Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЯЛЯЦКІ ДАСТАЎ 10 СУТАК АРЫШТУ Ў ТУРМЕ НА АКРЭСЬЦІНА. БЕЛЕНЬКІ ПАКУЛЬ НА ВОЛІ.


Любоў Лунёва, Менск

У судзе Алесь Бяляцкі не пагадзіўся са сьведчаньнямі супрацоўнікаў міліцыі наконт таго, што ён быў арганізатарам апазыцыйнай акцыі. Ісьці наперадзе калёны, несьці ў руках мегафон і выступаць на мітынгу, паводле словаў Алеся Бяляцкага, ня ёсьць доказам арганізацыйнай ролі.

Сьведкамі на судзе выступалі апэратыўнік аддзелу ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Павал Цыганкоў, намесьнік начальніка Савецкага РАУСу Ўладзімер Леановіч, начальнік Цэнтральнага РАУСу Вячаслаў Дубаневіч і ягоны намесьнік Аляксандар Барсукоў. Яны настойвалі на тым, што Бяляцкі быў адным з арганізатараў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Пасьля прагляду апэратыўнай відэастужкі судзьдзя Вера Паўлючук амаль тры гадзіны выносіла пастанову – дзесяць сутак арышту з адбыцьцём пакараньня ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Я лічу, што гэты прысуд несправядлівы, але сыходзячы з сёньняшняй сытуацыі ў дзяржаве чакаць нечага іншага ад нашых судоў не выпадае. І вось гэтыя даволі жорсткія прысуды па 25 сакавіка сьведчаць пра тое, што ўлады спрабуюць напалохаць людзей, зьбіць хвалю актыўнага веснавога пратэсту, якая зараз уздымаецца. Я спадзяюся, што гэта ім ня ўдасца. Я падкрэсьліваю, што паказаньні працаўнікоў міліцыі не адпавядалі рэчаіснасьці, былі вельмі расплывістыя. Яны казалі, што я йшоў зь мегафонам, але ніхто канкрэтна ня бачыў, што я штосьці гаварыў у гэты мегафон”.

Так адкамэнтаваў судовы прысуд Алесь Бяляцкі ў судовай залі Цэнтральнага суду.

У той час, калі судзьдзя Паўлючук чытала прысуд Алесю Бяляцкаму, судзьдзя Натальля Вайцяховіч пачала судзіць Юрася Беленькага. Гэты працэс сёньня ня скончыўся – ён працягнецца заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG