Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17:55 БЕЛАРУСЬ І ЧАРНОБЫЛЬ. НАСТУПСТВЫ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ ПРАЗ 15 ГАДОЎ


Падрыхтаваў Алег Грузьдзіловіч

Падчас вайны загінуў кожны чацьверты беларус, ад Чарнобыльскай аварыі пацярпеў кожны пяты жыхар краіны — каля 2 мільёнаў чалавек.

(Паводле “Народнай волі”)


Напачатку 1990-х гадоў Беларусь штогод выдаткоўвала чвэрць бюджэту на мінімізацыю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі гэтыя сродкі пачалі скарачацца. Як вынік, на 2001 год заплянавана выдаткаваць на гэтыя мэты толькі 6,8% дзяржаўнага бюджэту. На чарнобыльскія патрэбы ідуць сродкі і зь мясцовых бюджэтаў, і з розных арганізацыяў, але штогод гэтыя сумы меншаюць.

(Інфармацыя Радыё Свабода)


Паводле афіцыйных крыніцаў, Чарнобыль ужо каштуе Беларусі 235 мільярдаў даляраў. Забруджаныя 23% усёй тэрыторыі. Між тым, некаторыя вучоныя сумняюцца — ці праўдзівыя гэтыя зьвесткі. Гэтак, газэта “Известия” паведамляе, што віцэ-прэзыдэнт Расейскай Акадэміі навук Уладзімер Фартоў лічыць, што “магчымыя наступствы Чарнобылю перабольшаныя. Гэта тычыцца, прыкладам, 30-кілямэтровай зоны адсяленьня. Мы зь вялікай павагай ставімся да ліквідатараў, але сьмяротнасьць і захворваньні сярод іх у сярэднім не вышэйшыя, чым у адпаведнай узроставай групе”.

Між тым, у гэтым жа нумары газэты зьмешчаны ўспамін чарнобыльца-ліквідатара Васіля Глотава, які кажа, што з 10 ягоных калегаў ён адзін застаўся жывы. Каля 300 тысяч грамадзянаў былога СССР удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, зь іх 30 тысяч на сёньняшні дзень памерлі.

(Паводле газэты “Известия”)


ЗДАРОЎЕ

За 15 гадоў пасьля аварыі ў Беларусі больш як 1 300 дзяцей перанесьлі апэрацыі з прычыны раку шчытападобнай залозы. Між тым, за 13 гадоў да аварыі такіх выпадкаў было зарэгістравана толькі 8.

(Паводле Інтэрнет-выданьня gazeta-ru)


Пік захворваньняў шчытападобнай залозы ў дзяцей прыйшоўся на 1996–1998 гады. Цяпер расьце колькасьць выпадкаў пухлінаў, у тым ліку галаўнога мозгу — за апошнія 4 гады іх стала болей у 6 разоў. На 20% стала болей захворваньняў на лейкемію (рак крыві).

(Паводле зьвестак 5-га міжнароднага кангрэсу "Сьвет пасьля Чарнобылю")


Мэдыкі, якія назіраюць за пераселенымі ў Менск з чарнобыльскіх раёнаў дзецьмі, адзначаюць, што фактычна зьнікла розьніца паміж станам здароўя перасяленцаў і сталічных дзяцей. Колькасьць захворваньняў на рак шчытападобнай залозы сярод гэтых катэгорыяў ужо прыблізна аднолькавая. Гэта сьведчыць пра тое, што радыяцыя небясьпечная ва ўсёй краіне.

(Паводле зьвестак спэцыялістаў 8-й Менскай дзіцячай паліклінікі)


"У нас толькі 2% падлеткаў лічацца здаровымі, кожны дзясяты афіцыйна прызнаецца інвалідам. І гэта пры тым, што хворыя на рак дзеці, якім пашчасьціла пражыць у стадыі рэмісіі 5 гадоў, перастаюць лічыцца інвалідамі. Каб не сапсаваць статыстыку".

(Паводле прызнаньня дактароў 8-й Менскай дзіцячай паліклінікі)


ПРАБЛЕМЫ ГРАМАДЗТВА

У забруджаных Чарнобылем раёнах беспрацоўе ўдвая вышэй за беспрацоўе па краіне. Даходы насельніцтва таксама ўдвая ніжэй за сярэдні ўзровень, а вось кошты на асноўныя харчы вышэй на 10-20%. “Чарнобыльская даплата” цяпер мізэрная — 1 000 рублёў. Тысячы мясцовых жыхароў займаюцца сумнеўнымі промысламі, нават марадзёрствам. Таксама яны зьбіраюць і прадаюць забруджаныя радыяцыяй грыбы, ягады, палююць. Гэтыя харчы прадаюцца потым ня толькі на мясцовых рынках, але і ў рэгіёнах, якія лічацца чыстымі. “Перакрыць шляхі распаўсюду гэтай радыяцыйнай атруты мы ня можам”, — прызнаюць работнікі Палескага радыяцыйнага запаведніка.

(Паводле “Советской Белоруссии”)


Чарнобыльскія раёны вызначае своесаблівы характар злачыннасьці. Тут ёсьць злачынствы, за якія фактычна не караюць. Прыкладам, падпал пустых дамоў, каштоўнасьць якіх абвесьцілі як нулявую. У межах “зоны” фактычна бескантрольна распрадаецца хатні скарб, сельскагаспадарчыя прылады з кінутых гаспадарамі хат.

А вось у памежных з чарнобыльскімі раёнах — напраўду пік злачыннасьці. Тут фіксуюць на 15-20% больш выпадкаў ня толькі звычайных, але й цяжкіх злачынстваў. У калячарнобыльскіх раёнах часьцейшыя сталі сэрыйныя забойствы, якія вызначае жорсткасьць да ахвяраў. Мэдыкі пацьвярджаюць, што колькасьць нэрвовых захворваньняў сярод мясцовых жыхароў павялічылася з 1986 году на 30%.

(Паводле газеты “Известия”)


ПРАБЛЕМЫ ХАРЧАВАНЬНЯ

Галоўную дозу радыяцыі (80%) насельніцтва цяпер атрымлівае з харчамі, якія пераважна мясцовага паходжаньня. (Асабліва мяса і малако.) Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што апошнія 3 гады выдаткоўваецца шмат сродкаў на ачыстку пашаў і сенажацяў, але доля забруджаных харчоў ня меншае. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, 10-25% малака, што здаюць на кантроль, не адпавядае нормам з-за ўтрыманьня цэзію-137.

(Паводле прафэсара Васіля Несьцярэнкі)


ГУМАНІТАРНАЯ ДАПАМОГА БЕЛАРУСІ

Цягам апошніх 10 гадоў гуманітарную дапамогу па міжнародных праграмах з дапамогай толькі фонду “Дзецям Чарнобылю” атрымалі 2 мільены чалавек. На аздараўленьне за мяжу выяжджалі 154 000 дзяцей, 840 дзяцей лячыліся ў замежных мэдычных цэнтрах. Праз пасярэдніцтва Фонду амаль 40 шпіталяў атрымалі абсталяваньне і лекі на 160 мільёнаў даляраў.

(Паводле прафэсара Генадзя Грушавога)


Сёлета 1 мільён даляраў выдаткаваў дабрачынны Фонд імя Саканавы (Японія) для рэалізацыі ў Беларусі праекту Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя “Лячэньне шчытападобнай залозы”.

Урад Італіі даў сродкі на праект вырошчваньня чыстых харчоў.

Канадзкая дабрачынная арганізацыя “Дапамога ахвярам Чарнобылю” даслала шпіталям Чаўскага раёну дапамогу на 2 мільёны даляраў.

(Паводле зьвестак МЗС Беларусі)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG