Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СЭЛЕКТАРНАЙ НАРАДЗЕ ЛУКАШЭНКА ЗАГРАЗІЎ ТЫМ, ХТО НЯ БУДЗЕ АХВЯРАВАЦЬ НА ПАСЯЎНУЮ КАМПАНІЮ


Віталь Цыганкоў, Менск

Падчас нарады Аляксандар Лукашэнка, як звычайна, перапыняў міністраў ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, задаваў ім няёмкія пытаньні, пагражаў, кагосьці караў, камусьці дараваў.

Адна з галоўных тэмаў нарады — тыя ўнёскі, якія павінны зрабіць беларускія банкі й прадпрыемствы на пасяўную кампанію. Прынцып гэтак званага добраахвотнага ахвяраваньня вызначыў сам Аляксандар Лукашэнка.

Гаворачы, у прыватнасьці, пра замежныя нафтавыя кампаніі, што працуюць на беларускім рынку, ён адзначыў: "Калі ахвяраваў — няхай застаецца на рынку. Не захоча ахвяраваць — у нас іншыя фірмы знойдуцца". Зьвяртаючыся да віцэ-прэм’ера Кокарава, адказнага за паліўна-энэргетычны комплекс, Лукашэнка падсумаваў: "Хто адмовіцца ахвяраваць — дакладзіце мне".

Сярод прадпрыемстваў узорам самаахвярнасьці была названая Беларуская чыгунка, якая падаравала сялу 10 000 тон дызэльнага паліва. Сярод банкаў — "Прыёрбанк", які пералічыў 2 мільярды рублёў на пасяўную нават раней за вызначаны адміністрацыяй прэзыдэнта графік такіх выплатаў. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў узнагародзіць кіраўніка "Прыёрбанку" Касьцючэнку мэдалём. "А іншыя прыватныя банкі таксама трэба напружваць", — падсумаваў Лукашэнка.

Да якіх мэтаў імкнецца Аляксандар Лукашэнка, арганізоўваючы штогод падобныя нарады ў жывым этэры? Які вобраз хоча ўмацаваць падобнымі акцыямі? На гэтую тэму разважае навуковец, псыхааналітык Уладзімер Падгол.

(Падгол: ) "Для асноўнай масы людзей, выбаршчыкаў Лукашэнка прадстане ў вобразе найперш гаспадара, па-другое — уладара, які валодае ўсёй краінай і распараджаецца ўсімі. Гэта клапатлівы гаспадар, для якога першае — чалавек, народ.

Асабліва ў канцы трохгадзінавай нарады, калі Лукашэнка сказаў, што мы мусім гэтага мэханізатара накарміць, апрануць, пасадзіць на трактар — усё-ўсё яму даць. А гэты мэханізатар нібыта нейкая казюрка, якая мэханічна ўсё зробіць.

Вельмі эфэктна глядзеліся спробы падштурхнуць і бізнэсоўцаў, і банкіраў, і дзяржаўныя ўстановы выдзяліць паліва, грошы — усё, што трэба сялу. Я думаю, сельскія выбаршчыкі ў гэты момант адчувалі сабе богаабранымі, узьнесенымі ў неба".

Уладзімер Падгол лічыць, што мэнталітэт вясковых беларусаў апошнія гады мала зьмяніўся. Ва ўмовах адсутнасьці прыватнай уласнасьці вобраз клапатлівага і ўсемагутнага гаспадара, які прымярае да сябе Лукашэнка, усё яшчэ мае ўплыў на сельскіх выбаршчыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG