Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫСУД У СПРАВЕ ПАЗОВУ КХП БНФ ДА МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ БУДЗЕ ВЫНЕСЕНЫ Ў ПЯТНІЦУ


Ігар Карней, Менск

Прысутныя на судзе намесьнікі Зянона Пазьняка дамагаліся, каб суд пазбавіў БНФ “Адраджэньне” афіцыйнай рэгістрацыі на падставе “гістарычнага разьвіцьця Беларускага Народнага Фронту”. Канчатковае рашэньне будзе ў пятніцу 23 лютага.

Адзін з намесьнікаў Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ Юрась Беленькі падмацаваў скаргу тым, што рэгістрацыя год таму ў Міністэрстве юстыцыі грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” нібыта супярэчыць заканадаўству на падставе артыкулу, які забараняе выкарыстаньне назоваў, што ўжо існуюць.

У заяве спадара Беленькага гаворыцца, што яшчэ 10 гадоў таму Міністэрства юстыцыі зарэгістравала грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка й апошняя перарэгістрацыя была ў 1999 годзе, а таму рэгістрацыя ў лютым 2000 году аднайменнага аб’яднаньня, на ягоную думку, не адпавядае закону.

Аднак на сёньняшнім паседжаньні судзьдзі, відавочна, не прыслухаліся да гэтых аргумэнтаў. Нягледзячы на тое, што канчатковае рашэньне будзе толькі ў пятніцу, у спрыяльны для КХП БНФ вырак ня надта верыць нават сам спадар Беленькі.

(Беленькі: ) "Зачыталі: спыніць вытворчасьць справы, а якое рашэньне — мы ня ведаем. Але само паседжаньне нас пераканала, што суд, Мінюст і групы Вячоркі гуляюць разам".

(Карэспандэнт: ) "Вы думаеце, яны разам?"

(Беленькі: ) "Гэта ж бачна па характары пытаньняў, якія задавалі нам ды ім. Абсалютна несумненна, што Пазьняк абраны большасьцю галасоў — бо згодна з тымі ж нормамі ў Беларусі адбылся выбары ў мясцовыя органы кіраваньня і ў Нацыянальны Сход. Мінюст гэта прызнаў.

І раптам Мінюст нечакана выдае дублікат пасьведчаньня іншай арганізацыі. І толькі праз пэўны час гэтыя людзі ад імя Вячоркі кажуць, што пасьведчаньне страцілі — настолькі ўлады сьпяшаліся зрабіць гэтую справу, што нават не заўважылі, якія нелягічныя іхныя дзеяньні.

Палата прыняла рашэньне забараніць слова "народны" толькі супраць нас, няма сумневаў, менавіта супраць Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне".

(Карэспандэнт: ) "Што будзеце рабіць далей?"

(Беленькі: ) "У пятніцу мы атрымаем афіцыйнае рашэньне і наладзім прэсавую канфэрэнцыю".

Іншы бок не хавае задавальненьня папярэднімі вынікамі. Юрыст БНФ “Адраджэньне” Ўладзімер Лабковіч, які прысутнічаў на судовым паседжаньні ад імя аб’яднаньня, камэнтуе сытуацыю наступным чынам:

(Лабковіч: ) "Мы цалкам задаволеныя рашэньнем суда. Іншы бок мо не задаволены, дык яны маюць законнае права абскардзіць рашэньне суда на пленуме, прэзыдыюме Вышэйшага гаспадарчага суда, у Генэральнай пракуратуры. Ці пажадаюць там разглядаць іхную справу, ня ведаю.

Гэта мы прапанавалі спыніць разгляд справы, выклала гэтую прапанову Галіна Георгіеўна Сіндзянава, прадстаўніца нашай арганізацыі ў судзе. Суд прыслухаўся да нашай просьбы.

З нашага боку пакуль ніякіх захадаў ня будзе. Будзем працаваць — прэзыдэнцкая кампанія хутка, наша юрыдычная камісія ладзіць шэраг сэмінараў, во гэтым будзем займацца".

(Карэспандэнт: ) "Як, на ваш погляд, будзе ўсё ж падзелены спрэчны назоў “БНФ Адраджэньне”? Адмаўляцца ад яго, відаць, не зьбіраецца ніводны з бакоў?"

(Лабковіч: ) "КХП — гэта ж новая партыя, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя, хай яны гэтак і называюцца. Пасьля рашэньня суда відавочна, што права называцца БНФ "Адраджэньне", насіць назву Беларускі Народны Фронт мае права наша арганізацыя. Гэтак падае суд", — паведаміў юрыст грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Ўладзімер Лабковіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG