Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛ КАСТЭНКА: СУПРАЦЬПАВЕТРАНАЙ АБАРОНАЙ БЕЛАРУСІ НІКОЛІ НЯ БУДУЦЬ КІРАВАЦЬ РАСЕЙСКІЯ ГЕНЭРАЛЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня камандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі генэрал Валер Кастэнка, выступаючы перад журналістамі, сказаў, што гэты год будзе напружаным для беларускіх зэнітчыкаў.

Заплянавалі чатыры вучэньні, адно зь іх — на Палескім палігоне — скончылася днямі. Генэрал заявіў, што на гэтых манэўрах беларускія зэнітчыкі выканалі стрэльбы ракетамі клясу "зямля-паветра" на "выдатна" — трапілі ў 9 з 10 мішэняў.

5 красавіка беларускія зэнітчыкі бяруць удзел у сумесных штабных манэўрах сілаў супрацьпаветранай абароны краінаў СНД. У ліпені ракетчыкі зь Беларусі будуць страляць на палігоне пад расейскай Чытой. Яшчэ празь месяц, у жніўні, два дывізыёны зэнітчыкаў паедуць пад Калінінград, дзе будуць страляць па мішэнях, што імітуюць НАТОўскія крылатыя ракеты.

Генэрал Кастэнка пагадзіўся, што гэтая праграма складзеная з улікам баёў паміж паветранымі сіламі НАТО і супрацьпаветранымі сіламі Югаславіі . Кастэнка перакананы, што, калі б югаслаўская абарона была мацнейшая, Мілошавіч і сёньня быў бы пры ўладзе.

Пры гэтым В.Кастэнка зазначыў, што паездка беларускіх зэнітчыкаў пад Чыту будзе аплочаная з расейскага бюджэту.

Генэрал не ўдакладніў, дзеля чаго рыхтуецца такая моцная абарона, аднак запэўніў, што абараняцца Беларусь зьбіраецца не ад краінаў НАТО:

(Кастэнка: ) "Мы з НАТО ваяваць не зьбіраемся, мы з НАТО павінны сябраваць. Але НАТО стваралася дзеля чаго? Каб сябе абараняць. А досьвед Югаславіі цяпер даказвае, што ў НАТО ўзялі прынцып перамогі без сутыкненьня войскаў, а толькі праз удары авіяцыяй ды ракетамі. Вось чаму й мы павінны рыхтаваць свае сілы для абароны ад такіх сродкаў нападу".

Паводле генэрала Кастэнкі, прыклад Югаславіі дапамог зрабіць важныя высновы. Зь іх галоўная тая, што сыстэма супрацьпаветранай абароны павінна абараняць ня толькі войска, але і ўсю краіну. І падпарадкоўвацца яна мусіць кіраўніцтву краіны, а не аб'яднанаму штабу саюзьнікаў.

Валер Кастэнка запэўніў, што ніколі супрацьпаветранымі сіламі Беларусі ня будуць кіраваць расейскія генэралы:

(Кастэнка: ) "Сувэрэнітэт краіны ў гэтай сфэры непарушны".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG