Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ АДМІНІСТРАЦЫЯ ПРЭЗЫДЭНТА ЗАСАКРЭЦІЛА ВЫНІКІ САЦЫЯЛЯГІЧНАГА АПЫТАНЬНЯ…


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Побач – вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага на замову адміністрацыі прэзыдэнта і адразу засакрэчанага. Чаму? Таму, што навукоўцы, ляяльныя да ўлады, зафіксавалі абвальнае падзеньне рэйтынгаў ўсіх дзяржаўных інстытутаў: прэзыдэнта, саўміна, нацыянальнага сходу, канстытуцыйнага суду і іншых. Рэйтынг Лукашэнкі на пряцягу мінулага году зьнізіўся з 47% да 30, а ў Мінску – зусім да 14%. Больш за 40% апытаных заяўляюць, што не прагаласуюць за Лукашэнку ні пры якіх абставінах. Найбольш папулярныя сёньня лёзунгі ў выбаршчыкаў – гэта “сацыяльная абарона насельніцтва”, “барацьба са злачыннасьцю”, “правядзеньне эканамічных рэформаў”. Нагадваем: газэта “Рабочы” цытуе на першай паласе вынікі сацыялягічных апытанняў, засакрэчаных уладамі. І далей абмяркоўвае сытуацыю ў краіне.

Кіраўнікі партыяў, экспэрты, сацыёлягі Лябедзька, Вячорка, Данэйка, Пліска, Вардамацкі і Манаеў на паласе “Цяжкі шлях да выбараў” кажуць практычна адно і тое ж: прэзыдэнту выбары не патрэбныя, яго справа – утрымацца на “троне”, а апазыцыя павінна вельмі рэальна ацэньваць абстаноўку, згуртавацца ў каманду, падыйсьці да справы выбараў прафэсійна.

Сваю другую старонку газэта традыцыйна аддае прафсаюзным справам.

На трэцяй чытач з цікавасьцю прачытае матэрыял журналіста Натальлі Валакіда “Пытацца пра здароўе прэзыдэнта стала небясьпечна”. Нагадаем: 16 студзеня ў Барысаве адбыўся несанкцыянаваны пікет. Мясцовыя сацыял-демакраты выйшлі на цэнтральную плошчу гораду з патрабаваньнем псыхіятрычнага абсьледаваньня Лукашэнкі. І вось зараз удзельнікі пікету церпяць ад уладаў, пракуратура ўзбудзіла ў адносінах да іх крымінальную справу “за зьнявагу прэзыдэнта”. Але патрабаваньне выявіць стан здароўя – не зьнявага, і ўвогуле артыкул 368 аб зьнявазе прэзыдэнта – антыканстытуцыйны,– тлуачыць газэа. Бо ў кнстытуцыі сказана, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам.

Тэму працягвае артыкул “А калі б у нас быў суд прысяжных?” Гаворка ідзе пра недакладнасьць судовага разбору адной аршанскай крымінальнай справы, у выніку чаго быў асуджаны падлетак, сірата. Прыгавор ня проста жорсткі, а бязьлітасны і наўрад ці справядлівы. Артыкул камэнтуе мінскі адвакат, праваабаронца Сяргей Цурко. Ён піша: “Сёньня, калі судзьдзі не выбіраюцца, а прызначаюцца адным чалавекам, калі яны ва ўсім залежаць яд яго і ўжо таму ня могуць быць сапраўднымі арбітрамі, калі адвакаты сталі статыстамі і вельмі часта ня могуць дапамагчы сваім кліентам, у такой сытуацыі мы не набліжаемся да цывілізаваных краінаў, а аддаляемся...” Вынік – патрэбна судовая рэформа як пачатак дэмакратызацыі нашай прававой сыстэмы, патрэбны суд прысяжных. Такі суд быў у праекце новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, але, на жаль, яго выкрасьлілі з праекту. Навошта нашым уладам нейкія прысяжныя?...

Сёмая старонка – гэта “Лісты з мінулага”. Рубрыку вядзе кандыдат гістарычных навук Аляксандар Гужалоўскі. Ён знайшоў у беларускіх архівах лісты, якія ў пасьлеваенныя гады жыхары Беларусі пісалі кіраўнікам СССР і БССР. Дзіўна, сьмешна і балюча сёньня чытаць гэтыя лісты. Пошта ўяўляе цікавейшы зрэз тагачасных чалавечых настрояў – быццам глядзіш у люстэрка і бачыш сябе, але паўвекавой даўніны. Пачытайце гэтыя лісты!

На тэматычнай паласе “Здороўе” чытач знойдзе шмат матэрыялаў наконт медычных справаў, а, калі зазірне ў “Беларускі каляндар” на апошняй старонцы, то прачытае пра тое, як маскоўскі цар Іван Жахлівы ў 1563 годзе захопліваў Полацак.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG