Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адказныя супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Пэрнэл і Грэг Пэрэт, якія на гэтым тыдні наведалі Менск, сустрэліся ня толькі з афіцыйнымі беларускімі асобамі, але й са сваякамі зьніклых апазыцыянэраў ды тых, каго на Захадзе лічаць палітычнымі вязьнямі рэжыму ў Беларусі.

Тацяна Леановіч, жонка дэпутата Андрэя Клімава, якая брала ўдзел у сустрэчы з уплывовымі амэрыканцамі, задаволеная, што ЗША не зьмянілі свайго стаўленьня да зьнікненьняў і судовых рэпрэсіяў апазыцыі ў Беларусі.

(Леановіч: ) "Нас запэўнілі, што іхная пазыцыя нязьменная, што б ні казала пра гэта афіцыйная беларуская прапаганда — застаюцца чатыры ўмовы, сярод якіх патрабаваньне вызваліць Клімава й знайсьці чатырох зьніклых".

Нагадаю, заходнія палітыкі ня раз адзначалі, што пакуль ніводнай з умоваў ня выканалі, таму ўсе яны актуальныя. Афіцыйная ж беларуская прапаганда нядаўна пачала даводзіць, што нібыта Захад ужо не выстаўляе ранейшых патрабаваньняў. Цяпер ведаем, што тыя зьвесткі несапраўдныя.

Чатыры ўмовы — сярод якіх патрабаваньне вызваліць палітычных вязьняў і высьветліць лёс зьніклых Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага — па-ранейшаму актуальныя, пацьвердзілі ў Менску адказныя супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Пэрнэл і Грэг Пэрэт.

Некаторыя ж прадстаўнікі расейскага ўраду маюць іншую пазыцыю што да зьніклых беларускіх апазыцыянэраў.

Так, гэтым тыднем намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Ўладзімер Казлоў наведаў Менск. Журналісты пацікавіліся ў яго расьсьледаваньнем справы апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, і расейскі міліцыянт быў шчыры: аказваецца, яму ня раілі выказвацца на гэтую тэму.

Гэткі загад нібыта даў яму міністар Уладзімер Рушайла. Уладзімер Казлоў патлумачыў тое памкненьнем не замінаць працы беларускіх калегаў. Намесьнік міністра прызнаў, што пэўныя дзеяньні ў справе Завадзкага расейскія сьледчыя праводзілі, але не ўдакладніў, якія.

Даволі цікавая навіна прыйшла з Мышкавічаў Кіраўскага раёну, дзе па выхадзе з калёніі ўжо больш за год жыве былы старшыня акцыянэрнага таварыства "Расьсьвет" Васіль Старавойтаў. Вядомы старшыня пачаў быў пісаць кнігу ўспамінаў.

Калі я патэлефанаваў Старавойтаву, каб высьветліць падрабязнасьці, аказалася, што Старавойтаў ужо адмовіўся ад той ідэі. Ён сапраўды думаў напісаць мэмуары, але празь некалькі дзён спыніўся. Кажа, ня хоча карыстацца эзопавай мовай, а інакш не выходзіць — калі занатуе ўсё, што думае, яму ды ўсім расьсьветаўцам таго не даруюць.

Да таго ж Васіль Старавойтаў яшчэ ня вельмі добра сябе адчувае, каб напісаць кнігу. Таксама 70-гадоваму Старавойтаву прыйдзецца шмат сілаў пакласьці на аднаўленьне прыватнага архіву. "Усе мае паперы сканфіскавалі. Нічога не вярнулі. Трэба хоць што аднавіць", — сказаў Васіль Старавойтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG