Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА ДЭМСІЛАЎ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ АРЫШТУ СВАІХ КАЛЕГАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня сябры Каардынацыйнай рады сабраліся на паседжаньне ў абмежаваным складзе (без прадстаўнікоў рэгіёнаў). Замест арыштаваных Вінцука Вячоркі й Алеся Бяляцкага БНФ і цэнтар “Вясна” на паседжаньні КРДС прадстаўлялі Аляксей Кавалец і Валянцін Стэфановіч.

Сябры Каардынацыйнай рады прынялі заяву з нагоды арышту сваіх калегаў. Заява выказвае пратэст з нагоды разгону ўладамі шэсьця й мітынгу 25 сакавіка ды перасьледу ўдзельнікаў акцыі. Каардынацыйная рада патрабуе неадкладна спыніць палітычны перасьлед грамадзянаў ды забясьпечыць захаваньне правоў чалавека, гарантаваных беларускай Канстытуцыяй і міжнароднымі актамі.

Сёньня ж адвакат Вінцука Вячоркі Сяргей Цурко накіраваў у Менскі гарадзкі суд скаргу, у якой просіць адмяніць як незаконнае рашэньне райсуду, які пакараў лідэра БНФ 15-сутачным арыштам. На думку спадара Цурка, судзьдзя Вайцяховіч, якая судзіла Вячорку, груба парушыла нормы вядзеньня працэсу.

А вось меркаваньне ў справе арышту спадароў Бяляцкага й Вячоркі старшыні сёньняшняга паседжаньня КРДС, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) "Гэта зьвязана са спробамі ўладаў не дапусьціць да мэтанакіраванай падрыхтоўкі мерапрыемстваў, якія прысьвечаныя 15-й гадавіне Чарнобыля. Але я думаю, што гэта абсалютна ніякім чынам не паўплывае на падрыхтоўку. Мы сёньня вызначылі суб’екты, якія адказваюць за пэўныя накірункі. Гэта наша прынцыповая пазыцыя — мы да працы павінны далучаць усіх сябраў КРДС".

Сябры Каардыцыйнай рады ўхвалілі папярэдні плян мерапрыемстваў, прысьвечаных 15-й гадавіне Чарнобыльскай трагедыі.

Паводле гэтага пляну, ніякага дазволу на акцыю арганізатары ў менскіх уладаў прасіць ня будуць. Людзі проста зьбяруцца 26 красавіка на пляцы Волі, дзе адбудзецца гадзіна смутку. У каталіцкім і праваслаўным Катэдральных саборах у гэты ж час пройдуць набажэнствы па ахвярах трагедыі. Пасьля ўдзельнікі акцыі накіруюцца да Дому ўраду, каб перадаць уладам зварот з патрабаваньнем выконваць праграму ліквідацыі наступстваў Чарнобыля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG