Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЬБАНСКІЯ ПАЎСТАНЦЫ АДРЫНУЛІ ЎЛЬТЫМАТУМ УЛАДАЎ МАКЕДОНІІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Мы маем высокі маральны дух, вялікую колькасьць боезапасаў і невялікія страты,” – цытуе кіраўніка альбанскіх паўстанцаў New York Times.

Наступ македонскіх сілаў у раёне Тэтава стварыў напружаную сытуацыю ў кааліцыйным кіраўніцтве краіны. Лідэр найбольшай альбанскай партыі Альбэн Ксхафэры нават зьбіраўся пакінуць урад, у якім дамінуюць македонцы – славяне.

Ксхафэры сказаў, што ягоная партыя выйшла б з кіраўніцтва, калі б у выніку апэрацыі супраць паўстанцаў пацярпела цывільнае насельніцтва, альбо калі б урад абраў “югаслаўскі сцэнар вайны” з актыўным ужываньнем гарматніцы супраць неваенных аб’ектаў.

Паводле Ксхафэры, ягоная партыя адхіленая ад прыняцьця пастановаў адносна сытуацыі з паўстанцамі, але яна выступае супраць ваеннай апэрацыі.

У той самы час Ксхафэры крытыкаваў паўстанцаў за ўжываньне сілы і вітаў падпісанае сёньня альбанскімі партыямі пагадненьне пра неўжываньне сілы. Ён заклікаў паўстанцаў скласьці зброю і прапанаваў насельніцтву выбраць мір. Інакш вайна можа ахапіць усе Бальканы – піша New York Times.

Ніводны ўрад краінаў НАТА не адгукнуўся на тэрміновыя запыты ад сваіх вайскоўцаў, а таксама ад ураду Македоніі павялічыць вайсковую прысутнасьць у Косаве – піша сёньняшняя Guardian. Македонія чакала ад міжнародных сілаў узмацненьня кантролю македонска-косаўскай мяжы, каб перакрыць каналы забесьпячэньня паўстанцаў.

“Альбанскія паўстанцы, – піша газэта, – цьвердзяць, што яны змагаюцца за павелічэньне правоў для этнічнай альбанскай абшчыны Македоніі. Але славяне-македонцы цьвердзяць, што паўстанцы – сэпаратысты, якія шукаюць магчымасьці аб’янацца з косаўскімі суайчыньнікамі.

Сёньня кіраўнік бясьпекі Эўразьвязу Гаўер Саляна наведаў сталіцу Македоніі Скоп’е, каб падтрымаць урад краіны, – паведамляе New York Times. У часе сустрэчы з македонскім кіраўніцтвам Саляна сказаў:

(Саляна: ) “Я думаю, што ў гэтым спэцыфічным выпадку перамовы з тэрарыстамі – гэта памылка, і мы не рэкамэндуем перамоваў.

Мы рэкамэндуем каб палітычныя партыі этнічных альбанцаў працягвалі працаваць ва ўстановах і ўрадзе незалежна ад сытуацыі. Але ніхто ня мусіць пачынаць перамовы з тэрарыстамі. Тэрарысты мусяць быць ізаляваныя”.

Злучаныя Штаты пакуль што не бяруць актыўнага ўдзелу ў македонскіх падзеях. Але сёньняшняя Washington Post піша пра бальканскія ўрокі мінулага дзесяцігодзьдзя для ЗША. “Стабільнасьць паўднёва-ўсходняй Эўропы ў сфэры важнейшых інтарэсаў Злучаных Штатаў і ў спробе дасягнуць гэтай стабільнасьці няма ніякай іншай дарогі, апрача беспасярэдняга ўдзелу ЗША ў бальканскіх падзеях. Дзьве папярэднія адміністрацыі краіны вывучылі тыя цяжкія ўрокі і адміністрацыі Буша не давядзецца быць трэйцяй,” – піша Washington Post.

Тым часам з Македоніі паступаюць зьвесткі пра ўцекачоў з зоны канфлікту. Паводле газэты New York Times, больш як 3 тысячы этнічных альбанцаў перайшлі з Македоніі ў Альбанію і Сэрбію, і больш як 7 тысячаў этнічных альбанцаў і славянаў-македонцаў з зоны канфлікту знаходзяцца ў іншых частках Македоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG