Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ ВОЛІ ПРОЙДЗЕ МІРНА


Віталь Цыганкоў, Менск

У пятніцу ўвечары Нацыянальны арганізацыйны камітэт сьвяткаваньня Дня Волі правёў паседжаньне напярэдадні акцыі. Аргкамітэт заслухаў інфармацыю аб перамовах з кіраўніцтвам менскай гарадзкой міліцыі.

Гаворыць адзін зь сяброў аргкамітэту, намесьнік старшыні Сойму БНФ Віктар Івашкевіч, які ўдзельнічаў у перамовах з прадстаўнікамі праваахоўчых органаў:

(Івашкевіч: ) "Яны сказалі, што будуць выконваць рашэньне выканкаму, але біцца ня хочуць. Таму дамовіліся, што мы пройдзем зь Юбілейнай плошчы на плошчу Свабоды (не перакрываючы руху транспарту), там будзе сьвяткаваньне. Разганяць ня будуць, хапуна ня будзе.

Па сканчэньні арганізатарам дадуць позвы ў суд, і суд будзе разглядаць правапарушэньне пра несанкцыянаванае правядзеньне шэсьця й мітынгу. Шараговых жа ўдзельнікаў ня будуць ні арыштоўваць, ні разганяць, усё мусіць быць мірна.

Мы задаволеныя гэткімі вынікамі, бо раней былі размовы пра леташні варыянт 25 сакавіка — з унутранымі войскамі і так далей".

Тымчасам маці й жонкі вядомых беларускіх палітыкаў прынялі зварот, у якім заклікалі ўлады не рабіць 25 сакавіка правакацыяў.

Зьвяртаючыся да міліцыі ды іншых ахоўнікаў парадку, беларускія жанчыны пішуць: "Не чыніце гвалту, не дазваляйце нікому рабіць з вас катаў свайго народу". Зварот падпісалі Арына Вячорка, Зінаіда Ганчар, Людміла Карпенка, Зоя Кудзінава, Ядзьвіга Лабковіч, Тацяна Севярынец, Юлія Чыгір ды іншыя.

"Мы нікому не дазволім зьневажаць нашыя сьвяты, нашыя звычаі, нашу памяць. Ніхто ня можа забараніць сьвята, якое далі нам народ, гісторыя, Бог", — заяўляюць беларускія маці ды жонкі.

Адна з падпісантак гэтага звароту, Сьвятлана Лябедзька, адказвае, ці паўплывае зварот беларускіх жанчын на паводзіны праваахоўчых органаў 25 сакавіка:

(Лябедзька: ) "Ня думаю, каб прыслухаліся да гэтага звароту. Хацелася б, каб усё было добра, не было правакацыяў. Але час расставіць усё па сваіх месцах. Я сама пайду на Юбілейную плошчу з сынам, яму 15 гадоў, мы ня раз былі на гэткіх акцыях".

У пятніцу ў Менску мінакам раздавалі спэцвыпуск газэты "25 Сакавіка — Дзень Волі. Сьвята беларускай дзяржаўнасьці". Паводле некаторых зьвестак, раздалі больш як 100 000 асобнікаў гэтага выданьня. Але ўвогуле інфармаваньне пра гэтую падзею запозьненае, і таму арганізатары не разьлічваюць на масавасьць.

Акрамя таго, каля 2 000 маладых людзей, сярод якіх нямала актывістаў дэмакратычнага руху, зьехалі ў Кіеў падтрымаць футбалістаў нацыянальнай зборнай Беларусі, якія гуляюць сёньня з камандай Украіны. Тым ня менш, арганізатары спадзяюцца, што на мітынг і шэсьце ў Менску прыйдзе каля 5 000 чалавек.

Нагадаем, што акцыя пачнецца 25 сакавіка а 14-й гадзіне на Юбілейнай плошчы.

Гадавіна БНР будзе адзначацца і ў некаторых іншых гарадох Беларусі. Баранавічы — адзінае месца, дзе сьвяткаваньне Дня Волі дазволілі мясцовыя ўлады. А ў Горадні пройдзе недазволеная акцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG