча перадвыбарчай стратэгіі кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Я думаю, адключэньне расейскіх каналаў было невыпадковае, было запраграмаванае мэнэджэрамі выбарчай кампаніі Лукашэнкі, калі такія ёсьць.

Канцэпцыя гэтага выступу была такая: гістарычная праўда была замененая прапагандай часу камуністычнай сыстэмы. Узьнікла адчуваньне, што ў Лукашэнкі ёсьць нейкая настальгія па той вайне, што вайны якраз не хапае, каб утрымаць уладу.

Усе паваенныя падзеі ён трактуе катэгорыямі вайны: Чарнобыльская аварыя — другая вайна, распад СССР і камуністычнай сыстэмы — трэцяя, зараз зноў вайна, якую Захад вядзе супраць Беларусі. Ён нават сказаў, што тое, што не ўдалося зрабіць фашыстам падчас Другой усясьветнай вайны, зараз у Беларусі спрабуюць зрабіць заходнія палітычныя сілы.

Лукашэнка штучна стварае атмасфэру вайны ў Беларусі й вакол Беларусі, спрабуе пераўтварыць краіну ў нейкую крэпасьць у аблозе. Але галоўнае — навесіць на ўсіх сваіх апанэнтаў вобраз фашыстаў, правесьці ланцужок ад фашыстаў да сёньняшняй апазыцыі, аб'явіць іх нашчадкамі нацысцкай Нямеччыны. Невыпадкова ён назваў пяцёрку палітыкаў, якія заключылі пагадненьне, "здраднікамі".

То бок такая мадэль: мы — савецкія людзі, якія зьдзейсьнілі вялікую перамогу. А яны — Захад і апазыцыя, "пятая калёна" ворага, якія хочуць гэтую перамогу ў нас адабраць. Мадэль вельмі прымітыўная, грубая, але нельга сказаць, каб зусім неэфэктыўная".

(Цыганкоў: ) "Юры, наколькі дзейсная можа быць тая "філязофія вайны" і як актыўна яна можа распрацоўвацца ў прапагандысцкай кампаніі перад прэзыдэнцкімі выбарамі?"

(Дракахруст: ) "Я мушу сказаць, што ўжо некалькі месяцаў пошук ворагаў, экплюатацыя сындрому "асаджанай крэпасьці" робіцца галоўнай тэмай перадвыбарчай кампаніі. Нават на другі плян адыходзяць нейкія даброты, што нібыта робіць беларуская ўлада для выбаршчыкаў, нават беларуска-расейскае збліжэньне.

Першае — гэта ворагі, "мы ў аблозе ворагаў, адзіны абаронца беларускага народу — кіраўнік дзяржавы" і гэтак далей.

Але тое, пра што казаў Валер, яшчэ недастаткова тлумачыць прычыны адключэньня расейскіх каналаў. Мне здаецца, што тут вось на што ёсьць разьлік — спроба прысабечыць Перамогу. Я хачу нагадаць, што да выбараў гэта апошні Дзень перамогі. І тое, што Лукашэнка казаў — "ня трэба забываць мінулае, нашыя дасягненьні…" У народнай сьвядомасьці з савецкага часу реальна засталося адно дасягненьне — Перамога.

Падобна да старога савецкага анэкдоту, дзе "перамога была атрыманая на Малай зямлі, дзе ваяваў палкоўнік Брэжнеў". І вось зараз у сьвядомасьць убіваецца тоеснасьць: "Лукашэнка — Перамога". Таму й адключылі расейскія каналы ўчора, таму й адключылі сёньня, калі ў Маскве парад. Бо ў Менску параду няма — значыць, ніякага параду няма, значыць ёсьць толькі тое, што кажа Лукашэнка.

Мне здаецца, такая ўвага да гэтага сьвята, асаблівая роля, якую прапаганда яму надае — гэта каб злучыць Лукашэнку з фактычна адзіным станоўчым, што захавалася ў народнай памяці з савецкага пэрыяду".

(Цыганкоў: ) "Падобныя рэчы Лукашэнка гаворыць ці ня штогод на 9 траўня. Напрыклад, пра монстра НАТО, які набліжаецца да межаў сінявокай Беларусі. На 9 траўня ён заўсёды імкнецца стварыць такі псыхалягічны настрой, аднавіць атмасфэру змаганьня з ворагам.

Можна меркаваць, што часам гэта дае плён. Варта прыгадаць, як скончыўся рэфэрэндум 1995 году па мове й сымболіцы. Ён адбываўся 14 траўня на фоне маштабных сьвяткаваньняў юбілею Перамогі.

Ці прадуманы быў і выступ Лукашэнкі, і ягоныя скандальныя заявы — ён жа, відаць, адыходзіў ад напісанага тэксту. Зразумела, гэта не эмацыйныя агаворкі. Мне здаецца, што такімі словамі з такімі акцэнтамі Лукашэнка нібы заявіў — ці, як зараз кажуць, даў такі "message", такое пасланьне — што ён не зьбіраецца сумленна змагацца на выбарах. Калі ён так абражае патэнцыйных кандыдатаў, калі гэткае кажа пра Захад, пра назіральнікаў — значыць, ён не зьбіраецца дамаўляцца з Захадам наконт прызнаньня выбараў, увогуле неяк дамаўляцца. Ідзе стаўка на сілавое рашэньне выбарчай сытуацыі, ці вы згодны з гэтым?"

(Карбалевіч: ) "Так, я згодны з Вамі, Віталь. Менавіта такі напрамак палітычнай дзейнасьці сёньняшняй беларускай улады.

Сацыёлягі падаюць зьвесткі, паводле якіх рэйтынг Лукашэнкі значна большы за рэйтынг ягоных апанэнтаў. І ў гэтай сытуацыі лягічна для Лукашэнкі было б не рабіць нейкіх рэзкіх рухаў, заяваў — проста спакойна давесьці гульню да фінальнага сьвістка. А Лукашэнка робіць адваротнае — паводзіць сябе як каманда, якая прайграе, і хоча вярнуць страчаныя пазыцыі.

Задецца, гэты рэйтынг зусім не заспакойвае Лукашэнку. Магчыма, ён адчувае нешта такое, чаго не адчуваюць іншыя палітычныя сілы. Магчыма, ён адчувае, што гэты рэйтынг не такі ўжо й надзейны, і калі будуць нармальныя дэмакратычныя свабодныя выбары, з гэтага рэйтынгу нічога можа не застацца. Што гэты рэйтынг такі самы міт, як міт пра вялікую сілу беларускага хакею, які зараз разьвеяўся пасьля Чэмпіянату сьвету.

І дэкрэт аб мітынгах і дэманстрацыях, што быў падпісаны напярэдадні, таксама сьведчыць пра тое, што Лукашэнка бярэ курс на сілавое ўзьдзеяньне на сваіх апанэнтаў".

(Цыганкоў: ) "Юры, ці вы згодны з такім меркаваньнем? Што могуць зрабіць альтэрнатыўныя Лукашэнку кандыдаты, каб процістаяць гэтаму сілавому курсу?"

(Дракахруст: ) "Я б крыху дадаў да таго, што казаў Валер. Ужо ёсьць пэўныя паказчыкі, якія сьведчыць, што рэйтынг Лукашэнкі сапраўды можа пахіснуцца.

Я маю на ўвазе самыя апошнія зьвесткі сацыялягічнай лябараторыі "Новак", якая фіксуе рэзкі рост нэгатыўнага рэйтынгу Лукашэнкі, то бок колькасьці людзей, якія кажуць, што ніколі ня будуць за яго галасаваць. Дзесьці за 6-7 месяцаў гэты рэйтынг вырас з 16 да 26% і амаль стаў роўны пазытыўнаму рэйтынгу.

Людзі, якія кажуць, што ні ў якім выпадку ня будуць галасаваць за Лукашэнку, чакаюць іншага. Цалкам магчыма, калі такая яркая фігура зьявіцца, то перадвыбарчая сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца вельмі хутка. Напэўна, Лукашэнка адчувае нарастаньне незадаволенасьці й таму хоча выйграць гульню без гульні.

Што да таго, што могуць зрабіць альтэрнатыўныя сілы. Першае, мусіць быць яркая альтэрнатыўная асоба, якая сканцэнтруе на сабе незадаволенасьць Лукашэнкам, каб незадаволенасьць Лукашэнкам пераўтварылася ў задаволенасьць кімсьці. І яшчэ адзін важны момант — гэта міжнародныя ўмовы правядзеньня ў Беларусі свабодных і дэмакратычных выбараў. Апазыцыя мусіць дамагацца таго, каб сьвет — і Ўсход, і Захад — пэўным чынам прымусілі Лукашэнку гуляць паводле правілаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG