Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД БЕЛАРУСІ ПРАДАЕ МЕНСКІ БРОВАР “КРЫНІЦА” ПІЦЕРСКАЙ “БАЛТЫЦЫ”


Ігар Карней, Менск

Гэта стала вядома сёньня пасьля перамоваў прэзыдэнта “Балтыкі” Таймураза Балоева з прэм’ер-міністрам Уладзімерам Ярмошыным і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам.

Візыт кіраўніка аднаго з самых буйных расейскіх бровараў у Менск праходзіў у атмасфэры сакрэтнасьці. Станоўчы вынік перамоваў меў на ўвазе падпісаньне пагадненьня пра інвэстыцыі ў галіну ня меней за 50 мільёнаў даляраў. Так шмат Беларусі не давалі ўжо даўно. Прэсавы сакратар Таймураза Балоева Людміла Фамічова паведаміла Радыё Свабода:

(Фамічова: ) “Сёньня Балоеў сустракаўся з Лукашэнкам; замест пратакольных 40 хвілінаў гаварылі паўтары гадзіны. Прынялі рашэньне стварыць рабочую групу, якая будзе займацца інвэстыцыямі “Балтыкі” ў піваварчую галіну Беларусі.

На першым этапе будзе выдаткавана 25 мільёнаў даляраў. На другім — яшчэ столькі ж, калі, вядома, усё нармальна пойдзе”.

На самой “Крыніцы” да навіны паставіліся даволі спакойна. Прэсавы сакратар Аляксандар Ліманоўскі заўважыў, што ў гэтым выпадку ад кіраўніцтва “Крыніцы” практычна нічога не залежыць: 90% акцыяў прадпрыемства належыць дзяржаве.

Дырэктар бровару Ўладзімер Бадроў яшчэ летась адмоўна выказаўся наконт эканамічнай інтэграцыі з “Балтыкай”, матывуючы гэта тым, што адбудзецца паглынаньне слабога моцным.

Аднак чынавенства гэта не палохае. Да таго ж, прыход новых гаспадароў суправаджаецца кадравым ператрусам. Вось што, у прыватнасьці, зазначыў прэсавы сакратар “Крыніцы” Аляксандар Ліманоўскі:

(Ліманоўскі: ) "Адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое магло іх цікавіць — гэта, вядома, наша. Тут, відавочна, проста супалі інтарэсы. Навошта дзяржаве 90% акцыяў, калі яны не прыносяць ні капейкі прыбытку? Інвэстыцыі патрэбныя так ці інакш, а Санкт-Пецярбург прапануе 50 мільёнаў даляраў. У студзені дзеля гэтага мы й зарэгістраваліся як адкрытае акцыянэрнае таварыства".

Цяпер разам са сваімі даччынымі фірмамі ў Расеі “Балтыка” варыць мільярд літраў піва на год. Патрэбы Беларусі — прыкладна 30 мільёнаў літраў. Магутнасьці “Крыніцы” дагэтуль не перавышалі 7 мільёнаў літраў.

Відавочна, што пераабсталяваньне “Крыніцы” й нарошчваньне вытворчых магутнасьцяў прывядзе да таго, што па часе паўстане пытаньне закрыцьця дзясяткаў неканкурэнтаздольных беларускіх бровараў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG