Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ АХВЯРЫ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ


Мікола Іваноў, Прага

Міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс, які цяпер вядзе перамовы ў справе пошуку шляхоў мірнага ўрэгуляваньня у ЗША, даў інтэрвію ізраільскаму телебачаньню. Пэрэс у ім падкрэсьліў, што ізраільцяне і палестынцы блізкія да падпісаньня пагадненьня аб перамір’і.

Шымон Пэрэс правёў у ЗША таксама перамовы з Генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам. На іх абмяркоўваліся канкрэтныя крокі ў галіне вырашэньня цяжкай гуманітарнай сытуацыі на Заходнім беразе ракі Ярдан і ў сэктары Газа. Пэрэс заявіў, што Ізраіль плянуе павялічыць колькасьць дазволаў на працу для палестынцаў у Ізраілі. Ён у прыватнасьці заявіў:

(Пэрэс: ) “Мы зробім, што ў нашых сілах, каб аблегчыць жыцьцё палестынцаў. Мы разумеем, што сытуацыя на тэрыторыях вельмі напружаная і патрабуе хуткіх пастановаў, якія б не супярэчылі нашай палітыцы. Мы зробім гэта, не патрабуючы нічога наўзамен”.

У якасьці галоўнага пасярэдніка магчымага перамір’я выступае прэзыдэнт Эгіпту Хосні Мубарак. Напярэдадні свайго адлёту ў Вашынгтон Пэрэс два дні правёў у Каіры, дзе вёў інтэнсыўныя перамовы з прэзыдэнтам Мубаракам і міністрам замежных справаў Амр Муссам. Пазьней Амр Мусса накіраваўся ў Сырыю і Саудаўскую Аравію, каб паінфармаваць лідэраў гэтых краінаў пра вынікі перамоваў з Пэрэсам і атрымаць іх падтрымку.

У Сырыі на прэсавай канфэрэнцыі пасля перамоваў з прэзыдэнтам Башарам аль Ассадам Амр Мусса паведаміў, што галоўная мэта эгіпецка-ярданскага мірнага пляну, які абмяркоўваўся з Пэрэсам, не спыненьне палестынскага паўстаньня супроць ізраільцянаў, а мірнае вырашэньне канфлікту ў комплексе. Кожнае мірнае пагадненьне, падкрэсьліў Мусса, павінна прадугледжваць выкананьне ўсіх абавязальніцтваў ізральскага боку.

У той момант, аднак, калі Пэрэс у Вашынгтоне, а Амр Мусса ў Дамаску гаварылі пра пэрспэктывы мірнага паразуменьня, у сэктары Газа адбылося чарговае абвастрэньне сытуацыі. Палестынцы зноў пачалі мінамётны абстрэл ізраільскіх паселішчаў на мяжы з Газай. А ізраільская артылерыя адкрыла моцны агонь у адказ.

У горадзе Рамаллах, на Заходнім беразе ракі Ярдан, у доме, які знаходзіцца якраз насупраць рэзыдэнцыі Ясіра Арафата, выбухнула бомба. Загінуў мужчына і двое дзяцей. Ёсць інфармацыя, што мужчына займаўся вырабам бомбы, якая выбухнула ў ягоных руках. Аднак, мясцовы прадстаўнік арафатаўскага руху Фатах абвінаваціў Ізраіль у замаху.

Бомба выбухла таксама ў аўтамашыне ізраільскага бізнэсоўца, які працуе ў адным з ізраільскіх паселішчаў у сэктары Газа. Загінуў малады палестынец. Ізраільская служба бясьпекі лічыць, што, магмыма, ён і падклаў гэтую бомбу.

Забіты быў кіроўца аўтамашыны, ізраільцянін, жыхар паселішча Офра на Заходнім беразе ракі Ярдан, аўбамабіль якога трапіў у засаду.

У Газе таксама ў выніку выбуху бомбы загінулі два актывісты Хамасу. Кіраўніцтва гэтай фундамэнталісцкай групоўкі абвінавачвае ізраільскія спэцслужбы ў арганізацыі замаху. Прадстаўнік ізраільскага ваеннага камандаваньня адкінуў гэтыя абвінавачаньні. Таксама ў Газе адзін палестынец загінуў ад рук узброеных асобаў, якіх мясцовыя жыхары ахарактарызавалі ў якасьці ізраільскіх агентаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG