Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ПРЫБАЛТЫЙСКІЯ КРАІНЫ МОГУЦЬ ВЕЛЬМІ ХУТКА СТАЦЬ СЯБРАМІ НАТА


Мікола Іваноў, Прага

Колін Паўэл удзельнічаў у дыскусіі на гэтую тэму ў амэрыканскім сэнаце. Гаворачы пра пляны пашырэньня НАТА, амэрыканскі дзяржаўны сакратар падкрэсьліў, што Расея ня будзе мець права вэта ў справе пашырэньня Паўночна-Атлянтычнага альянсу.

На сёньняшні дзень наступныя краіны выказалі сваю глыбокую зацікаўленасьць далучэньнем да НАТА: Латвія, Літва, Эстонія, Славаччына, Славенія, Румынія, Баўгарыя, Альбанія і Македонія. Гаворачы пра пэрспэктывы іх сяброўства ў НАТА, Паўэл падкрэсьліў:

(Паўэл: ) “Пытаньне пашырэньне будзе вырашанае на Праскім саміце НАТА, які адбудзецца пад канец наступнага 2002 году. На сёлетнім саміце НАТА ў Будапэшце, што адбудзецца ўвесну, усе краіны-сябры НАТА зробяць справаздачу аб тым, што яны думаюць пра тыя 9 краінаў, якія актыўна імкнуцца ў НАТА. Будзе абмеркаваны стан іх эканамічнага разьвіцьця, дэмакратычныя ды іншыя дасягненьні, неабходныя для таго, каб быць сябрам НАТА, а таксама як яны могуць садзейнічаць умацаваньню саюзу. Я думаю, што тры прыбалтыйскія краіны дасягнулі ў гэтым прагрэс”.

Расея рэзка выступае супроць пашырэньня НАТА, асабліва супроць сяброўства прыбалтыйскіх дзяржаваў. Паўэл у адказ на гэта сьцьвердзіў учора, што любое пашырэньне НАТА будзе пастановай выключна самой арганізацыі. Ніхто ня будзе вырашаць за НАТА.

(Паўэл: ) “Мы прытрымліваемся думкі, што Расеі ня будзе дазволена скарыстаць з права вэта. Справа будзе вырашаная самім НАТА на падставе крытэрыяў арганізацыі НАТА”.

Упершыню Колін Паэўл пасьля ўступленьня на пасаду галоўнага амэрыканскага дыплямата адкрыта заявіў пра імкненьні балтыйскіх дзяржаваў далучыцца да НАТА. Прыбалтыйскія краіны занепакоеныя тым, што адміністрацыя прэзыдэнта Буша можа саступіць расейскаму націску і адтэрмінаваць пашырэньне.

Між тым, тры прыбалтыйскія краіны імкнуцца супольнымі сіламі змусіць прэзыдэнта Буша паскорыць працэс іх уступленьня ў НАТА. Падчас свайго афіцыйнага візыту ў Вільню прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрайберга заявіла, што прэзыдэнты ўсіх трох прыбалтыйскіх краінаў паспрабуюць растлумачыць сваю агульную пазыцыю падчас візытаў у Вашынгтон.

Прэзыдэнт Літвы Вальдас Адамкус таксама пацьвердзіў рашучасьць усіх трох краінаў далучыцца да НАТА.

Старшыня камісіі замежных справаў амэрыканскага Сэнату, сэнатар Джэсі Гэлмс заявіў у студзені, што ён паспрабуе пераканаць Буша падтрымаць сяброўства Латвіі, Літвы і Эстоніі ў НАТА ўжо ў 2002 годзе.

Гэлмс лічыць, што сяброўства прыбалтыйскіх краінаў у НАТА адпавядае амэрыканскім нацыянальным інтарэсам і значна павялічыць стан бясьпекі трох прыбалтыйскіх краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG