Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГАНІЗАТАРЫ ПЛЯНУЮЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ У ЦЭНТРЫ МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску прайшло першае паседжаньне арганізацыйнага камітэту Чарнобыльскага шляху-2001. Аргкамітэт Шляху складаюць лідэры апазыцыйных партыяў, прадстаўнікі грамадзкіх, экалягічных арганізацыяў, вядомыя ў Беларусі асобы. Старшынём абралі прафэсара Івана Нікітчанку.

На абмеркаваньне аргкамітэту прапанавалі два варыянты акцыі 26 красавіка. Паводле першага, падтрыманага Каардынацыйнай радай дэмакратычных сілаў, Чарнобыльскі шлях мусіць пачацца з гадзіны смутку на плошчы Свабоды і з набажэнстваў памяці ахвяраў трагедыі ў праваслаўным і каталіцкім Катэдральных саборах.

З плошчы Свабоды ўдзельнікі шляху павінны накіравацца да Дому ўраду й перадаць уладам зварот з патрабаваньнем выконваць дзяржаўную праграму ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Але, на думку Вячаслава Сіўчыка, Паўла Севярынца, Яўгена Лабановіча ды іншых, Чарнобыльскі шлях мусіць прайсьці як шырокая народная дэманстрацыя ад Акадэміі Навук па праспэкце Скарыны.

Думкі сябраў аргкамітэту падзяліліся й адносна таго, ці трэба падаваць заяўку на правядзеньне Шляху ў гарвыканкам. Урэшце арганізатары вырашылі правесьці кансультацыі й прыняць канчатковае рашэньне ў пятніцу. Але, паводле арганізатараў, у любым выпадку Чарнобыльскі шлях пройдзе ў цэнтры Менску.

Гаворыць старшыня аргкамітэту, прафэсар Іван Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) "Ня пойдзем на балота — хопіць! Ці доўга яны нас будуць па балотах ганяць? І хто даў ім права, хто яны такія? Хто іх даў уладу намі камандаваць — куды йсьці й што рабіць? Я свабодны грамадзянін Беларусі, а гэтыя людзі — прыблуды. Прыехалі адкульсьці, хто з Расеі, хто з Украіны, хто адкуль, і пачынаюць нам тут камандаваць".

Арганізатары зьбіраюцца запрасіць на Шлях парлямэнтароў шэрагу эўрапейскіх краінаў і Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG