Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: 25 САКАВІКА – САМАЯ ЗНАЧНАЯ ПАДЗЕЯ Ў НАШАЙ ГІСТОРЫІ


Васіль Быкаў

У вялікім гістарычным часе воляю скрушнага лёсу сталася так, што беларусы больш страцілі, чым набылі. Нават і ў сучасным постіндустрыяльным сьвеце, у якім шмат якія постіндустрыяльныя нацыі адно раськвітнелі, набылі незалежнасьць, дамагліся дэмакратычнага ладу і эканамічных даброт, мы ж і ў пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыстовага ня можам нават ажыцьцявіць сваю паўнавартасную самаідэнтыфікацыю.

Знакаміты акт 25 сакавіка 1918 года – самая значная падзея ў нашай гісторыі, у якой засяродзілася ці ня ўся сутнасьць нашай нацыянальнай ідэі. З вышыні мінулага часу добра ўжо відаць, што нават мала важна тое, ці дасягнутая заяўленая мэта. Для нас ня меней важна, што яна была заяўленая – рашуча, па-дзяржаўнаму, на ўсю Беларусь і на ўвесь сьвет. Тыя, што вартыя яе былі пачуць, – пачулі, для іншых жа яна засталася без карысьці. З тае пары стала зразумела, што менавіта гэтая мэта ёсьць ключом да нацыянальнага шчасьця і дабрабыту, што асабліва важнае ў наш лібэральны век.

Колькі будзе жыць нацыя, столькі будзе памятаць герояў 25 сакавіка, яго шараговых чыньнікаў. І незалежна ад таго, ці хутка мы даможамся тагачасных мэтаў. А калі і не даможамся нават, дык мець тое на мэце тым болей важна заўсёды.

Таму: жыве Беларусь! – гукаю я сёньня разам з тымі, хто пад бел-чырвона-белым сьцягам абараняе на беларускай зямлі галоўнае права свабоды і незалежнасьці. Вам, дарагія мае землякі, гонар і слава!


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG