Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛ ПАВАЛ КАЗЛОЎСКІ ЗАЯВІЎ ПРА СВОЙ НАМЕР УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ


Уладзімер Глод, Менск

(Казлоўскі: ) "Сёньня я вырашыў афіцыйна заявіць пра тое, што буду ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах сёлета. Чаму менавіта сёньня? Гэты дзень дарагі мне, таму што многія гады я прысьвяціў абароне сваёй айчыны — калісьці савецкай, а цяпер роднай Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Што падштурхнула вас да ўдзелу ў выбарах?"

(Казлоўскі: ) "Паўплывала тое, што людзі нашай дзяржавы жывуць у галечы. Усе хочуць пераменаў, якія далі б нам жыць па-эўрапейску, у багатым доме, Беларусь мусяць паважаць другія дзяржавы.

Гэта могуць зрабіць толькі прафэсіяналы, якія сёньня аб'ядноўваюцца дзеля гэтай мэты. Я ўпэўнены, што перамога будзе за прафэсіяналамі, якія выступяць разам. Народ падтрымае іх", — кажа генэрал Павал Казлоўскі.

Павал Казлоўскі нарадзіўся ў 1942-м годзе ў вёсцы Валкоўня Пружанскага раёну. Ён прафэсійны вайсковец і прайшоў шлях ад камандзіра ўзводу да першага міністра абароны Рэспублікі Беларусі. Пасьля адстаўкі ўраду Вячаслава Кебіча займаўся грамадзкай працай і цяпер узначальвае “Міжнародны фонд рэабілітацыі здароўя былых вайскоўцаў”.

Сёньня, адказваючы на пытаньні журналістаў, генэрал сказаў, што згодны працаваць у камандзе адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад шырокай кааліцыі. Але, на ягоны погляд, такая асоба павінна быць названая толькі пасьля заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта.

Сярод тых, хто быў сёньня побач з генэралам Казлоўскім, заўважылі дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня генэрала Яўгена Бачарова (паводле некаторых зьвестак, ён узначальвае штаб кандыдата на прэзыдэнта), старшыню Камісіі па сродках масавай інфармацыі пры прэзыдыюме ВС 13 скліканьня Ўладзімера Нісьцюка, былога рэдактара “Народнай газеты” Мікалая Галка ды іншых.

Сп. Казлоўскі заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, нягледзячы ні на што. Ён паведаміў, што ўчора яго ўжо выклікалі ў Вайсковую пракуратуру Беларусі. Як ён зразумеў, там спрабуюць рэанімаваць справу васьмігадовай даўніны, да якой ён нібыта меў дачыненьне — пра продаж мэталу для вытворчасьці танкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG